Пад Мінскам хочуць стварыць музей крыжоў пад адкрытым небам. Знайшлося месца і для вусатай бабы
У вёсцы Аколіца пры новай царкве хочуць паставіць вялікі паклонны крыж з «Нявестай Ненявестнай», які будзе бачны з МКАД-2 і ззяць уначы. А пад ім — музей крыжоў пад адкрытым небам.
Царква ў Акаліцы каля Раўбіч. Фота autotravel.ru
Пакуль каталіцкая грамада дамагаецца вяртання неагатычнага касцёла ў вёсцы Аколіца, дзе цяпер размяшчаецца філіял Мастацкага музея, праваслаўная пабудавала перад касцёлам царкву і плануе паставіць вялікі паклонны крыж, які будзе бачны з МКАД-2 і ззяць уначы.
Праект паклоннага крыжа побач з царквой абраза Маці Божай «Млекакарміцелька» быў прадстаўлены на XXII Рэспубліканскім конкурсе на найлепшы архітэктурны праект і пабудову.
Паклонны крыж і музей крыжоў пад адкрытым небам каля царквы ў Аколіцы. З праекта, пададзенага на конкурс
Паводле яго, на крутым маляўнічым схіле за царквой паставяць вялікі металічны крыж «Нявеста Ненявестная», які будзе добра бачны з МКАД-2, якая праходзіць праз вёску.
Паклонны крыж з абразом «Нявеста Ненявестная». З праекта, пададзенага на конкурс
Паклонны крыж з абразом «Нявеста Ненявестная». З праекта, пададзенага на конкурс
Рукавы крыжа, чыя вышыня будзе дасягаць 9 метраў, будуць выкананы з сеткавых абалонак са стальных стрыжняў. Яны будуць пашырацца да канцоў, а ў сяродкрыжжы будзе ўстаўлены вітражны абраз «Нявеста Ненявестная» ў пазалочаным абрамленні. Унутры абалонкі будзе яшчэ адзін, шасціканцовы праваслаўны крыж, які будзе ззяць ноччу.
Паклонны крыж будзе ззяць уначы. З праекта, пададзенага на конкурс
Паклонны крыж будзе ззяць уначы. З праекта, пададзенага на конкурс
Тэрыторыя вакол будзе ўпарадкаваная і забрукаваная гранітам.
Ад падножжа крыжа ўніз, у бок дарогі, плануюць паставіць сходы, на пляцоўках якой размясціць музей пад адкрытым небам — крыжы розных формаў і тыпаў.
Сярод крыжоў можна заўважыць і цюркскую каменную бабу з вусам. З праекта, пададзенага на конкурс
Цюркская (6—8 стст.) і кіпчакская (11 ст.) каменныя бабы. Фота: Вялікая расійская энцыклапедыя
Адкуль іх збіраюцца ўзяць, не паведамляецца, аднак на візуалізацыях можна заўважыць і цюркскую каменную бабу VI—VIII стагоддзяў з выявай вусатага ваяра з чараю ў руцэ, якая ніяк не звязаная з хрысціянствам — такіх баб ставілі ў Цюркскім каганаце.
Магчыма, гэта проста гумарыстычная «пасхалка», пакінутая архітэктарамі для ўважлівых гледачоў.
Сама мясцовасць — аколіца Халяўшчына, якая за савецкім часам стала проста Аколіцай — мае складаную канфесійную гісторыю. Першапачаткова тут стаяў уніяцкі, а пазней каталіцкі Халяўшчынскі касцёл, звязаны з цудатворным абразом Маці Божай Карміцелькі (Lactasti Sacro Ubere). Пасля здушэння паўстання 1863 года новаўзведзены мураваны касцёл у псеўдагатычным стылі перарабілі ў праваслаўную царкву.
Мураваны касцёла Святога Мацвея, які большую частку сваёй гісторыі быў Крыжагорскай царквой
Пасля сама мясцовасць атрымала штучную назву Крыжагорск, а Халяўшчынская царква стала Крыжагорскай, каб сцерці напамін пра каталіцкі шляхецкі род Халеваў.
Храм быў ледзь не знішчаны пры будаўніцтве спарткомплексу «Раўбічы», але ў выніку ў ім размясцілі Музей беларускага народнага мастацтва, філіял Нацыянальнага мастацкага музея, які знаходзіцца тут і дагэтуль.
Нешматлікая каталіцкая грамада безвынікова дамагаецца вяртання будынка касцёла Святога Мацвея вернікам. Хоць мураваны храм большую частку свайго існавання, воляй расійскіх уладаў, быў праваслаўным, мясцовы прыход на яго больш, здаецца, не прэтэндуе.
Царква абраза Маці Божай «Млекакарміцелька». Фота: sobory.ru
У 2017—2022 гадах на ўзгорку, пры дарозе, што вядзе да гістарычнага храма была пабудаваная новая мураваная праваслаўная царква абраза Маці Божай «Млекакарміцелька», выкананая ў незвычайным стылі, дзе спалучаюцца формы пскоўскай школы дойлідства і сучасны дызайн. У ліпені 2025 года яе асвяціў мітрапаліт Веніямін.
{DONATE_PAYPAL}
Чытайце таксама:
Ва Уруччы высекуць сквер пад праваслаўную царкву. Натхняліся раннехрысціянскай архітэктурай Рыма
У Аколіцы пад Мінскам адшукалі магілу настаўніка Янкі Купалы