Яго памочнік быў агентам «Штазі», а палітыку тайна падтрымліваў КГБ. Чаму нас вучыць гісторыя Вілі Бранта
Жыццё Бранта вучыць нас: не заўсёды перад намі ці побач з намі тыя, за каго яны сябе выдаюць. Брант рос без бацькі і быў вымушаны ўцячы з радзімы, калі стаў ворагам нацысцкага рэжыму. Пазбаўлены германскага грамадзянства, ён доўгі час вёў барацьбу з эміграцыі. Але пра яго «Новую ўсходнюю палітыку», якую ён павёў, калі стаў канцлерам, дагэтуль спрачаюцца: гэта была спецаперацыя ўплыву КГБ ці падмурак для будучага аб’яднання Германіі.
Генеральны сакратар ЦК КПСС і фактычны кіраўнік СССР Леанід Брэжнеў (злева) і канцлер ФРГ Вілі Брант. Бон. 20 мая 1973 года. Фота: AP Photo
Юнацтва Герберта Фрама
Герберт Фрам — гэта імя Вілі Бранта пры нараджэнні. Ён з'явіўся на свет 18 снежня 1913 года ў рабочым прыгарадзе горада Любэк. Яго маці, Марта Фрам (нарадзілася Эверт), працавала магазіншчыцай, але яе сапраўднай страсцю была палітыка і прафсаюзы.
Герберт Фрам. 1914 год. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
Яна была актывісткай Сацыял-дэмакратычнай партыі (СДПГ) і займала даволі актыўную пазіцыю ў мясцовых прафсаюзах. Марта шмат чытала і, у адрозненне ад многіх суседзяў з бедных кварталаў, гаварыла на літаратурнай нямецкай мове. Аднак уласным сынам жанчына амаль не займалася.
Марта была незамужняй і нарадзіла хлопчыка ад настаўніка з Гамбурга, які ў 1912—1913 гадах часова выкладаў у сярэдняй школе ў Любэку. Калі маці рэгістравала нараджэнне сына, яна не назвала імя бацькі. Сам Герберт даведаўся пра яго асобу толькі ў 1947 годзе.
Спачатку Герберт рос з маці. Але яна працавала, а па буднях дзіця глядзела суседка. З 1919 года клопат пра дзіця ўзяў на сябе яго прыёмны дзядуля Людвіг Фрам (1875—1935), які не быў яму родным. Мужчына ажаніўся з Вільгельмінай, маці Марты, у 1899 годзе.
Пасля вяртання з Першай сусветнай вайны Людвіг моцна палюбіў пяцігадовага Герберта. Ён забраў яго да сябе і гадаваў яго нават пасля таго як Вільгельміна памерла, а ён наноў ажаніўся.
Вяселле Людвіка Фрама і Даратэі Залман. 1919 год. Маленькі Герберт Фрам сядзіць у першым радзе справа. Фота: picture press / STERN / willy-brandt-biografie.de
У выніку Герберт называў свайго прыёмнага дзядулю татам. У яго атэстаце сталасці (Abiturzeugnis) Людвіг Фрам быў пазначаны як бацька. Толькі за год да смерці мужчыны Герберт даведаўся, што той не яго родны дзядуля.
У верасні 1927 года маці Герберта выйшла замуж, а ў лютым 1928 года нарадзіўся яго зводны брат Гюнтэр Кульман. З таго часу Герберт бачыў маці «толькі спарадычна». Згадваючы дзяцінства, Брант назваў сваё юнацтва «беспрытульным», а маці — «жанчынай, якая мяне нарадзіла».
Маленькі Герберт Фрам (сядзіць злева ў першым радзе) і ягоная маці Марта (непасрэдна за ім) сярод удзельнікаў таварыства «Любекскія сябры прыроды»
Пазашлюбнае нараджэнне Бранта, якое ў вачах тагачаснага грамадства несла цяжар ганьбы, стала балючай зброяй у руках яго палітычных апанентаў. Нават калі ён ужо ўзначальваў Федэратыўную Рэспубліку, гэтая акалічнасць рэгулярна выкарыстоўвалася для яго прыніжэння.
Школа і пачатак цікавасці да палітыкі
Менавіта Людвіг Фрам, які быў актывістам Сацыял-дэмакратычнай партыі, стаў для Герберта не толькі апорай у сям'і, але і першым настаўнікам у палітыцы. Дзякуючы дзядулю, юны Герберт паглыбіўся ў ідэалогію, вывучаючы працы марксіста Аўгуста Бебеля.
