У Гомельскім цырку клоўн падчас выступлення праз неасцярожнасць пакалечыў мужчыну
У студзені 2024 года гамяльчук Сяргей (імя зменена) пайшоў у цырк. Падчас выступлення клоўн запрасіў некалькіх гледачоў на манеж, каб яны дапамаглі ў нумары. Сяргей таксама выйшаў, і пра гэта яму пасля давялося пашкадаваць, піша «Люстэрка».
У Гомельскім дзяржаўным цырку. Здымак ілюстрацыйны. Фота: culttourism.ru
Паводле матэрыялаў суда, клоўн павінен быў з разбегу скокнуць гледачам на выцягнутыя рукі. Аднак падчас скачка артыст выпадкова ўдарыў Сяргея па руцэ, і той адчуў моцны боль у плячы.
Паколькі боль не праходзіў, то на наступны дзень мужчына звярнуўся ў бальніцу, дзе яму паставілі дыягназ — разрыў сухажылля біцэпса левага пляча. Рука кепска рухалася, і Сяргея паставілі ў чаргу на аперацыю.
Пасля таго мужчына падаў у суд на Гомельскі дзяржаўны цырк, патрабуючы 10 тысяч рублёў за маральную шкоду. Але да суда справа ў выніку не дайшла: бакі дамовіліся мірна.
Кампенсацыю — 700 рублёў — пацярпеламу выплаціў індывідуальны прадпрымальнік, які адказваў за праграму. Пасля гэтага Сяргей адклікаў пазоў, а суд спыніў разгляд.
Што адбылося далей і ці зрабілі мужчыну аперацыю, не паведамляецца.
Чытайце таксама:
Знакаміты расійскі цыркач з «Дзю Салей» ратуе стары млын у беларускай вёсцы і просіць пра талаку
«Зімой перанёс інсульт». Памёр «сумная пчала» Юрый Тарасёнак