Неагатычны цуд Палесся вяртаецца да жыцця: у Закозелі адкрылі адрэстаўраваную капліцу Ажэшкаў
Гэты помнік архітэктуры, які знаходзіўся на мяжы поўнага разбурэння, зноў паўстаў у сваім раскошным неагатычным убранні.
Урачыстае адкрыццё капліцы-пахавальні Ажэшкаў. Фота: Драгічын.by
Урачыстая цырымонія адкрыцця, якая прайшла 22 студзеня, сабрала высокіх гасцей, сярод якіх быў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык і намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Аднак галоўным героем свята стаў сам будынак — адзін з найстарэйшых і самых вытанчаных з захаваных узораў неаготыкі на тэрыторыі Беларусі, які нарэшце вярнуў сабе гістарычнае аблічча.
Ад раскошы да запусцення
Капліца ў Закозелі была пабудавана ў 1849 годзе па праекце выдатнага архітэктара Францішка Яшчалда, аўтара палаца Пуслоўскіх у Косаве. Заказчык, шляхціц Мікадзім Ажэшка, хацеў стварыць велічны пантэон для свайго роду. Будынак выйшаў унікальны: ён спалучаў у сабе рысы сярэднявечнай готыкі з перадавымі тэхналогіямі XIX стагоддзя, у прыватнасці, выкарыстанне мастацкага чыгуннага ліцця.
Капліца на малюнку Напалеона Орды. 1850 г. Фота: Wikimedia Commons
Гісторыя капліцы цесна пераплялася з лёсам роду Ажэшкаў і падзеямі паўстання 1863—1864 гадоў. Паводле легенды, менавіта тут, пад высокім шпілем, хаваўся адзін з кіраўнікоў паўстання Рамуальд Траўгут, якому дапамагала знакамітая пісьменніца Эліза Ажэшка. Пасля задушэння паўстання расійскія ўлады зачынілі капліцу.
Больш за стагоддзе яна павольна разбуралася: спачатку зніклі каштоўныя інтэр'еры, у Першую сусветную вайну немцы знялі медны дах, а ў пасляваенныя савецкія гады помнік ператварыўся ў рамантычную, але небяспечную руіну з вялікімі дзюрамі ў скляпеннях і выбітымі вітражамі.
Капліца-пахавальня Ажэшкаў у Закозелі да пачатку рэстаўрацыі. Фота: Wikimedia Commons
Да пачатку работ у 2019 годзе скляпенні знаходзіліся ў перадаварыйным стане, а ўнутр было страшна заходзіць.
Вяртанне каменных карункаў
Шлях да адраджэння быў доўгім і няпростым. Першыя сур'ёзныя крокі былі зроблены ў 2008 годзе, калі археолагі правялі раскопкі ў крыпце, знайшоўшы парэшткі прадстаўнікоў роду і ўнікальныя артэфакты, у тым ліку фрагменты слуцкага пояса.
Капліца-пахавальня Ажэшкаў у рыштаваннях. Аднаўленне помніка неаготыкі заняло амаль сем гадоў.
Але сапраўднае выратаванне пачалося ў 2019 годзе, калі аварыйны стан будынка пагражаў абвальваннем скляпенняў. Кошт праекта аднаўлення склаў амаль 4 мільёны рублёў.
Нервюрныя скляпенні капліцы-пахавальні Ажэшкаў да рэстаўрацыі.
Адноўленыя гатычныя нервюрныя скляпенні капліцы-пахавальні Ажэшкаў. Фота: тэлеграм-канал «Заря»
Працэс вяртання капліцы да жыцця стаў сапраўдным выклікам для інжынераў і будаўнікоў. Перш чым брацца за прыгажосць, трэба было выратаваць сцены. За дзесяцігоддзі запусцення муроўка настолькі ўвабрала вільгаці і солі, што звычайная тынкоўка проста адвалілася б. Будаўнікам давялося доўгі час сушыць сцены цеплавымі пушкамі і выкарыстоўваць спецыяльную санацыйную тынкоўку, якая літаральна выцягвае соль з цэглы.
