Наўседа заявіў пра гатоўнасць да перамоў з Беларуссю, але толькі на тэхнічным узроўні
Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа разумее абурэнне перавозчыкаў, чые фуры захраслі ў Беларусі, аднак падкрэслівае, што Літва зараз падвяргаецца гібрыднай атацы з боку суседняй краіны, а таму ўрад не можа проста назіраць за падзеямі. Ён таксама паведаміў, што Літва гатова весці тэхнічныя перамовы з Беларуссю для комплекснага вырашэння праблем, і лічыць, што дээскалацыя яшчэ магчымая, паведамляе LRT.
Гітанас Наўседа. Фота: «Наша Ніва»
Прэзідэнт Літвы адзначыў, што праблемы кантрабанды ў рэгіёне існуюць ужо даўно і Беларусь не праяўляе зацікаўленасці ў іх вырашэнні. Паводле яго, кантрабандныя паветраныя шары з цыгарэтамі не толькі парушаюць літоўскую паветраную прастору, але і могуць быць карысныя для рэжыму Лукашэнкі.
Наўседа пры гэтым крытыкуе прапанову Мінска весці перамовы на ўзроўні дыпламатаў замест тэхнічных кантактаў — гэта, на яго думку, выгадна толькі Лукашэнку.
«Я мяркую, што гаворка ідзе аб жаданні пагаварыць пра адмену санкцый — рэчы, якія, безумоўна, былі б смачнымі, добрымі «прысмакамі» для Лукашэнкі», — сказаў прэзідэнт Літвы.
З-за кантрабандных шароў, якія перашкаджалі працы аэрапортаў, урад Літвы закрыў на месяц памежныя пункты з Беларуссю да 30 лістапада, у выніку чаго ў краіне засталося каля тысячы літоўскіх фур. Перавозчыкі папярэдзілі пра магчымыя пратэсты ў Літве і Бруселі, калі праблема не будзе вырашаная.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене падкрэсліла, што ўрад засылаў дастаткова сігналаў адносна магчымага закрыцця мяжы і перавозчыкі маглі ацаніць рызыку.
Чытайце таксама:
Ругінене: Нам удаецца кантраляваць не толькі кантрабанду, але і самі шары
Старшыня асацыяцыі літоўскіх перавозчыкаў назваў Беларусь «тэрарыстычнай дзяржавай»
Дарадца прэм'ера Літвы: Беларусь адмовілася адкрываць эвакуацыйныя калідоры для літоўскіх фур
Рыжанкоў: Мы гатовыя да перамоваў у любы момант, на любой тэрыторыі і без папярэдніх умоў