Беларуска, вызваленая са скам-цэнтра ў М'янме: Нават калі збяжыш, невядома, каму званіць, там усё карумпавана
Беларуска (яе асоба не раскрываецца), якая трапіла ў рабства ў скам-цэнтр у М'янме, расказала АНТ, чаму адтуль складана збегчы.
Скрыншот відэа АНТ
Дзяўчына не раз ездзіла на працу ў Азію. Вось і ў апошні раз у Тайланд яе запрасіў нібыта правераны агент. Дзяўчыне прапанавалі працаваць тварам — усміхацца інвестарам на сустрэчах, каб тыя пагаджаліся ўкладаць грошы ў праекты. Але насамрэч вывезлі ў М'янму.
Яна расказвае, што на тэрыторыі скам-цэнтра (комплексы, дзе людзей утрымліваюць сілай і прымушаюць займацца анлайн-махлярствам) паўсюль пасты аховы і мужчыны са зброяй. Людзей, якіх там трымаюць, могуць забіць ці прадаць на органы
«Хлопцаў вешалі, вось так вось рукі зверху, яны віселі суткі там. Іх там маглі перыядычна збіваць. Мачыцца, усё астатняе — ну, як хочаш», — расказвае дзяўчына.
Яна дадае, што нават калі ўдасца збегчы, то невядома, да каго звяртацца па дапамогу, каму званіць, бо ўсё карумпавана і мясцовыя жыхары могуць цябе здаць.
Дзяўчыну змаглі вызваліць са скам-цэнтра з дапамогай беларускіх дыпламатаў. Верагодна, гэта яе ў сакавіку 2024 года вярнулі дадому.
Што са зніклай у М'янме Верай Краўцовай, афіцыйна дагэтуль невядома. Крыніца расійскага тэлеканала «Рен ТВ» паведамляла, што дзяўчыну знайшлі мёртвай.
Чытайце таксама:
Скам-фабрыкі ў М'янме — што гэта і як працуюць. На адну з такіх, верагодна, вывезлі і беларуску Веру
Што вядома пра 26‑гадовую беларуску Веру, якую прадалі на органы ў М'янму