У Польшчы паведамілі пра чарговую дыверсію на чыгунцы
Невядомыя расклалі галлё на рэйках, якія праходзяць праз так званы Сувалкаўскі калідор — тэрыторыю на мяжы Польшчы, Літвы і Беларусі. Гэта месца мае стратэгічнае значэнне, бо з’яўляецца адзіным сухапутным злучэннем краін Балтыі з астатняй Еўропай і аддзяляе Калінінградскую вобласць ад Беларусі.
З-за перашкоды цягнік быў вымушаны спыніцца. Паліцыя расследуе інцыдэнт, а інфармацыю перадалі ў Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы. Хоць здарэнне адбылося яшчэ ў сярэдзіне лістапада, вядома пра яго стала толькі цяпер.
Раней у лістападзе ў Польшчы адбыліся яшчэ дзве дыверсіі: каля вёскі Мікі пашкодзілі чыгуначныя пуці на лініі Варшава — Дарагуск, а каля вёскі Галомбе — кантактную сетку. Паводле матэрыялаў следства, гэтыя дзеянні зрабілі грамадзяне Украіны Аляксандр К. і Яўген І., якія нібыта дзейнічалі па заданні расійскай разведкі і пазней уцяклі ў Беларусь.
МЗС Беларусі паведаміла, што атрымала запыт ад Польшчы і ў Беларусі будуць спрабаваць знайсці падазраваных.
Чытайце таксама:
Трэцяе здарэнне на чыгунцы ў Польшчы — на рэйках выявілі накладку са смартфонам
Дыверсант на польскай чыгунцы дапусціў дзіўную памылку — падарваў не тую рэйку
Некалькі чалавек затрыманыя ў Польшчы паводле справы аб дыверсіях на чыгунцы
На чыгуначных рэйках у Польшчы знайшлі патроны, злучаныя дротам