У МНС расказалі, чаму пры пошуку Максіма Зяньковіча ў Бярэзінскім раёне ад пачатку не задзейнічалі авіяцыю
Сітуацыю патлумачыў на прэс-канферэнцыі першы намеснік начальніка рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Андрэй Мяцельскі.
Андрэй Мяцельскі. Скрыншот з відэа
«Прымяненне авіяцыі ў першы дзень таксама не дало б эфекту, таму што гэтак жа сама былі неспрыяльныя ўмовы надвор’я, якія не давалі магчымасці паўнавартасна задзейнічаць квадракоптары. Яны не далі б падняцца і верталёту. Але пры гэтым, калі б мы нават пачалі задзейнічаць верталёт, мы не змаглі б задзейнічаць коптары, якіх у момант знаходжання 13 адначасова было ў паветры», — патлумачыў Андрэй Мяцельскі.
Адначасовае выкарыстанне коптараў і верталётаў, па яго словах, немагчымае, бо яны не могуць займаць адну і тую ж паветраную прастору. Да таго ж з верталёта ў тым тумане, які быў, усё адно немагчыма было б нічога разгледзець. Пры гэтым, паколькі верталёт быў бы адзін замест 13‑ці коптараў, то зона пошуку не пашыралася б, а, наадварот, змяншалася б.
Пры гэтым тэхнічна коптары ў беларускага МНС вельмі тэхнічна прасунутыя:
«Коптары ў нас забяспечаныя магутнымі цеплавізійнымі камерамі, таму лясны масіў, зараснікі, калі гэта не густая крона, дазваляюць знайсці чалавека, якога візуальна не бачна».
Менавіта таму, сцвярджае Андрэй Мяцельскі, прымяненне авіяцыі з першых дзён пошуку хлопчыка было немэтазгодным, у той час як беспілотныя апараты былі задзейнічаныя з самага пачатку.
Нагадаем, што 8 лістапада каля 10‑й гадзіны 14‑гадовы Максім Зяньковіч з'ехаў на веласіпедзе ад дома дзядулі ў вёсцы Карбаўскае Бярэзінскага раёна, і знік. Знайшлі цела хлопчыка толькі 13 лістапада каля 15 гадзін — у багністай мясцовасці паблізу вёскі Несцераўка.
Чытайце таксама:
Назвалі папярэднюю прычыну смерці 14‑гадовага Максіма Зяньковіча, якога шукалі некалькі дзён
Зніклы 14‑гадовы Максім Зяньковіч знойдзены мёртвым
«Дзіця знікла — не змог застацца дома». Шосты дзень пошукаў Максіма Зяньковіча
«Як скрозь зямлю праваліўся». Трэція суткі ідуць пошукі зніклага падлетка ў Бярэзінскім раёне