Герберт Фрам у свой першы школьны дзень. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
У 1925 годзе ён стаў членам Kinderfreunde — дзіцячай групы сацыялістычнага аб’яднання «Сокалы». З красавіка 1929 года ён стаў членам арганізацыі «Сацыялістычная рабочая моладзь» (SAJ).
Герберт Фрам у 1923 годзе. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
Менавіта ў гэтым асяроддзі, пачынаючы з 1927 года, Фрам стаў пісаць. Газета Lübecker Volksbote, мясцовае выданне СДПГ, у лютым 1927 года надрукавала яго першы артыкул з дзвюма замалёўкамі пра аднадзённы паход школьніка з сябрамі да вытокаў ракі Травэ. З 1928 года Фрам пачаў публікаваць тэксты ўжо на палітычныя тэмы.
Герберт Фрам у дзень сваёй свецкай урачыстасці паўналецця (Jugendweihe). 1 красавіка 1928 года. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
У 1930 годзе юнак фармальна ўступіў у СДПГ. Але ўжо праз год, у кастрычніку 1931-га, парывае з ёю і ўступае ў нядаўна створаную Сацыялістычную рабочую партыю Германіі (SAPD).
У 1932 годзе Фрам бліскуча здае выпускныя экзамены ў гімназіі. Адметна, што ў заяве на допуск да іспытаў ён пазначыў сваё жыццёвае прызначэнне: журналіст. Аднак замест вучобы юнак пачаў стажыроўку ў Любеку ў кампаніі, якая займалася марскімі перавозкамі, пасярэдніцтвам пры аперацыях з суднамі і экспедыцыяй грузаў.
Герберт Фрам. 1932 год. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
Нарвегія і псеўданім Вілі Брант
Пасля прызначэння Гітлера рэйхсканцлерам у студзені 1933 года і пачатку нацыянал-сацыялістычнай дыктатуры Сацыялістычная рабочая партыя была прызнаная экстрэмісцкай, забароненая і вымушана працягваць дзейнасць у падпольных умовах.
У сакавіку 1933 года Герберт Фрам атрымаў заданне арганізаваць выезд аднаго з кіраўнікоў партыі, Паўля Фроліха, у Осла. Аднак Фроліха арыштавалі, і таму Фрам сам узяў на сябе задачу стварэння арганізацыйнай ячэйкі ў Осла. Менавіта ў гэты перыяд ён прыняў «баявы псеўданім» Вілі Брант (Willy Brandt), які захаваў на ўсё астатняе жыццё.
Мужчына эміграваў у Нарвегію праз Данію. З 1934 года ў Осла ён пачаў вывучаць гісторыю, але не скончыў навучання, бо яго цалкам паглынула палітычная дзейнасць і праца журналіста ў нарвежскіх газетах. У Осла Брант таксама кіраваў цэнтральным офісам Моладзевага саюза Сацыялістычнай рабочай партыі Германіі і прадстаўляў яго перад міжнароднымі арганізацыямі.
Вілі Брант у традыцыйным нарвежскім студэнцкім картузе. 1934 год. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
У кастрычніку 1936‑га Вілі Брант з нарвежскім пашпартам на імя Гунара Гасланда адпраўляецца ў Берлін. Яго задача — наладзіць сувязі з таварышамі ў падполлі і каардынаваць супраціў. Брант жыў у Берліне пад выглядам нарвежскага студэнта. Першую палову дня ён праводзіў у Прускай дзяржаўнай бібліятэцы, а ў другой палове дня і ўвечары, а таксама на выхадных тайна сустракаўся з сябрамі Сацыялістычнай партыі Германіі. Прабыўшы амаль да Калядаў, Брант вярнуўся ў Нарвегію.
Вілі Брант і Гертруда Меер. Снежань 1933 года. Яны былі парай з 1931 года. Фота: Walter-A.-Behrendsohn-Forschungsstelle für deutsche Exilliteratur, Hamburg / willy-brandt-biografie.de
Пашпарт ён атрымаў дзякуючы фіктыўнаму шлюбу паміж яго сяброўкай юнацтва, Гертрудай Меер (якая таксама эмігравала ў Нарвегію і жыла з Брантам да 1939 года), і сапраўдным нарвежцам Гунарам Гасландам. Гэты шлюб даў дзяўчыне нарвежскае грамадзянства, а Бранту — магчымасць выкарыстоўваць імя яе мужа для падпольнай працы.
