Адкуль на шапках узяўся пампон?
Шапкі з пампонамі — звыклая частка нашага гардэроба. Сёння мы ўспрымаем яго як мілую дэталь. Але мала хто ведае, што гэты шарык мае доўгую гісторыю.
Фота: Vecteezy.com
Тэрмін «пампон» паходзіць ад французскага слова «pompon» і быў прыняты ў канцы XIX стагоддзя для абазначэння таго, што мы разумеем пад ім сёння — шарык, сабраны са мноства адрэзкаў нітак ці футра.
Гісторыкі сцвярджаюць, што правобраз пампона з'явіўся яшчэ ў эпоху вікінгаў. Пра гэта сведчыць знойдзеная ў Швецыі статуэтка бога ўрадлівасці Фрэйра. На галаве бажаства выразна бачны шлем або шапка з шарыкам на верхавіне.
Статуэтка бога ўрадлівасці Фрэйра. Фота: Wikimedia Commons
«Лайфхак» вязальшчыц
Аднак па-сапраўднаму масавым ён стаў дзякуючы шатландцам. Традыцыйныя шатландскія берэты, вядомыя як балмаралы, вязаліся па крузе. Калі майстры заканчвалі працу на верхавіне, заставаліся неахайныя канцы нітак і вузел. Каб схаваць гэты тэхнічны недахоп, вязальшчыцы прыдумалі не абразаць ніткі, а збіраць іх у пухнаты шар. Так недахоп ператварыўся ў стыльную дэталь.
Знешні выгляд сучаснага балмарала. Фота: Wikimedia Commons
Арыенцір на полі бою і «амартызатар» для галавы марака
Пампон мае таксама ваеннае мінулае. Дэкор у выглядзе шарыка з нітак ці футра стаў знакавым элементам у напалеонаўскай арміі пачатку XIX стагоддзя. Тады ён упрыгожваў ваенны галаўны ўбор — ківер (высокую суконную шапку).
Па колеры і форме пампона можна было імгненна вызначыць, да якой роты належыць салдат і род войска.
А вось у французскім флоце пампон набыў функцыю сродку індывідуальнай абароны.
Караблі таго часу мелі вельмі нізкія столі ў трумах і маракі пастаянна біліся галавой аб драўляныя бэлькі. Каб паменшыць колькасць траўмаў, на шапкі пачалі нашываць шары з воўны.
Курсанты школы французскіх ВМС вяртаюцца да аўтобусаў пасля парада на Дзень узяцця Бастыліі ў Парыжы. 14 ліпеня 2024 года. Фота: rtur Widak / NurPhoto via Getty Images
Гэтая практыка настолькі прыжылася, што нават калі караблі сталі больш прасторнымі, пампон застаўся важнай часткай формы французскіх маракоў.
Сімвал улады і знак сямейнага статусу
Цікава, што пампон служыў і знакам статусу ў царкоўнай іерархіі. Каталіцкае духавенства носіць чатырохвугольныя шапкі — берэты. Колер пампона на іх строга вызначае ранг: напрыклад, фіялетавы пампон носяць біскупы, а чорны — звычайныя святары. Але на чырвоным берэце кардынала пампона няма.
Берэт звычайнага ксяндза. Фота: Wikimedia Commons
А вось у карэнных народаў Анд у Паўднёвай Амерыцы па памеры і колеры пампонаў на вязаных шапках можна даведацца пра сямейнае становішча мужчыны.
Жыхар Анд у традыцыйнай шапцы — чульё (chullo). Фота: aracari.com
Модны аксесуар
Канчаткова пампон перайшоў у разрад моднага аксесуара падчас Вялікай дэпрэсіі 1930‑х гадоў. Людзям трэба было танна абнаўляць гардэроб, і рэшткі пражы выдатна падыходзілі для стварэння ўпрыгожанняў.
У 60‑х гадах XX стагоддзі пампоны сталі папулярныя ў англійскіх футбольных заўзятараў. Услед за імі эстафету падхапілі лыжнікі. Для іх шапка з пампонам стала культавым элементам экіпіроўкі.
Мадэль на подыуме падчас паказу калекцыі Жана Поля Гацье (сезон восень-зіма 2017—2018) на Тыдні моды ў Парыжы. Фота: Dominique Charriau / WireImage via Getty Images
Сёння шапка з такім дэкорам — гэта базавы элемент гардэроба, які ёсць як у калекцыях сусветных куцюр'е, так і ў многіх шафах. Трэнды мяняюцца хвалямі: гэтыя галаўныя ўборы то сыходзяць у цень, то трыумфальна вяртаюцца на подыумы.
Чытайце таксама:
Мінскія студэнты пашылі калекцыю строяў у духу Радзівілаў
Мінчанка шые бомберы з бабуліных посцілак — цэны ад 100 даляраў
На Тыдні моды ў Парыжы мадэлі выйшлі ў касцюмах голага мужчынскага цела