Мінскага маналітчыка асудзілі за Гаюна
Дзмітрый Аўчынка з Мінска — будаўнік, які ставіў фундаменты для дамоў, выхоўваў дзяцей і дзяліўся парадамі па рамонце аўто. Нядаўна мужчыну асудзілі па палітычным артыкуле.
Дзмітрый Аўчынка. Фота з ягонай старонкі ў інстаграм
Дзмітрыю Аўчынку 39 гадоў. Мужчына жыве з жонкай у Мінску, разам гадуюць дзяцей.
Дзмітрый шмат гадоў працуе ў будаўнічай сферы: займаецца буравымі і маналітнымі працамі ў Мінску і ваколіцах. У тыктоку і інстаграме пад назвай «monolit.minsk» ён дзеліцца відэа з працоўных пляцовак і запрашае кліентаў слоганам «Ваша мара — наша выкананне».
Дзмітрый цікавіцца аўтамабілямі. Ён удзельнік суполак аматараў Citroen C4 Picasso. Сам Дзмітрый доўгі час ездзіў на такім аўто і ахвотна дзеліцца парадамі на форумах.
Фота: Jack Jackie Pomi/CC BY-SA 4.0/commons.wikipedia.org
Апошні раз мужчына выкладаў нешта ў сацсетках у снежні 2025 года. Пасля гэтага яго затрымалі і змясцілі ў СІЗА. У гэтым годзе Мінскі гарадскі суд вынес яму прысуд паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». Імаверна, пераслед звязаны са справай Гаюна.
Дзмітрыю прысудзілі хатнюю хімію.
Падрабязнасці справы невядомыя.
«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай.
Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са справай Гаюна.
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Заснавальнік «Гаюна» Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбылася ўцечка інфармацыі, і абвясціў пра закрыццё праекта.
Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны 9594 людзей, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну.
Чытайце таксама:
Мінчанку, якая дапамагала шукаць згубленых жывёл, асудзілі за палітыку