Іспанія і Другая сусветная вайна
У трыццаць сёмым годзе Вілі Брант у якасці журналіста едзе ў ахопленую грамадзянскай вайной Іспанію. Ён абірае бок трацкісцкай Рабочай партыі марксісцкага адзінства (POUM) антысталінскага кірунку, якая падтрымлівала рэспубліканцаў. У Іспаніі Брант стаў сведкам непрымірымай барацьбы левых паміж сабой.
Пасля чатырох месяцаў знаходжання ў Іспаніі Брант спешна выязджае ў Парыж, а адтуль — назад у Осла.
З восені 1938 года Вілі Брант працуе сакратаром «Нарвежскага камітэта дапамогі Іспаніі» і выконвае функцыі прэс-сакратара ў Осла. У снежні 1939 года арганізацыя змяняе назву на «Нарвежская народная дапамога» і пашырае сваю дзейнасць на аказанне дапамогі цывільным ахвярам савецкай-фінскай «зімовай вайны» (1939—1940).
Акрамя таго, юнак рэгулярна выступае як запрошаны лектар на розных адукацыйных мерапрыемствах і курсах для рабочых.
Кіраўнік курса Вілі Брант (другі справа ў апошнім радзе) з навучэнцамі Рабочай вышэйшай школы. Мальмё. 1939 год. Фота: Arbeiderbevegelsens arkiv og bibliotek, Oslo / willy-brandt-biografie.de
У верасні 1938 года ўрад гітлераўскай Германіі пазбавіў Вілі Бранта грамадзянства. Стаўшы апатрыдам, ён звярнуўся з просьбай аб наданні нарвежскага грамадзянства. Аднак у чэрвені 1939‑га Міністэрства юстыцыі ў Осла прыпыніла разгляд ягонай заявы.
Фармальна Брант адпавядаў галоўнай умове — ён пражыў у Нарвегіі больш за пяць гадоў. Але не змог пацвердзіць рэгулярную аплату падаткаў, бо не меў дазволу на працу і, адпаведна, не мог афіцыйна атрымліваць даход.
Нягледзячы на гэта, улады далі 25‑гадоваму Бранту пастаянны дазвол на жыхарства замест часовага, які раней трэба было падаўжаць кожныя паўгода. Так юнак застаўся ў Нарвегіі, хоць і без грамадзянства.
У красавіку 1940‑га гітлераўскія войскі акупавалі Нарвегію. Што ж рабіць Герберту Фраму, ён жа Вілі Брант, які афіцыйна лічыцца ворагам Рэйха?
Нямецкія танкі ў Осла. Фота: Bundesarchiv / willy-brandt-biografie.de
Каб не трапіць у рукі нацыстаў, Брант пакідае цяжарную жонку ў Осла ў знаёмай нарвежскай пары, а сам з некалькімі актывістамі Нарвежскай партыі працы на грузавіку адпраўляецца на ўсход краіны. Пазней ён тайна перамяшчаецца па краіне, спрабуючы яе пакінуць, і ў пэўны момант трапляе ў палон.
Аднак, паколькі падчас палону мужчына быў апрануты ў форму нарвежскага салдата, ён застаецца не ідэнтыфікаваны. Каля двух месяцаў Брант праводзіць у лагеры для ваеннапалонных, а потым вязняў распускаюць па дамах.
Прабыўшы некаторы час на дачы пад Осла, 30 чэрвеня ён адпраўляецца да мяжы са Швецыяй. Мясцовы селянін падказвае яму таемны шлях праз мяжу, і ў гадзіну ночы 1 ліпеня Брант здаецца шведскім вайскоўцам каля Скілінгмарка.
Вілі Брант пад Осла. Чэрвень 1940 года. Фота: Keystone / willy-brandt-biografie.de
У Стакгольме ў жніўні 1940 года Брант атрымлівае нарвежскі пашпарт і разам з двума шведскімі журналістамі засноўвае шведска-нарвежскае прэс-агенцтва, якое забяспечвала навінамі 70 штодзённых газет у Швецыі. Таксама ён працуе рэдактарам у нарвежскім часопісе Håndslag і піша кнігі.
