БЕЛ Ł РУС

Украінскія ўдары па партах паралізавалі амаль палову расійскага нафтавага экспарту

25.03.2026 / 19:53

Nashaniva.com

Вялікія нафтапарты Расіі на Балтыцы — Прыморск і Усць-Луга — зноў прыпынілі адгрузку нафты пасля другога за тыдзень налёту ўкраінскіх беспілотнікаў, паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на дзве крыніцы ў расійскай нафтавай галіне.

Так апакаліптычна выглядаў газакандэнсатны перапрацоўчы комплекс кампаніі «Новатэк» у порце Усць-Луга пасля ўдару ўкраінскіх дронаў сёння ўначы. Пажар перакінуўся на большую частку комплексу

Порт Усць-Луга, адкуль штодня на экспарт вывозіцца каля 700 тысяч бараляў нафты, пацярпеў ад атакі БПЛА ў мінулую ноч. У выніку ў порце, які акрамя нафты экспартуе таксама нафтапрадукты, вугаль і ўгнаенні, пачаўся пажар, паведаміў губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка.

Адгрузка нафты прыпыненая і ў Прыморску — галоўным нафтапорце на Балтыцы з магутнасцю 1 мільён бараляў у суткі. Там 22 сакавіка таксама быў налёт БПЛА, у выніку якога загарэліся рэзервуары з палівам.

Хоць пасля нядзельнай атакі парты на некаторы час аднавілі працу, нармальна функцыянаваць яны пакуль не могуць з-за пажараў, пашкоджанняў і пагрозы новых налётаў, паведамілі крыніцы Reuters.

Паводле падлікаў агенцтва, зараз паралізавана каля 40% экспартных магутнасцяў Расіі па нафце — гэта прыкладна 2 мільёны бараляў у дзень. Акрамя балтыйскіх партоў, з перабоямі працуе таксама Новарасійскі порт на Чорным моры, які раней у сакавіку пацярпеў ад атакі БПЛА. Ён мае магутнасць каля 700 тысяч бараляў у суткі, але цяпер адстае ад графіка пагрузкі.

З-за прастою балтыйскіх партоў танкеры пачалі збірацца ў моры: па даных MarineTraffic, цяпер не менш за 50 суднаў знаходзяцца ў Фінскім заліве, прызначэнне іх — Прыморск або Усць-Луга. Дым ад пажару ў порце, дзе размешчаныя 33 рэзервуары для паліва аб’ёмам больш за 500 вагонаў-цыстэрнаў, бачны з берагоў Фінляндыі — на дзясяткі кіламетраў уздоўж узбярэжжа заліва, паведамляе выданне Helsingin Sanomat.

Чытайце таксама:

У Ленінградскай вобласці адбылася масіраваная атака дронаў: пажары ў партах і калапс у Пулкаве

Падчас начной атакі ўкраінскіх дронаў у порце Выбарга быў пашкоджаны найноўшы расійскі ледакол

Дроны, якія заляцелі ў Латвію і Эстонію, аказаліся ўкраінскімі

Каментары да артыкула