Што з нерухомасцю ў прапагандыста Рыгора Азаронка?
Рыгор Азаронак — супрацоўнік дзяржканала СТБ і самы адыёзны беларускі тэлевядоўца. Выданне «Люстэрка» вывучыла працоўную біяграфію прапагандыста і інфармацыю пра яго нерухомасць. Здаецца, пакуль яго «выключная стараннасць» не адбілася на матэрыяльным становішчы.
Рыгор Азаронак. Фота: sb.by
Сямейнае гняздо
Паводле інфармацыі крыніц «Люстэрка», ва ўласнасці Рыгора не так шмат нерухомасці. На яго зарэгістраваная толькі адна траціна трохпакаёвай кватэры ў мінскай Малінаўцы на адрасе Слабодская, 117. Яе агульная плошча — 63,4 квадратнага метра.
Дзвюма трацінамі ў гэтай кватэры першапачаткова валодалі таксама бацька і маці прапагандыста. Бацька Рыгора — экс-прапагандыст і чыноўнік Кіраўніцтва спраў Лукашэнкі Юрый Азаронак — памёр у лютым 2025 года.
Пасля смерці Азаронка-старэйшага была адкрытая спадчынная справа, пра правы заявілі спадчыннікі. Імаверна, трохпакаёўка дагэтуль у працэсе пераафармлення, бо некалькі дзеляў пакуль ні на каго не аформленыя, а нябожчык Юрый паводле папер застаецца ўладальнікам невялікай яе часткі.
Шматпавярховік на вуліцы Слабодскай, кватэрай у якой сумесна валодалі Рыгор з бацькамі. Фота: wikimapia.org
Іпатэка на 40 гадоў
Цікава, што на гэтую кватэру аформленая іпатэка. Яе ўзялі яшчэ ў 2016 годзе, тады сума склала каля 374 мільёнаў беларускіх рублёў да дэнамінацыі (эквівалент прыкладна 19 тысяч даляраў паводле актуальнага на той момант курсу).
Іпатэка аформленая на 40 гадоў і дагэтуль не выплачаная. Да поўнай выплаты кошту кватэры ўласнікі не маюць права яе прадаць.
Праваўладальнікам іпатэкі пазначаная адміністрацыя Маскоўскага раёна Мінска. Той факт, што крэдыт афармлялі гарадскія ўлады, а не банк, можа сведчыць, што была выкарыстаная адна са схем ільготнага крэдытавання. Аднак што канкрэтна стала падставай для такога крэдыту — невядома.
Жыў з бацькамі да 27 гадоў
Рыгору цяпер 30 гадоў. Ён застаецца прапісаны ў бацькоўскай кватэры, аднак, відаць, не жыве там. У інтэрв'ю расійскай журналістцы Ксеніі Сабчак Рыгор расказваў, што жыў з бацькамі да 27 гадоў, бо грошай на арэндную кватэру ў яго не было. Атрымаўся такі дыялог:
— Ну і іх (грошай. — Заўв. рэд.) не было. На арэндную кватэру, — тлумачыў Азаронак.
— А на тэлекампаніі вам не плацілі дастаткова? — пацікавілася Сабчак.
— Не, ну заробак плацілі, але… На той момант было недастаткова, так.
— То-бок у вас нейкая асаблівая сувязь з бацькамі?
— Ды ва ўсіх, відаць, мусіць быць нейкая асаблівая сувязь з бацькамі. Безумоўна.
— Не, ну чаму вы так… Не, я ж проста пра вас — мне шчыра цікава. І гэтыя пытанні — яны без падколу. Проста мне праўда цікава: вы дарослы чалавек…
— Ну, я нават не думаў пра гэта. Не было нагоды. Не разважаў пра нейкія сувязі — асабліва, не асабліва і гэтак далей. Проста жыў, і ўсё.
Раён у аграгарадку Ждановічы, дзе, імаверна, жыў Рыгор Азаронак у 2022 годзе. Выява: yandex.by
Мяркуючы са звестак выцеку, у 2022 годзе Рыгор пазначаў у якасці свайго адрасу ўжо не бацькоўскі дом, а іншае месца — шматпавярховік на вуліцы Паркавай у аграгарадку Ждановічы пад Мінскам.
Кім яшчэ ён працаваў?
Згодна з аўтабіяграфіяй прапагандыста, якую «Люстэрка» атрымала з дапамогай арганізацыі Belpol, свой працоўны шлях Азаронак пачынаў даволі сціпла. З 2011 года — яшчэ школьнікам і студэнтам — паспеў папрацаваць дворнікам, падсобным рабочым і вартаўніком.
У 2016‑м Рыгор уладкаваўся педагогам-арганізатарам у 145‑ю сярэднюю школу Мінска. У 2017 годзе ён атрымаў дыплом у Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці «рэжысура кіно і тэлебачання» і пайшоў на тэлеканал СТБ.
Рыгор Азаронак падчас здымак сюжэту пра жніво для тэлеканала СТБ. Мінская вобласць, жнівень 2017 года. Фото: vk.com
У 2018 годзе кар’еру давялося перапыніць дзеля тэрміновай вайсковай службы. Пасля войска вярнуўся на той жа канал, але ўжо ў якасці «палітычнага аглядальніка».
Пазней, у 2022 годзе, Рыгор атрымаў другую вышэйшую адукацыю: скончыў Акадэмію кіравання пры Адміністрацыі Лукашэнкі па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне і ідэалогія». У 2023/2024 навучальным годзе ён пачаў весці лекцыі і семінары па «асновах медыябізнэсу» ў Полацкім дзяржуніверсітэце. Цяпер імя Азаронка няма ў раскладах заняткаў ВНУ, але ў яго телеграм-канале ён згадваўся як запрошаны спікер.
Паводле звестак, раней атрыманых «Люстэркам» з дапамогай «Кіберпартызан», на гэтым яго актыўнасці не заканчваюцца. У 2022−2023 гадах ён фігураваў у спісах «Белай Русі» (у біяграфіі ён адзначаў, што ўваходзіў у яе «найвышэйшы палітсавет»). А ў 2024 годзе таксама супрацоўнічаў з дзяржагенцтвам «Мінск-Навіны» і гомельскім філіялам Беларускага таварыства «Знание».
На момант складання аўтабіяграфіі — у 2023 годзе — Рыгор адзначаў, што не жанаты.
Асобна ён згадваў, што падчас выканання службовых абавязкаў «дэманструе выключную стараннасць, мае высокую ступень арганізаванасці, можа правільна размяркоўваць час і магчымасці для выканання задання». Сам сябе ён характарызаваў як «маральна ўстойлівага і адказнага» спецыяліста.
Чытайце таксама:
Галоўны беларускі прапагандыст заклікаў знішчыць Манхэтэн дашчэнту
Лосік: Гэбіст назваў Азаронка неадэкватным
Бяляцкі: Азаронка ў калоніі цярпець не могуць, выключаюць адразу