30 кастрычніка 1940 года, калі нарадзілася першае дзіця Вілі Бранта — дачка Ніна, малады бацька знаходзіцца ў Стакгольме. Яго аддзяляе ад жонкі, якая засталася ў Осла, больш за 400 кіламетраў. Брант упершыню ўбачыў сваё дзіця толькі праз два месяцы ў снежні 1940 года падчас таемнага візіту ў сталіцу Нарвегіі. Сям'я ўз'ядналася ў маі 1941 года ў Стакгольме, дзе і быў заключаны шлюб.
Брант працуе журналістам, а Карлота — у прэс-службе нарвежскага пасольства. Па тых часах сям’я жыве даволі добра: яны могуць дазволіць сабе штогод і зімовы лыжны, і летні адпачынак, што выклікае зайздрасць у іншых эмігрантаў.
Ніна Фрам (Ninja Frahm). Прыкладна 1941 год. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
Вяртанне на Радзіму
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1945—1946 гадах, Вілі Брант не раз прыязджаў у Германію як карэспандэнт скандынаўскіх газет, у прыватнасці, вёў рэпартажы з Нюрнбергскага працэсу над галоўнымі ваеннымі злачынцамі.
У маі 1946 года ён наведвае родны Любэк, дзе выступае з прамовай, пасля якой яму паступіла прапанова стаць бургамістрам. Аднак, як ён пазней прызнаваўся, «Любэк падаўся мне зацесным».
Замест Любэка, па прапанове міністра замежных спраў Нарвегіі, ён адправіўся ў Берлін у якасці прэс-аташэ нарвежскай вайсковай місіі ў званні маёра.
Вілі Брант ў 1945 годзе. Фота: Arbeiderbevegelsens arkiv og bibliotek, Oslo / willy-brandt-biografie.de
У сорак шостым годзе ў Нарвегіі выходзіць яго кніга «Злачынцы ды іншыя немцы». У ёй Брант разважае пра адказнасць і віну і прыходзіць да высновы: віна не можа быць калектыўнай і яна не павінна перадавацца ў спадчыну. Але калектыўнай можа быць адказнасць.
На радзіме адна толькі назва кнігі дзесяцігоддзямі проста раздражняла немцаў. Толькі ў 70‑я гады ў Заходняй Германіі публікуюць асобныя ўрыўкі з яе.
У 1948 годзе Вілі Брант вярнуў нямецкае грамадзянства (страціўшы адначасова нарвежскае) і пайшоў у палітыку. У 1949 годзе, па яго заяве, начальнік паліцыі Берліна афіцыйна дазволіў яму змяніць імя на Вілі Брант.
Узыходжанне ў Берліне
У Берліне Вілі Брант становіцца членам Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Брант актыўна супрацоўнічаў з «Усходнім бюро СДПГ», якое займалася зборам інфармацыі і падтрымкай нелегальных ужо сацыял-дэмакратаў у савецкай акупацыйнай зоне (пазней ГДР).
Ён часта агучваў вынікі гэтай працы на міжнародных прэс-канферэнцыях, з-за чаго ўлады Усходняй Германіі лічылі яго адным з кіраўнікоў «шпіёнскага цэнтра».
З 1949 года Брант як дэпутат ад Заходняга Берліна пачаў працаваць у першым нямецкім Бундэстагу (парламенце ФРГ).
У лістападзе 1956 года ў Берліне выбухнулі маштабныя антысавецкія дэманстрацыі. Брант, у адрозненне ад іншых палітыкаў, заняў цвёрдую пазіцыю, выступіўшы перад натоўпам. Яго здольнасць супакоіць дэманстрантаў і прадухіліць выбухованебяспечную сітуацыю прынесла яму шырокую папулярнасць.
Вілі Брант сядзіць у паліцэйскай машыне, адкуль звяртаецца да дэманстрантаў. 5 лістапада 1956 года. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
3 кастрычніка 1957 года Вілі Брант быў абраны правячым бургамістрам Берліна (мэрам) і займаў гэтую пасаду да снежня 1966 года. Яго пераабіралі двойчы, у 1958 і 1963.
Паход у палітыку нацыянальнага маштабу
Мэр Брант стаў вядомым ва ўсёй Германіі ў жніўні 1961 года, калі ГДР паставіла Берлінскую сцяну. На трэці дзень пасля яе ўзвядзення Брант сабраў 300‑тысячны мітынг, а таксама накіраваў асабісты ліст прэзідэнту ЗША Джону Кенэдзі з патрабаваннем неадкладнага ўмяшання.
