БЕЛ Ł РУС

У Талачынскім раёне выставілі на продаж старую сядзібу Цюндзявіцкіх

3.12.2025 / 17:32

Nashaniva.com

У Талачынскім раёне ўжо не першы раз спрабуюць прадаць старадаўнюю сядзібу XIX стагоддзя. Двухпавярховы дом каля возера прапануюць за сімвалічныя 42 рублі. Таргі адбудуцца ў студзені на платформе «БУТБ-Маёмасць», піша Realt.by.

Сядзіба знаходзіцца ў вёсцы Галошава Талачынскага раёна, фактычна ў цэнтры вёскі, побач з возерам Глыбокае. Адлегласць сюды ад Мінска каля 190 кіламетраў. Аб’ект ужо некалькі разоў выстаўлялі на продаж, але пакуль ахвотных аднавіць гістарычную забудову не знайшлося. Таму цяпер сядзібу прадаюць усяго за адну базавую велічыню.

Пабудавалі дом у 1897 годзе на месцы старой драўлянай пабудовы. Ён належаў роду Цюндзявіцкіх, якія жылі тут 20 гадоў, а ў 1917‑м выехалі ў Польшчу. У доме калісьці знаходзілася калекцыя партрэтаў, вырабаў з фарфору і срэбра.

Падчас вайны ў сядзібе размяшчаўся нямецкі гарнізон, пасля — школа для глухіх, інтэрнат, а потым звычайная школа. У апошнія дзесяцігоддзі будынак стаяў пустым.

Агульная плошча дома — 621 квадратны метр, падмурак у яго цагляны, перакрыцці драўляныя. Новаму ўладальніку таксама перададуць у арэнду на 50 гадоў участак памерам у 77 сотак, які можна выкарыстоўваць, напрыклад, пад аграэкатурызм або культурна-асветніцкія праекты.

Калі знойдуцца ўдзельнікі, аўкцыён адбудзецца 23 студзеня 2026 года. Стартавая цана — 42 рублі. Пераможцу таргоў давядзецца аплаціць і выдаткі на падрыхтоўку дакументаў, а таксама на правядзенне аўкцыёну, якія могуць складаць некалькі тысяч рублёў.

Акрамя гэтай сядзібы, на «БУТБ-Маёмасць» цяпер можна набыць яшчэ некалькі гістарычных аб’ектаў Віцебскай вобласці: напрыклад, былы кляштар кармелітаў у Глыбокім, маёнтак Сушчынскіх у Новым Жыцці Ушацкага раёна, кузню ў вёсцы Двор-Нізгалова Бешанковіцкага раёна, сядзібу Свяцкіх у вёсцы Полымя Сенненскага раёна і іншыя — па цэнах ад 42 да 210 рублёў.

Чытайце таксама:

Уладальнік «Маёнтка Падароск» лічыць незаконным аўкцыён па продажы сядзібы. Ён накіраваў прэтэнзію ў райвыканкам

Сядзіба Яленскіх у Клецкім раёне, якую прадавалі двойчы, зноў шукае гаспадара

На Віцебшчыне прадаюць унікальную сядзібу, па праект якой гаспадары ездзілі ў далёкую Брытанію

Мураванку Храптовічаў у Шчорсах зноў выставілі на продаж за паўцаны

«Хочацца, каб мы жылі не з нуля». Уладальнік сядзібы Горватаў расказаў пра рэстаўрацыю, захаваныя каштоўнасці і «Белую пані Нароўлі»

Сядзіба Цюндзявіцкіх канца ХІХ стагоддзя, якую сабраліся зносіць, можа атрымаць ахоўны статус

Каментары да артыкула