БЕЛ Ł РУС

У Беларусі рупяцца пра ўключэнне бабкі і дранікаў у спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА

14.01.2026 / 16:29

Nashaniva.com

Беларусь імкнецца павысіць сваю турыстычную прывабнасць на міжнародным узроўні. У сувязі з гэтым цяпер рыхтуецца дасье пад назвай «Стравы з цёртай бульбы», каб уключыць іх у Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Пра гэта паведаміла падчас прэс-канферэнцыі начальніца ўпраўлення аховы гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ірына Дашчынская.

Дранікі. Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Па словах чыноўніцы, беларускія спецыялісты зараз працуюць над нацыянальным дасье «Стравы з цёртай бульбы, традыцыі прыгатавання і спажывання ў Беларусі».

Яна таксама адзначыла, што на сёння Беларусь ужо прадстаўленая ў ЮНЕСКА чатырма аб’ектамі матэрыяльнай культурнай спадчыны і сямю нематэрыяльнымі.

Ірына Дашчынская падкрэсліла, што наяўнасць аб’ектаў у Спісе сусветнай спадчыны павышае іх статус, робіць іх і ўсю краіну больш вядомымі і цікавымі для турыстаў.

Як адзначыла супрацоўніца Мінкульта, захаванне гістарычнай і культурнай спадчыны неабходнае для ўстойлівага развіцця краіны і ўмацавання яе іміджу ў свеце.

Яшчэ адным прэтэндэнтам на ўнясенне ў спіс ЮНЕСКА, па яе словах, можа стаць беларуская маляванка. Распісаныя фарбамі дываны традыцыйна ўпрыгожвалі сцены ў сялянскіх хатах. 

Чытайце таксама:

У «Белавія» расказалі, чаму падчас рэйсаў пасажыраў не кормяць дранікамі

243 беларускія рэстараны і кавярні спецыялізуюцца на нацыянальнай кухні

У Магілёве ўзяліся папулярызаваць асянікі. Што гэта такое?

У Беларусі выпусцілі гастранамічную карту краіны. Там ёсць не толькі дранікі

Каментары да артыкула