У 1963 годзе ягоны аўтарытэт узрос пасля візіту Джона Кенэдзі ў Заходні Берлін. На мітынгу амерыканскі прэзідэнт вымавіў знакамітыя словы «Я — берлінец», а мясцовыя жыхары аддалі належнае не толькі госцю, але і бургамістру, які яго прымаў.
Прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі (на пярэднім плане на заднім сядзенні аўто), бургамістр Берліна Вілі Брант (у цэнтры) і канцлер ФРГ Конрад Адэнаўэр. Берлін, 26 чэрвеня 1963 года. Фота: Wikipedia Commons
Але пасады бургамістра палітыку было мала. У 1961 і 1963 гадах Вілі Бранта вылучаюць на пасаду федэральнага канцлера. У 1964 годзе яго абралі старшынёй СДПГ, а ў 1966 годзе ён увайшоў ва ўрад «Вялікай кааліцыі», дзе атрымаў пасаду міністра замежных спраў.
На гэтай пасадзе Брант прасоўваў адыход ад папярэдняга курсу на канфрантацыю з краінамі Усходняга блока на карысць палітыкі «змены праз збліжэнне» (Wandel durch Annäherung). Яскравай праявай яе стала ўстанаўленне дыпламатычных адносін ФРГ з Югаславіяй і Румыніяй.
Канцлер Германіі: Новая ўсходняя палітыка
У 1969 годзе Вілі Бранта з трэцяй спробы абіраюць канцлерам Заходняй Германіі. У гісторыі краіны і ўсёй Еўропы адкрываецца новая старонка.
Вілі Брант пасля абрання федэральным канцлерам. 21 кастрычніка 1969 года. Фота: Wikimedia Commons
Заваяваўшы пасаду канцлера, Вілі Брант прапануе Заходняй Германіі лозунг: «Больш смеласці ва ўзмацненні дэмакратыі». «Сапраўдная дэмакратыя, — казаў Брант, — гэта салідарная адказнасць незалежных людзей. Грамадзяне павінны быць уцягнутыя ў дзяржаўнае кіраванне і прыняцце рашэнняў».
Урад Вілі Бранта праводзіць у Заходняй Германіі важныя рэформы. Нягледзячы на памылкі і пралікі, за тры гады ўдаецца палепшыць ахову здароўя, асабліва ў сферы барацьбы з анкалагічнымі захворваннямі. Рэфармуецца сістэма пенсій, прафсаюзаў, горадабудаўніцтва і страхавання дзяцей ад няшчасных выпадкаў. І Вілі Брант — адзін з першых заходніх палітыкаў, хто сур'ёзна заклапочаны экалагічнымі праблемамі.
Аднак у гісторыю Брант увойдзе перадусім як аўтар карэннага пералому ў замежнай палітыцы, які атрымаў назву «Новая ўсходняя палітыка» (Neue Ostpolitik).
Да гэтага з 1955 года ў аснове замежнай палітыкі Федэратыўнай Рэспублікі Германія ляжала дактрына Гальштайна (Hallstein-Doktrin). Згодна з гэтай дактрынай, ФРГ не прызнавала ГДР і не ўдзельнічала ў дыпламатычных адносінах з дзяржавамі, якія прызнавалі суверэнітэт Усходняй Германіі.
Брант жа рашуча адмовіўся ад гэтага падыходу, які ён лічыў тупіковым і шкодным для нямецкага народа. Ён прапанаваў палітыку «малых крокаў» і наладжвання кантактаў. Ён разумеў, што аб'яднанне Германіі немагчымае без дыялогу, а канструктыўны дыялог — без узаемнага прызнання.
У гісторыкаў і палітычных аглядальнікаў да гэтага часу няма адзінага меркавання наконт «Новай усходняй палітыкі». Хаця яна ўрэшце і стала падмуркам для аб’яднання Германіі, яе рэалізацыя ў перыяд Халоднай вайны выклікала шмат спрэчак.
Існавалі (і існуюць) здагадкі і сцвярджэнні, што дактрына Бранта магла тайна падтрымлівацца і нават фармавацца з удзелам КГБ СССР, які бачыў у «збліжэнні» магчымасць паслаблення заходняга блока і стабілізацыі ўсходніх сатэлітаў. Для палітычных праціўнікаў Бранта гэта было сведчаннем здрады, але для яго прыхільнікаў — праявай неардынарнага мыслення і сапраўднага імкнення да міру.