Адноўленыя вітражы. Фота: БелТА
Спецыялісты філіяла «Брэстрэстаўрацыя» і запрошаныя майстры прарабілі скрупулёзную працу – ім давялося літаральна па крупінках збіраць страчанае. Напрыклад, колер шкла для вітражоў падбіралі, вывучаючы знойдзеныя ў зямлі мікраскапічныя аскепкі аўтэнтычнага шкла. Медны дах быў адноўлены ў дакладнай адпаведнасці з гістарычнымі тэхналогіямі, а на вяршыню вярнуўся шасцімятровы шпіль з крыжам. Адсутныя элементы чыгунных аконных рам адлівалі не ў сталічнай майстэрні, а на мясцовым Драгічынскім трактарарамонтным заводзе.
Літыя чыгунныя дэкаратыўныя элементы на фасадах капліцы-пахавальні Ажэшкаў. Справа разетка з гербам роду — «Навіна». Фота: «Культура»
Самай складанай задачай стала аднаўленне ўнікальнага ляпнога дэкору інтэр'ера — тых самых знакамітых нервюр, якія ствараюць эфект ажурнага павуціння пад столлю. Скульптары і мастакі, сярод якіх быў вядомы майстар Павел Рабаў, гадамі працавалі ў складаных умовах, каб вярнуць гіпсавым элементам першапачатковы выгляд.
Аднаўленне нервюр на скляпеннях. Фота: БелТА
Нізка павіслы замковы камень скляпення ў выглядзе мудрагелістай расліны часцей за ўсё прымяняўся ў позняй готыцы і літаральна называецца «вісячай шышкай» (ням. Hängezapfen). Фота: СБ. Беларусь сегодня
Кансолі, на якія візуальна абапіраюцца нервюры, паўтараюць матыў «вісячай шышкі». Фота: БелТА
Бос у выглядзе кветкі — дэкаратыўная разетка, якая размяшчаецца ў гатычнай архітэктуры на скрыжаванні нервюр. Фота: Zarya.by
Для ўнутранага аздаблення майстры прымянялі гіпс, а вось для фасадаў, для аздобы шчытоў і вуглавых пінакляў з фіяламі (вежачкі з вострымі завяршэннямі), якія церпяць ад дажджу і снегу, дэкор адлівалі з сучаснага фібрабетону — звыштрывалага матэрыялу, які вонкава не адрозніваецца ад арыгінала. Каб дасягнуць поўнай аўтэнтычнасці, некаторыя элементы прапітвалі гарачым пакостам (аліфай), як гэта рабілі майстры XIX стагоддзя.
Ляпны дэкор вуглавых пінакляў. Фота: Zarya.by
Новыя дубовыя дзверы з разеткамі, каванымі завесамі і фрамугай, зашклёнай каляровым вітражом у літой чыгуннай раме. Фота: kaplicaozheshko
Рэстаўратары аднавілі не толькі нервюры, але і гатычных крабаў (дэкаратыўныя элементы, падобныя да скручанага лісця), крыжакветы і трыліснікі. Усяго захавалася толькі каля 40% арыгінальнай ляпніны, астатняе давялося аднаўляць па чарцяжах і аналогіях, часам літаральна лепячы формы з пластыліну перад адліўкай.
Гатычная жамчужына на турыстычным маршруце
Экспазіцыя ўнутры капліцы. Фота: БелТА
Рэчы з раскопак у капліцы, прадстаўленыя ў экспазіцыі. Фота: БелТА
Фрагмент слуцкага пояса з раскопак у капліцы, прадстаўлены ў экспазіцыі. Фота: БелТА
Сёння капліца ў Закозелі — гэта ўжо не руіна, а перспектыўны турыстычны аб'ект. Унутры арганізавана прастора па прынцыпе «халоднага музея» — без штучнага ацяплення, каб не нашкодзіць унікальнаму мікраклімату. Наведвальнікі змогуць убачыць адноўленыя інтэр'еры і экспазіцыю артэфактаў, знойдзеных падчас раскопак: фрагменты слуцкага пояса, дэталі пахавальнага дэкору і скульптуры.
Чытайце таксама:
Мінкультуры расказала, чым збіраецца займацца наступную пяцігодку
Падчас рэстаўрацыі сінагогі ў Ваўкавыскім раёне знайшлі падмурак невядомага будынка