СБУ выкрыла брытанскага інструктара, які шпіёніў ва Украіне на карысць Расіі. З яго зброі забілі Парубія
У 2024 годзе Дэвід Катмар прыбыў ва Украіну як інструктар, каб дапамагаць у падрыхтоўцы вайскоўцаў УСУ.
Фота: facebook.com/SecurSerUkraine
Контрразведка СБУ сумесна з брытанскімі спецслужбамі ўстанавіла, што грамадзянін Вялікабрытаніі Рос Дэвід Катмар у 2024—2025 гадах выконваў заданні расійскіх спецслужбаў, паведамляе РБК-Украіна.
Паводле даных следства, затрыманы, верагодна, займаўся разведвальна-дыверсійнай дзейнасцю ва Украіне. Ён арыштаваны і знаходзіцца пад вартай.
У 2024 годзе Катмар прыбыў ва Украіну як інструктар, каб дапамагаць у падрыхтоўцы вайскоўцаў УСУ. Ён меў баявы досвед, набыты падчас службы ў арміі і ўдзелу ў аперацыях на Блізкім Усходзе.
Суразмоўца РБК-Украіна таксама адзначыў, што, па версіі следства, расійскія спецслужбы перадалі Катмару агнястрэльную зброю і боепрыпасы для здзяйснення «мэтавых забойстваў» ва Украіне.
У прыватнасці, ёсць падставы лічыць, што ён завозіў і размяркоўваў зброю, з якой былі забітыя Ірына Фарыён і Андрэй Парубій.
Грамадскага дзеяча Ірыну Фарыён застрэлілі 21 ліпеня 2024 года ў Львове. Яна з валізкай чакала каля свайго дома таксі. Забойца, 18‑гадовы хлопец, падышоў да яе амаль ушчыльную і застрэліў.
Экс-старшыню Вярхоўнай Рады і экс-каменданта Майдана Андрэя Парубія застрэлілі 30 жніўня 2025 года ў Львове. Стралок быў апрануты як кур'ер службы дастаўкі. Паводле наяўнай інфармацыі, ён выкарыстаў электраровар. Нападнік падышоў да Парубія і восем разоў стрэліў у яго, пасля чаго з'ехаў з месца злачынства.
Чытайце таксама:
У Львове забілі экс-старшыню Вярхоўнай Рады і каменданта Майдану Андрэя Парубія
Затрыманы па справе забойства Андрэя Парубія — 52‑гадовы жыхар Львова
Падазраваны ў забойстве Парубія расказаў, навошта яго забіў: Гэта мог быць і Парашэнка
У Львове стралялі ў палітыка Ірыну Фарыён. Яна ў крытычным стане
Затрымалі падазраванага ў забойстве Ірыны Фарыён
На праклёны дачкі Ірыны Фарыён забойца ніяк не рэагаваў, а заявіў: «Час пакажа»