Калі ставіць пад сумнеў гэты курс з-за магчымага ўплыву КГБ, трэба памятаць, што ад «Новай усходняй палітыкі» не адмовіліся і наступныя кіраўнікі ФРГ. Не толькі аднапартыец Бранта Гельмут Шміт (1974—1982), але і хрысціянскі дэмакрат Гельмут Коль (1982—1998) працягвалі развіваць «дыялог» з Усходам дзеля аб’яднання.
У 1970 годзе Брант падпісаў Маскоўскую дамову, якая ўключала абавязацельства адмовіцца ад прымянення сілы і прызнаць сучасныя еўрапейскія межы. У прыватнасці, ФРГ адмаўлялася ад прэтэнзій на Калінінградскую вобласць, а СССР абяцаў не перашкаджаць аб'яднанню Германіі, калі да гэтага з'явяцца перадумовы ў будучыні.
Пазней у тым жа годзе ён падпісаў дагавор, які афіцыйна прызнаваў Польскую Народную Рэспубліку ў яе межах пасля 1945 года.
Сімвал пакаяння
7 снежня 1970 года падчас свайго візіту ў Польшчу Вілі Брант зрабіў нечаканы жэст. Дыпламатычным пратаколам было прадугледжана ўскладанне вянка да помніка героям Варшаўскага гета. Выканаўшы абавязковую частку цырымоніі, Вілі Брант апусціўся на калені проста на мокрую халодную плітку перад манументам. На радзіме яго ўчынак ацанілі не ўсе. Палова заходніх немцаў палічыла яго залішнім і недарэчным.
Вілі Брант перад помнікам героям Варшаўскага гета. 7 снежня 1970 года. Фота: AP Photo / file
У 1971‑м Вілі Брант у чарговы раз прыехаў у Осла, гэтым разам на ўручэнне Нобелеўскай прэміі міру. У 1973 годзе ён стаў першым нямецкім канцлерам, які выступіў з трыбуны ААН і наведаў Ізраіль.
У тым жа годзе ўступіў у сілу Асноватворны дагавор (Grundlagenvertrag) паміж ГДР і ФРГ. Дзяржавы прызналі адна адну, а затым адначасова сталі членамі ААН.
Шпіёнскі скандал і адстаўка
Аднак кіраванне Бранта было далёка не бясхмарным. Увосень 1972 года яго палітычная кар’ера літаральна вісела на валаску. Прамыя праціўнікі з Хрысціянска-дэмакратычнага саюза ініцыявалі ў Бундэстагу вотум недаверу.
Вілі Брант. 1972 год. Фота: AP Photo
Лёс канцлера вырашаўся некалькімі галасамі, і толькі з невялікай перавагай ён утрымаўся пры ўладзе. Пазней высветлілася, што прынамсі два дэпутаты атрымалі хабар ад Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ГДР (Штазі)— па 50 000 марак кожны.
Гэтая цяжка здабытая перамога стала апошнім вялікім поспехам Бранта. Хоць ён і выйграў палітычную бітву, унутраная стабільнасць яго ўрада пачала хутка слабнуць. Давялося правесці датэрміновыя парламенцкія выбары, пасля якіх узніклі вострыя рознагалоссі з саюзнікамі па кааліцыі і ўласнай партыі.
На гэтым фоне краіну ахапіў новы ўдар — нафтавы крызіс 1973 года. Упершыню ў гісторыі ФРГ федэральны ўрад увёў абмежаванні на рух аўтамабіляў, каб эканоміць паліва. Тэмпы эканамічнага росту рэзка знізіліся, беспрацоўе вырасла, а высокія тарыфныя пагадненні, якіх дамагаліся прафсаюзы, яшчэ больш скарацілі магчымасці ўрада для далейшых рэформаў. Усё гэта падарвала аўтарытэт Бранта і стварыла атмасферу агульнай напружанасці.
Менавіта ў гэты момант урад сутыкнуўся з новым — і фатальным — ударам. Вясной 1973 года з’явіліся падазрэнні, што асабісты рэферэнт канцлера, Гюнтэр Гіём, можа быць агентам ГДР. Нягледзячы на сумневы, Гіём працягваў працаваць пры Бранце і нават суправаджаў яго з сям’ёй на адпачынку ў Нарвегіі.
