БЕЛ Ł РУС

Колькі белых буслоў жыве ў Беларусі?

14.02.2026 / 23:41

Nashaniva.com

Беларускія арнітолагі за 2025 год падвялі вынікі нацыянальнага ўліку белых буслоў, які праходзіў у 2024 годзе ў рамках VIII міжнароднага ўліку віду пры дапамозе Мінпрыроды, Мінадукацыі і кампаніі «Дзікая прырода», піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Ёсць добрая навіна — папуляцыя буслоў у Беларусі вырасла!

На пробных пляцоўках у розных раёнах быў зроблены абсалютны ўлік, вынікі якіх былі экстрапаляваныя на ўсю краіну. Цяпер у краіне гняздуецца 25,5—26,0 тысяч пар — гэта каля 8% сусветнай папуляцыі віду. За 10 гадоў колькасць гняздавальных пар павялічылася на 12% (у параўнанні з 2014 годам).

Традыцыйнае буслінае «раздолле» — на поўдні краіны, у пойме Прыпяці. Менавіта тут знаходзіцца вёска-чэмпіён: Малешаў (Жыткавіцкі раён) з 61 жылым гняздом!

Трошкі адсталі: аграгарадок Дзівін (Кобрынскі раён) — 40 гнёздаў, і вёска Лядзец (Столінскі раён) — 38 гнёздаў.

У 2024 годзе большасць пар вырасцілі ад 1 да 5 птушанят. Але ў Камянецкім і Мінскім раёнах назіралі вывадкі з шасці буслянят!

З кепскіх навін — усё больш буслоў аддаюць перавагу слупам ЛЭП — зараз гэта 63%. Электрыкі распрацавалі спецыяльныя слупы з гнездавымі платформамі, але ставяць іх марудна, не тысячамі, а дзясяткамі. Але добра і тое.

Глабальны ўлік белых буслоў арганізуецца кожныя 10 гадоў ва ўсіх краінах арэалу бусла. Рэгулярныя падлікі птушак дапамагаюць адсочваць змены ў іх папуляцыях на лакальным і глабальным узроўнях.

Чытайце таксама:

«Не такі ўжо ён белы і пухнаты». Кіраўнік цэнтра па ратаванні буслоў расказаў пра іх шмат цікавага

У Брэсце са страўніка хворага бусла дасталі кілаграм зямлі і камянёў

Беларус паказаў гіганцкую колькасць буслоў у адным месцы ВІДЭА

Буслы на снезе — рэаліі сёлетняга красавіка ФОТАФАКТ

Турбуешся за буслоў, якія не адляцелі? Вось як ім можна дапамагчы

Каментары да артыкула