БЕЛ Ł РУС

Экспарт бензіну з Беларусі ў Расію ў кастрычніку вырас у 30 разоў — прадаюць яго даражэй за расійскі

22.10.2025 / 16:13

Nashaniva.com

Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі бензіну ў Расію на фоне ўкраінскіх нападаў па расійскіх НПЗ. Эксперты кажуць, што гэта дапамагло стабілізаваць рынак.

Ілюстрацыйнае фота: LookByMedia

Беларусь у кастрычніку рэзка павялічыла пастаўкі бензіну ў Расію. Аб'ёмы продажу беларускага бензіну на Пецярбургскай біржы за 20 дзён кастрычніка выраслі ў 31,7 раза ў параўнанні з кастрычнікам 2024 года — да 24,72 тысячы тон.

Толькі 20 кастрычніка на біржы прадалі больш за тысячу тон беларускага бензіну. А рэкорд быў пастаўлены 15 кастрычніка, калі прадалі 5,7 тысячы тон, пiша «Коммерсант».

Пры гэтым расійскія эксперты адзначаюць, што беларускі бензін даражэй за расійскі. У тым ліку з-за лагістыкі і спадарожных выдаткаў.

Рост продажу беларускага бензіну на біржы ў кастрычніку звязаны са зніжэннем прапановы расійскага паліва пасля ўдалых ўкраінскіх атак на буйныя НПЗ у еўрапейскай частцы Расіі. У выніку заводы рэзка скарацілі вытворчасць, і ў краіне ўзнік дэфіцыт паліва.

У сярэдзіне верасня аптовыя аб'ёмы продажу бензіну знізіліся да мінімальных за апошнія два гады значэнняў, у прыватнасці, продажы АІ-92 знізіліся амаль на чвэрць. У пачатку кастрычніка расійскі віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак прапаноўваў павялічыць імпарт беларускага бензіну ў Расію да 300 тысяч тон у месяц.

Яшчэ да гэтага, у верасні, Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі бензіну па чыгунцы. Больш дарагое беларускае паліва закупляюць, у тым ліку, буйныя нафтавыя кампаніі для ўласных АЗС.

У Расіі спадзяюцца, што залежнасць расійскага рынку ад беларускіх паставак будзе зніжацца па меры аднаўлення магутнасцяў уласных НПЗ. Поўнае аднаўленне, на думку мясцовых экспертаў, можа расцягнуцца на некалькі месяцаў — аж да сярэдзіны 2026 года. Аднак можна чакаць, што эфектыўныя ўкраінскія напады на паліўна-энергетычны комплекс Расіі будуць працягвацца.

Чытайце таксама:

У Расіі пасля ўдараў дронаў гараць Навакуйбышаўскі нафтаперапрацоўчы завод у Самары і газаперапрацоўчы завод у Арэнбургу

Беспілотнікі нанеслі ўдар па прамзоне ва Уфе, дзе знаходзіцца ў тым ліку нафтаперапрацоўчы завод

У Феадосіі пасля атакі БПЛА гарыць галоўная нафтабаза Крыма

Каментары да артыкула