БЕЛ Ł РУС

32‑гадовую вяскоўку з Гомельшчыны асудзілі па некалькіх палітычных артыкулах

14.06.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Надзею Віцікаву з Гомельскай вобласці пакаралі за каментары ў інтэрнэце і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці».

Надзея Віцікава. Фота з яе старонкі Укантакце

Надзеі Віцікавай 32 гады. Яна родам з вялікага аграгарадка Насовічы Добрушскага раёна, але ў розны час таксама пражывала ў Зябраўцы і Прыбытках.

Надзея ў сацсетках пісала пра тое, пра што шмат хто піша: набыткі, тавары з інтэрнэту, касметыка. Беларускі чалавек яна: шмат допісаў і каментароў рабіла на беларускай мове. Ратавала і бяздомных кацянят: шукала гаспадароў для кацянят, якіх людзі былі выкінуўшы на двор.

У нейкі момант яе арыштавалі. Нядаўна Гомельскі абласны суд вынес ёй прысуд адразу па некалькіх палітычных крымінальных артыкулах. Яе асудзілі паводле ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), арт. 369‑1 (дыскрэдытацыя Беларусі), а таксама паводле частак 1 і 2 арт. 361‑4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

Падобна, пераслед звязаны з каментарамі ў інтэрнэце і справай Гаюна. Прысуд ужо ўступіў у законную сілу. Віцікавай прысудзілі хатнюю хімію.

«Экстрэмізмам» улады Беларусі лічаць падпіскі на незалежныя каналы, СМІ, наяўнасць спасылак на іх у сацыяльных сетках ці наяўнасць у сацсетках або на рэчах беларускай нацыянальнай, далукашэнкаўскай сімволікі. Да «экстрэмізму» залічваюць таксама практычна ўсялякую крытыку ўладаў, афіцыйных гістарычных наратываў ці праявы салідарнасці з Украінай.

Шматлікія крымінальныя справы апошняга часу па артыкуле аб «садзейнічанні экстрэмізму» былі звязаныя са «справай Гаюна».

«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.

«Справа Гаюна» пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.

Заснавальнік «Гаюна» Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбылася ўцечка інфармацыі, і абвясціў пра закрыццё праекта. 

Паводле падлікаў аб'яднання сілавікоў «Белпол» і праваабаронцаў, вядомыя імёны 9594 людзей, якія падпалі пад палітычна матываваныя крымінальныя справы. Усяго тыя ці іншыя палітычныя рэпрэсіі (крыміналкі, адміністратыўкі, звальненні, ператрусы) зачапілі каля 500 тысяч беларусаў. Некалькі соцень тысяч людзей вымушаныя былі пакінуць краіну. 

Чытайце таксама:

Маладую бухгалтарку з Калінкавічаў асудзілі за Гаюна

21‑гадовага курсанта Акадэміі авіяцыі асудзілі за Гаюна

65‑гадовага гамельчука асудзілі за спробу дыверсіі на чыгунцы і здраду дзяржаве. Што вядома?

Каментары да артыкула