БЕЛ Ł РУС

Зяленскі: Мірны план ЗША скарацілі з 28 да 20 пунктаў, але ў Трампа ўласнае бачанне

8.12.2025 / 21:35

Nashaniva.com

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля сустрэчы з кіраўніцтвам краін «кааліцыі ахвотных» у Лондане расказаў журналістам, на якім этапе цяпер знаходзіцца праца над мірным планам. 

Уладзімір Зяленскі. Фота: Jonathan Raa / NurPhoto via Getty Images

«Было 28 пунктаў, стала 20. Адкрыта непраўкраінскія пункты адышлі. Настрой амерыканцаў, у прынцыпе, за тое, каб знаходзіць кампраміс. Безумоўна, ёсць складаныя пытанні, якія тычацца тэрыторыі. Там кампраміс пакуль не знойдзены», — паведаміў Зяленскі.

Па яго словах, у прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ёсць «уласнае бачанне» таго, як павінна скончыцца вайна, якое адрозніваецца ад украінскага.

Прэзідэнт Украіны заявіў, што праект мірнага плана будзе дапрацаваны дарадцамі па бяспецы Украіны і Еўрасаюза, а 9 снежня яго перададуць ЗША.

Што да вынікаў сустрэчы з ключавымі еўрапейскімі саюзнікамі, Уладзімір Зяленскі сказаў:

«Сёння мы падрабязна абмеркавалі нашу сумесную дыпламатычную працу з амерыканскім бокам, узгаднілі агульную пазіцыю адносна важнасці гарантый бяспекі, рэканструкцыі і наступных крокаў».

Пры гэтым асобна пагаварылі пра далейшую абаронную падтрымку Украіны. Па словах Зяленскага, «вельмі важныя рэчы на сённяшні дзень — гэта адзінства паміж Еўропай і Украінай, а таксама адзінства паміж Еўропай, Украінай і Злучанымі Штатамі».

Агульнай заявы кіраўнікоў краін «кааліцыі ахвотных» па выніках сустрэчы яшчэ не было. У Елісейскім палацы, аднак, пацвердзілі, што падчас сустрэчы ў Лондане кіраўнікі Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі і Украіны засяродзіліся на так званым мірным плане Дональда Трампа і пытаннях гарантый бяспекі для Украіны. Як адзначаецца, гэтая праца «на этапе фіналізацыі» і вядзецца дарадцамі па нацбяспецы «для узаемадзеянняў паміж еўрапейскім, амерыканскім і ўкраінскім бакамі, якія павінны дазволіць узмацніць збліжэнне ў наступныя дні».

Чытайце таксама:

Зяленскі: Перамовы з ЗША пакуль не прывялі да пагаднення аб Данбасе

Трамп заявіў, што Расія пагадзілася на ягоны мірны план, а Зяленскі нават не чытаў яго

Старэйшы сын Трампа дапусціў, што бацька можа пакінуць мірны працэс ва Украіне

Зяленскі пагаварыў па тэлефоне з Уіткафам і Кушнерам

Каментары да артыкула