БЕЛ Ł РУС

Беларускіх мам пужаюць успышкай поліяміеліту ў краіне. Ці сапраўды яна ёсць?

3.05.2026 / 08:30

Арына Жураўская

У сацсетках жанчыны абмяркоўваюць, што ім тэлефануюць з паліклінік і настойліва рэкамендуюць зрабіць дзецям прышчэпку ад поліяміеліту раней за графік.

Кагосьці пужаюць тым, быццам у краіне ўспышка гэтай вельмі небяспечнай хваробы (поліяміеліт можа прывесці да паралічу ці нават смерці). Камусьці проста кажуць, што цяпер ёсць добрая французская вакцына, а далей можа быць толькі расійская ды кітайская.

Згодна з нацыянальным планам прышчэпак, у Беларусі дзецям тры прышчэпкі ад поліяміеліту робяць да года, а рэвакцынацыю — у 7 гадоў. Пра тэлефонныя званкі з паліклінік распавядаюць маці дзяцей 2020 года нараджэння — ім зараз 5‑6 гадоў.

Педыятарка і дырэктарка Цэнтра сучаснай педыятрыі ў Мінску Надзея Дубатоўка ў сваім блогу піша, што ўспышкі цяпер няма. А сапраўдная прычына выклікаў у паліклінікі, мяркуе доктарка, — планавая рэвакцынацыя: «Наша краіна, як і ўвесь еўрапейскі рэгіён, з 2002 года афіцыйна сертыфікавана Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя як тэрыторыя, свабодная ад поліяміеліту. Апошні выпадак захворвання, выкліканы мясцовым дзікім вірусам, рэгістраваўся яшчэ ў 1964 годзе».

Педыятарка падкрэслівае, што Беларусь змагла дамагчыся такога высокага статусу ў першую чаргу дзякуючы масавай вакцынацыі. Аднак глабальна вірус працягвае існаваць — і пакуль у свеце ёсць хаця б адно інфікаванае дзіця, рызыка завозу інфекцыі застаецца. Таму планавая рэвакцынацыя — адзіны спосаб захаваць бяспеку ў краіне.

Да 2016 года ў Беларусі выкарыстоўвалі камбінаваную схему: спачатку ўводзілі інактываваную вакцыну, а пасля для рэвакцынацыі выкарыстоўвалі жывую. Але пасля краіна стала выкарыстоўваць толькі інактываваную вакцыну. Гэта зрабілі для таго, каб прадухіліць рэдкія, але патэнцыйна магчымыя ўскладненні ад жывой вакцыны.

Надзея тлумачыць: у выпадку надзвычайнай сітуацыі ў краіне адбылася б экстранная імунізацыя, якая тычылася б усіх дзяцей, а не толькі 5-6-гадовых. Плюс абавязкова праводзіліся б аператыўныя расследаванні ўзнікнення хваробы (як гэта было напачатку з’яўлення кавіду ў Беларусі).

Пры сапраўднай успышцы поліяміеліту дактары тэрмінова пачалі б выкарыстоўваць менавіта жывую вакцыну, бо яна працуе хутчэй і эфектыўней.

Пры гэтым педыятарка кажа: калі зрабіць рэвакцынацыю дзіцяці раней за 7 гадоў, гэта яму не пашкодзіць і ніякіх праблем праз гэта не ўзнікне. Але тэрмінова прышчапляць дзіця неабавязкова — можна чакаць тых самых 7 гадоў.

Некаторыя спецыялісты кажуць, што прычына званкоў банальная. У гэты момант у Беларусі шмат вакцыны ад поліяміеліту, у якой заканчваецца тэрмін прыдатнасці.

Чытайце таксама:

У Англіі ўсплёск захворванняў на менінгіт сярод моладзі. Крыніца — начны клуб

Адзін назальны спрэй супраць грыпу, COVID і пнеўманіі? Вось што распрацавалі навукоўцы

«Не толькі ад грыпу або кавіду». Навукоўцы з ЗША распрацоўваюць універсальную вакцыну ад усіх тыпаў лёгачных інфекцый

У ганконгскага грыпу з'явілася новая разнавіднасць

Каментары да артыкула