БЕЛ Ł РУС

Мантажніку оптавалакна прысудзілі 5,5 года калоніі за актыўнасць у тэлеграме. Спачатку — за каментары, пасля — за Гаюн

30.10.2025 / 13:37

Nashaniva.com

Іван Качанаў доўгі час працаваў у розных фірмах, якія займаліся стварэннем оптавалаконных сетак. Паралельна ён напісаў больш за 50 тысяч каментароў у тэлеграме, частка з якіх — з палітычных чатаў. Цяпер ён за кратамі, а нядаўна яго асудзілі ў другі раз.

Іван Качанаў. Фота з ягонага тэлеграма

Івану Качанаву 36 гадоў. Ён мінчук. У 9‑м класе пайшоў у Мінскі дзяржаўны вышэйшы радыётэхнічны каледж, які скончыў у 2011-м. Пасля паступіў на скарочанае завочнае (3,5 года) у Інстытут інфармацыйных тэхналогій БДУІР.

Яшчэ са школьных гадоў ён цікавіўся сеткамі. Іван быў актыўным карыстальнікам форума «Мінскія хатнія сеткі» (homenet.tut.by), які яднаў карыстальнікаў мінскіх прыватных сетак.

У каледжы ён падпрацоўваў рознарабочым. Пасля працаваў тэхнікам па сувязі ў розных кампаніях — АДА «Ізернат», ЗАТ «Сола» (правайдэр Solo), Праектна-вытворчым архітэктурна-планіровачным бюро Мінскага райвыканкама, «Атлант-тэлекам» і іншых.

Апошнім часам Іван працаваў у кампаніі «Белэнерга». Яго праца — устаноўка і наладка оптавалаконных сетак і камунікацый.

Іван Качанаў на працы. Фота з ягонага фэйсбука

Іван Качанаў вельмі актыўны тэлеграм-каментатар. З 2019 па 2025 гады ён пакінуў у адкрытых чатах больш за 50 тысячаў паведамленняў. Большая іх частка не датычная палітыкі.

Іван вельмі шмат пісаў на прафесійных форумах — абмяркоўваў тэхналогіі, даваў прафесійныя парады па мантажы і інструментах для сетак. Іван вельмі любіць сваю працу і шмат працуе. Асабліва даставалася тым, хто прапанаваў схітрыць ці зрабіць працу няякасна. Удзельнічаў ён і ў прафесійных канферэнцыях — напрыклад, MikroTik User Meeting у Мінску, канферэнцыі для карыстальнікаў сеткавага абсталявання фірмы MikroTik.

Але пісаў ён і пра палітыку. Качанаў падтрымаў рух за свабодныя выбары і асудзіў уварванне Расіі ва Украіну. Пры гэтым ён крытыкаваў Еўропу і НАТА, выступаў супраць цкавання беларусаў за мяжой і супраць рэпрэсій, а таксама супраць рэпрэсій за рускую мову ва Украіне, бо гэта «распальвае агрэсію».

Іван Качанаў на працы. Фота з ягонага фэйсбука

Івана Качанава затрымалі 12 ліпеня 2024 года. Спачатку за каментары ў тэлеграме. Акаўнт Івана зарэгістраваны на яго ўласны нумар, які ён не хаваў. Таксама там стаялі ягоныя фота, таму адшукаць яго сілавікам было нескладана.

Дакладная сутнасць абвінавачанняў невядомая, але асудзілі Івана па трох артыкулах — «удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК), «падрыхтоўка да распальвання варожасці групай асобай або якое пацягнула смерць чалавека ці іншыя цяжкія наступствы» (ч. 3 арт. 130 КК праз ч. 1 арт. 13 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). За гэта яму прысудзілі 5 гадоў калоніі.

Праз два тыдні пасля этапа ў калонію супраць яго завялі новую крымінальную справу — за Гаюна. Івана асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК).

Агульны прысуд Івану — пяць з паловай гадоў калоніі.

Чытайце таксама:

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Пасадзілі падпалкоўніка і былога выкладчыка Вайсковай акадэміі. Ён падтрымаў народ у 2020-м

Якія прысуды даюць па справе Гаюна?

Каментары да артыкула