Аляксандра Мілінкевіча ўвялі ў медыкаментозны сон
Жонка беларускага палітыка і грамадскага дзеяча Аляксандра Мілінкевіча Іна Кулей паведаміла ў фэйсбуку апошнія навіны пра стан яго здароўя.
Аляксандр Мілінкевіч. Фота: «Наша Ніва»
«Ён знаходзіцца ў аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі, яго ўвялі ў фармакалагічны сон. Гэта важна, каб даць арганізму магчымасць падужэць, не страчваючы сілы на рух.
Стан стабільны. Неўролагі прымуць рашэнне пра далейшыя крокі», — напісала Іна Кулей.
25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу рабілі аперацыю па выдаленні тромба, які закрываў 80% соннай артэрыі. Падчас аперацыі ўтварыўся моцны крывацёк, пасля чаго палітык трапіў у вельмі цяжкім стане ў рэанімацыю.
Аляксандру Мілінкевічу цяпер 78 гадоў. Ён сам з Гродна, у 1990—1996 гадах быў намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама, у той час моцна паспрыяў беларусізацыі ў горадзе. У 2006 годзе быў кандыдатам ад дэмакратычнай апазіцыі са статусам «адзінага» на прэзідэнцкіх выбарах. Пасля стварыў грамадскі рух «За Свабоду» і да 2016 года быў ягоным кіраўніком. У апошнія гады з'яўляецца пазаштатным дарадцам Святланы Ціханоўскай, адным з арганізатараў «Вольнага беларускага ўніверсітэта».
Чытайце таксама:
Аляксандр Мілінкевіч у рэанімацыі, яго стан вельмі цяжкі
Аляксандр Мілінкевіч застаецца ў стабільна цяжкім стане
«Ён сапраўды як мала хто заслужыў яе» — Мілінкевіч пра прэмію для Пачобута