БЕЛ Ł РУС

Ілан Маск вяртаецца ў палітыку

23.01.2026 / 20:39

Nashaniva.com

Амерыканскі мільярдэр Ілан Маск актывізаваў сваю палітычную дзейнасць падчас падрыхтоўкі да прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША ў лістападзе 2026 года, паведамляе The Wall Street Journal.

Ілан Маск. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images

Маск зноў пачаў рабіць буйныя ахвяраванні рэспубліканцам і аднаўляе адносіны з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. З пачатку года ён ужо накіраваў $10 мільёнаў на падтрымку рэспубліканскага кандыдата ў сенатары ад Кентукі Нейта Морыса. Стратэгію Маска каардынуе ягоны паліттэхнолаг Крыс Янг: каманда вядзе перамовы з падрадчыкамі па лічбавых кампаніях і падрыхтоўцы агітацыі, рыхтуючыся да магчымай шырокай выбарчай кампаніі.

Канчатковы фармат удзелу Маска ў выбарах яшчэ не вызначаны. Ён можа быць як у выглядзе фінансавання праз America PAC — камітэт падтрымкі выбарчай кампаніі Трампа ў 2024 годзе, так і праз унёскі ў іншыя камітэты ці выбарчыя гонкі асобных кандыдатаў. Асноўная мэта — мабілізацыя прыхільнікаў Трампа, якія звычайна актыўна галасуюць толькі на прэзідэнцкіх выбарах.

У 2024 годзе Маск выдаткаваў амаль $300 мільёнаў на падтрымку Трампа і рэспубліканцаў, стаўшы найбольш вядомым палітычным дабрачынцам у ЗША. Аднак з чэрвеня 2025 года яго ахвяраванні склалі толькі $42 мільёны.

Скарачэнне дапамогі рэспубліканцам адбылося пасля канфлікту Маска з Трампам у чэрвені мінулага года. Маск крытыкаваў трампаўскі «вялікі і цудоўны закон аб выдатках і падатках», называючы яго «агіднай гнюснасцю», а Трамп у адказ пагражаў скарачэннем дзяржаўных кантрактаў і нават дэпартацыяй. Пасля гэтага Маск разглядаў магчымасць стварэння ўласнай палітычнай партыі, але адмовіўся ад гэтай ідэі пад уплывам віцэ-прэзідэнта Джэй Дзі Вэнса.

Першае публічнае ўзаемадзеянне Трампа і Маска пасля той сваркі адбылося ў верасні на пахаванні забітага кансерватыўнага актывіста Чарлі Кірка. Пазней, у лістападзе, Маск прысутнічаў на вячэры Трампа падчас візіту ў ЗША саудаўскага прынца Мухамеда бен Салмана.

Чытайце таксама:

Ілан Маск стаў першым чалавекам у гісторыі з актывамі больш за 700 мільярдаў даляраў

Дарадчыца Трампа ахарактарызавала яго як помслівую асобу з характарам алкаголіка, а Маска — як кетаміншчыка

«Там няма цэнзуры для нацысцкіх вітанняў». Сікорскі паслаў Маска на Марс за заклікі распусціць ЕС

Ілан Маск можа стаць першым у гісторыі трыльянерам — Tesla прапанавала рэкордны кантракт

Ілан Маск заклікаў галасаваць за «Альтэрнатыву для Германіі». Інакш прадракае «канец Германіі»

Каментары да артыкула