Лукашэнка пераабуўся: Позна ўвечары Мінск пагрузілі ў цемру. Навошта? Я ж ад вас гэтага не патрабаваў
Падчас справаздачы ўрада за 2025 год Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў тэму вулічнага асвятлення і расказаў, што ягоную палітыку ў гэтым пытанні раскрытыкаваў нават малодшы сын Мікалай.
Мікалай і Аляксандр Лукашэнкі
3 лютага Лукашэнка выказаў незадаволенасць тым, як уключаецца і выключаецца святло на вуліцах. Ён запатрабаваў, каб асвятленне працавала з 20:00 да 8:30, хоць зімой сонца заходзіць раней, а ўзыходзіць пазней. Але калі на наступны вечар гэта рэалізавалі, у сацсетках узнікла хваля крытыкі, пасля чаго Лукашэнка быў вымушаны адступіць.
Цяпер ён расказаў, што сярод крытыкаў ягонай пазіцыі быў і малодшы сын Коля:
«Падсвяцілі, сказаў — разбярыцеся. Яны ўзялі святло выключылі. Позна ўвечары Мінск пагрузілі ў цемру. Навошта? Я ж ад вас гэтага не патрабаваў. Дзе ж прыгожа? І ўсё гэта на прэзідэнта, на прэзідэнта абрынулася. Я ўжо прыходжу дадому, малы ўключае гэта. Ну навошта табе гэта, кажа. Гэта што, трэба было? Ну вось Украіна кажа, вось Беларусь. Дзве дзіркі, кажа, у свеце. Цемра».
У той жа час яго абурае, калі кажуць, што ён нібыта «здаў назад»:
«Яны ж іпсавалі: «А, гэты даў каманду, вось бачыце». А потым, глядзіце, фраерам яны мяне абазвалі — «адступіў». Ды я і не наступаў і не адступаў. Ну дык да якой пары гэта будзе працягвацца?»
Віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў запэўніў Лукашэнку, што падначаленыя стараюцца, хоць той ад іх старання выніку не бачыць.
Чытайце таксама:
Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах
«Саладуха выклаў сэлфі з цэнтра сталіцы»: беларусы жартуюць пра блэкаўт па загадзе Лукашэнкі
Мінэнерга пра сітуацыю з асвятленнем: Усё будзе рэгулявацца ў залежнасці ад мясцовасці