Нарвегія раскансервуе старыя газавыя радовішчы і пашырыць разведку новых
Урад Нарвегіі абвясціў пра аднаўленне распрацоўкі трох газавых радовішчаў, якія былі закансерваваныя яшчэ ў канцы 1990‑х гадоў, а таксама пра пашырэнне разведкі новых нафтавых і газавых участкаў, піша «Еўрапейская праўда».
Здымак ілюстрацыйны
Прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Сцёрэ паведаміў, што закансерваваныя радовішчы знаходзяцца ў паўднёвай частцы Паўночнага мора. Рашэнне аб іх аднаўленні прынялі на фоне нестабільнай геапалітычнай сітуацыі і росту патрэбы ў энергарэсурсах.
У праект плануецца ўкласці каля 19 мільярдаў нарвежскіх крон (прыкладна 1,7 мільярда еўра). Першая здабыча з іх газу чакаецца ў канцы 2028 года, а ўвогуле эксплуатацыя радовішчаў павінна працягнуцца да 2048 года. Газ плануюць транспартаваць у Германію, а кандэнсат — у Вялікабрытанію.
Паралельна нарвежскі ўрад выставіў на конкурс каля 70 новых участкаў для геалагічнай разведкі на марскім дне. Асаблівасць праекта ў тым, што частка гэтых тэрыторый знаходзіцца даволі блізка да ўзбярэжжа Нарвегіі, што дазволіць хутчэй падключаць новыя рэсурсы да ўжо наяўнай інфраструктуры.
Аналітыкі адзначаюць, што такія крокі сведчаць пра доўгатэрміновую арыентацыю краіны на нафтагазавы сектар. Рашэнні таксама звязваюць з ростам цэн на энерганосьбіты і нестабільнасцю паставак на сусветным рынку.
Чытайце таксама:
У Еўропе энергетычны крызіс. Ці будзе яна зноў купляць нафту і газ у Расіі?
Чаму Мерц так стрымана рэагуе на Трампаў замах на Грэнландыю? Бо Германія найбольш залежная ад ЗША
Еўропа адвыкла ад расійскага газу. Халодная зіма 2026 года ўпершыню абышлася без крызісу