Віллі Брант (сядзіць) і Гюнтэр Гіём. Фота: Wikimedia Commons
У канцы красавіка 1974 года, пасля афіцыйнага візіту ў Егіпет, Бранта ў аэрапорце сустракае міністр унутраных спраў Ганс-Дзітрых Геншэр і дакладвае: Гюнтэр Гіём арыштаваны, ён сапраўды шпіён ГДР. У краіне выбухнуў грандыёзны палітычны скандал. Вілі Брант узяў на сябе ўсю адказнасць і 6 мая 1974 года падаў у адстаўку.
Яшчэ 13 гадоў пасля адстаўкі Вілі Брант узначальваў СДПГ, абіраўся ад яе ў Еўрапейскі парламент.
Міністр фінансаў Ізраіля Шымон Пэрэс (зправа) разам з Вілі Брантам падчас банкета з нагоды 75‑годдзя былога федэральнага канцлера Германіі. Святкаванне было праведзенае пазней за фактычную дату. 20 студзеня 1989 года. Фота: AP Photo / Fritz Reiss
Адным з апошніх гучных учынкаў Бранта быў палёт у Ірак 9 лістапада 1990 года з мэтай вызвалення 174 заходніх закладнікаў Садама Хусэйна. Са жніўня 1992 года стан здароўя Бранта стаў моцна горшаць. Ён памёр ад раку 8 кастрычніка 1992 года.
Роўна за два гады да гэтага Брант змог убачыць вынік сваёй Новай ўсходняй палітыкі — аб’яднанне Германіі.
Брант не быў святы ў асабістым жыцці
Брант любіў выпіць, цаніў утульнасць і асабісты камфорт. За вонкавай стрыманасцю хавалася хісткая душэўная раўнавага — ён часта ўпадаў у меланхолію, асабліва пасля няўдач, і пакутаваў ад перыядаў дэпрэсіі.
Жанчыны заўсёды адчувалі яго харызму, але блізкія казалі пра яго: «Ён хутчэй рамантык, чым бабнік».
Афіцыйна Брант быў тройчы жанаты. Падчас эміграцыі ў Нарвегіі ён сустрэў сваю першую жонку — Карлоту Торкільдсэн, якая была старэйшая за яго на 9 гадоў. Яны пачалі жыць разам пасля таго як яго сяброўка юнацтва Гертруда Меер ў 1939 годзе выехала ў ЗША, і пабраліся шлюбам у 1941 годзе.
Карлота Торкільдсэн. Прыкладна 1940 год. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
У 1940 годзе, яшчэ да шлюбу, нарадзілася іх дачка Ніна Фрам. У 1944 годзе, калі Вілі Брант пасля цяжкай хваробы праходзіў рэабілітацыю ў Стакгольме, у яго пачаўся раман з Рут Бергаўст. 23‑гадовая нарвежка дапамагала па гаспадарцы ў іх з Карлотай кватэры і даглядала дачку Ніну. Нягледзячы на тое, што Рут была замужам, а Карлота не хацела разводу, адносіны сталі публічнымі ўжо летам 1944 года.
Канчаткова разрыў з Карлотай адбыўся на мяжы 1944/45 гадоў, калі яна з дачкой пакінула іх сумесную кватэру. Афіцыйны развод быў аформлены ў 1948 годзе.
Вілі Брант разам з дачкою Нінай і жонкай Карлотай Торкільдсен у Стакгольме. 1944 год. Фота: Willy-Brandt-Archiv im AdsD, Bonn / willy-brandt-biografie.de
У тым жа 1948 годзе Брант ажаніўся з Рут Бергаўст — таксама нарвежкай, якая падзяляла яго перакананні. Яна пераехала з ім у Берлін і заставалася побач у самыя цяжкія гады. У іх нарадзіліся трое сыноў — Петэр, Ларс і Маціяс. Аднак палітыка забірала ў Бранта ўвесь час і сілы: сям’я бачыла яго ў асноўным падчас афіцыйных падзей і фотасесій.
Вілі Брант (у цэнтры) і Рут Бергаўст. Берлін. Чэрвень 1947 года. Фота: Bundesregierung / willy-brandt-biografie.de
Асабліва напружанымі былі адносіны са старэйшым сынам Петэрам, які ў 1968 годзе стаў актыўным удзельнікам студэнцкага руху і не падзяляў бацькавых кампрамісных палітычных поглядаў.
