«На 15 хвілін выключылі святло — божа мой, з Украінай параўналі». Лукашэнка патлумачыў, колькі эканоміць на вулічным асвятленні
«Па кошце тры малочна-таварныя комплексы і сем прафілакторыяў для цялят».
Фота: Evgenia Novozhenina Pool Photo via AP
Аляксандр Лукашэнка падчас нарады з кіраўніцтвам урада выказаўся наконт змянення рэжыму вулічнага асвятлення, піша БелТА.
Лукашэнка заявіў, што выключэнне вулічнага асвятлення на кароткі час дае значную эканомію.
«Кухараў [старшыня Мінгарвыканкама] на 15 хвілін ці нават на 10 святло выключыў раней — божа мой, з Украінай параўналі! Дзесяць хвілін! А ніхто не палічыў, што гэтыя 10—15 хвілін, як Уладзімір Яўгенавіч кажа, за год даюць па кошце тры малочна-таварныя комплексы і сем прафілакторыяў для цялят, як цяпер модна казаць.
Але самае галоўнае: з 1 лютага (я падпісаў указ) — павышэнне пенсій. Няхай і нязначнае, на 10%, але пенсіі ў гэтых умовах пенсіянерам павысілі. Калі за год узяць гэтую эканомію (на вулічным асвятленні), гэта практычна і ёсць гэтае павышэнне. Дзесяць хвілін можна пацярпець», — сказаў Лукашэнка.
Ён лічыць, што гэта не людзі абураны былі адсутнасцю асвятлення, а тэму спецыяльна нагнятаюць «збеглыя».
«Думаю, ну адкуль жа тэма ўзялася? ІПСА [інфармацыйна-псіхалагічная спецыяльная аперацыя] збеглых. Гэта ж яны адтуль закінулі. З космасу. І з Украінай параўналі. Ды куды нас, «таталітарную» дзяржаву, з «дэмакратычнай» Украінай параўноўваць?!
Але, калі яшчэ раз такое ІПСА, з аднаго боку, а з другога боку — тры малочна-таварныя комплексы і сем прафілакторыяў або гадавое павышэнне на 10% для пенсіянераў — я б яшчэ пагадзіўся на гэтых 10‑15 хвілін».
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў такіх буйных гарадах, як Мінск, хапае і дадатковых крыніц асвятлення, акрамя вулічных ліхтароў, у тым ліку святла ад будынкаў, жылых дамоў, вітрын. Таму, паводле яго слоў, цяжка зразумець, як нехта нібыта быў вымушаны перамяшчацца па сталіцы «навобмацак» (гэта слова было прыведзена па-беларуску) або з цяжкасцю арыентаваўся ў прасторы.
Ён таксама расказаў, што асабіста на досвітку напярэдадні нарады праверыў, наколькі святла на вуліцы ў той ці іншы час:
«Раз у акно, другі раз, на вуліцу выйшаў — ну калі ж ужо можна ўвогуле выключаць святло?»
«Трэба аддаць належнае: нарэшце губернатар Мінскай вобласці выключыў святло ў вёсках вакол вёскі прэзідэнта. Дзякуй вам», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, што ў сераду ўключэнне гарадскога асвятлення на гадзіну пазней за звычайнае выклікала абурэнне ў сацсетках, і ўчора святло ўключылі амаль у звыклы час.
Чытайце таксама:
Мінск у сераду вечарам патануў у цемры. Пасля загаду Лукашэнкі
Пяць прычын — у тым ліку адна фантастычная, — па якіх беларусам адключылі святло ў гарадах
Мінэнерга пра сітуацыю з асвятленнем: Усё будзе рэгулявацца ў залежнасці ад мясцовасці
«Саладуха выклаў сэлфі з цэнтра сталіцы»: беларусы жартуюць пра блэкаўт па загадзе Лукашэнкі