Вілі Брант разам з сынам Петэрам. 1949 год. Фота: Archiv der sozialen Demokratie, Bonn / willy-brandt-biografie.de
Шлюб з Рут быў афіцыйна скасаваны ў 1980 годзе, і, як сведчаць крыніцы, у дзень разводу яны бачыліся апошні раз.
Яшчэ да разводу, у красавіку 1979 года, Вілі Брант пераехаў у горад Ункель разам са сваёй тагачаснай спадарожніцай жыцця, гісторыкам і публіцысткай Брыгітай Зеебахер, якая была малодшай за палітыка на 33 гады. Брант і Зэебахер ажаніліся ў канцы 1983 года, і гэты шлюб працягваўся да яго смерці.
Вілі Брант са сваёй трэцяй жонкай Брыгітай Зэебахер. Верасень 1985 года. Фота: AP Photo / Elke Bruhn-Hoffman
Нават праз дзесяцігоддзі тэма асабістага жыцця Вілі Бранта заставалася вострай.
Так, у 2013 годзе часопіс Der Spiegel пачаў артыкул пра канцлера тэзісам: «першы сацыял-дэмакрат на чале ФРГ «быў скінуты спісам жаночых імёнаў». Брант і сам пацвярджаў яшчэ ў 1970‑я гады, што падчас свайго канцлерства ён меў працяглыя пазашлюбныя адносіны.
Яшчэ адзін «цёмны штрых» да партрэта палітыка — гэта супрацоўніцтва з амерыканскай вайсковай разведкай (CIC) у 1948—1952 гадах. Der Spiegel у 2021 годзе апублікаваў звесткі гісторыка Томаса Богхардта, які сцвярджаў, што за даныя пра ГДР і савецкія войскі амерыканцы штомесяц плацілі Бранту 250 марак.
Таксама сцвярджалася, што ён разам з яшчэ адным нямецкім журналістам у 1950 годзе атрымаў ад амерыканцаў 200 тысяч нямецкіх марак на развіццё палітычнай кар’еры.
А ў якасці канцлера ФРГ у 1972‑м годзе ён падпісаў адыёзны «Указ аб радыкалах» (Radikalenerlass). Ён патрабаваў, каб перад прыёмам на дзяржаўную службу ўсіх кандыдатаў правяралі на прадмет лаяльнасці да свабоднай дэмакратычнай сістэмы. Тых, хто актыўна выступаў супраць гэтай сістэмы (г.зн. лічыўся «радыкалам»), забаранялася прымаць на працу ў якасці дзяржаўных служачых.
Закон выклікаў шырокую крытыку, паколькі паняцце «радыкал» тлумачылася вельмі агульна і неканкрэтна. У краіне была створана сістэма праверак, якая прадугледжвала запыты ў паліцыю і спецслужбы адносна палітычнай прыналежнасці кандыдата. Хоць меркавалася, што недапушчэнне да дзяржаўнай службы будзе ўжывацца да любога «радыкала», на практыцы закон закрануў пераважна левых актывістаў.
Вілі Брант разам з 19‑гадовым сынам Маціясам у Маскве. Сталіцу СССР ён наведаў на асабістае запрашэнне Леаніда Брэжнева. 1 ліпеня 1981 года. Фота: AP Photo
Нягледзячы на ўсе супярэчнасці і наіўнасць адносна памочніка-шпіёна, Вілі Брант стаў для сваёй нацыі сімвалам пераадолення віны і маральнага адраджэння. Яго палітыка і асабістая смеласць узяць на сябе адказнасць нават за чужыя памылкі навучылі немцаў верыць у дэмакратыю. Як сказаў аднойчы сам Брант: «Палітыка немагчымая без суперажывання».
Ужо ў ХХІ стагоддзі большасць грамадзян аб'яднанай Германіі назвалі Вілі Бранта ўзорам для нямецкага палітыка. Яго жэст у Варшаве стаў ключавым момантам у гісторыі нацыі, які цяпер ушаноўваецца, у тым ліку, на манеце ў два еўра.
Вілі Брант. 1973 год. Фота: Wikimadia Commons
«Добра, калі я змог зрабіць нешта, каб мае суайчыннікі і мая краіна сталі для Еўропы добрымі суседзямі», — сціпла адзначаў Брант.