БЕЛ Ł РУС

За апошнія 10 гадоў арэндныя стаўкі выраслі ўдвая. За колькі цяпер здаюць кватэры

20.10.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Паглядзелі, па якіх цэнах цяпер можна здымаць кватэру ў Мінску і рэгіёнах.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: AP Photo/Pavel Bednyakov

Арэндныя стаўкі б'юць рэкорды

Дзесяць гадоў таму стаўкі на арэнду кватэр у Мінску былі нашмат ніжэйшыя.

Сярэднія цэны на арэнду аднапакаёўкі восенню 2016 года былі ў раёне $220. Цяпер — каля $410, а за $220—250 прапануюць кватэры ў новабудоўлях з голымі сценамі.

Фота: скрыншот з сайта realt.by

Двухпакаёвыя кватэры 10 гадоў таму ў сярэднім здавалі за $300, а цяпер — за $565. Арэнда трошкі каштавала крыху ніжэй за $400, цяпер — каля $760.

Асабліва хутка стаўкі выраслі за апошні год: у параўнанні з аналагічным перыядам 2024‑га рост склаў каля 30%.

Мінімальныя цэны за апошнія 10 гадоў былі вясной 2016 года. Сярэднія стаўкі ў Мінску тады выглядалі так:

Што кажуць самі арэндадаўцы і арандатары

Чытачы з Мінска, якія яшчэ ў 2023 годзе здавалі аднапакаёвую кватэру ў Новай Баравой за $370, цяпер маюць з яе $500.

«Першыя два гады арандатарамі былі сябры знаёмых, цану для іх мы паднялі толькі ў 2024‑м, дый тое ўсяго да $400, але ў пачатку гэтага года яны з'ехалі на сваю кватэру, таму мы знайшлі новых кватарантаў за $500 даляраў, прычым даволі хутка», — кажа суразмоўца.

Мінчукі кажуць, што пры жаданні маглі б лёгка падняць стаўку да 550—600 даляраў, але не робяць гэтага, бо плануюць у хуткім часе прадаваць кватэру.

«Цэны цяпер на піку, таму трэба паспець пазбавіцца ад жылля ў Беларусі, бо цвёрда вырашылі, што хочам заставацца жыць у Польшчы і тут купляць сабе нерухомасць».

Сям'я, якая шмат гадоў здымае двухпакаёўку на праспекце Газеты «Праўда» ў старой панэльцы, прыгадвае, што калі толькі засяліліся туды ў 2017-м, то плацілі ўсяго $200:

«Кватэра са сціплым рамонтам, таму цана была невысокая. За гэты час касметычны рамонт рабілі мы самі, таму гаспадары падымалі стаўкі малымі крокамі».

Цяпер пара плаціць за арэнду $350 і кажа, што калі людзі даведваюцца пра стаўку, то не вераць, што можна здымаць паўнавартасную двухпакаёўку за такія грошы.

«Гаспадары даўно жывуць за мяжой, у нас склаліся добрыя адносіны, плюс мы не толькі спраўна плацім і падтрымліваем кватэру ў добрым стане, але і зрабілі яе лепшай, чым было ў 2017-м, таму ўдаецца плаціць ніжэй за рынкавы кошт», — кажа суразмоўца.

Стаўкі растуць не толькі ў Мінску

Чытач з Гродна, які здае аднапакаёўку плошчай 43 квадраты, кажа, што калі ў 2019‑м пачынаў здаваць за $130, то цяпер мае $270.

«Кватэра з добрым рамонтам і перапланіроўкай. Кухня асобная, а гасцёўня аб'яднаная з калідорам і мае выгараджаную частку, дзе стаіць двухспальны ложак. Па сучасных еўрапейскіх мерках гэта ледзь не двушка», — кажа суразмоўца. 

Мужчына прызнаецца, што за гэты час пасля чарговага павышэння ставак некаторыя арандатары вырашалі з'ехаць, але на іх месца без праблем знаходзіліся новыя.

Спальны раён Гродна. Ілюстрацыйнае фота: Наша Ніва

Чалавек, які здае ложкі для студэнтаў у Гродне, кажа, што апошнія гады падымае стаўку на $10 з чалавека.

«У 2023‑м было $70 плюс камуналка, у 2024‑м — $80, а сёлета ўжо па $90. У двухпакаёвай кватэры жыве пяць чалавек: тры ў вялікім пакоі і два ў малым. Пры гэтым, нягледзячы на павышэнне цэнаў, знайсці ахвотных нескладана, ёсць студэнты, якія жывуць па 2‑3 гады».

Гаспадар кажа, што яму выгадней здаваць кватэру студэнтам ложкамі, чым проста здаць яе на доўгі тэрмін.

«Рамонт стары, таму больш за $250—280 ніхто за яе не дасць. Калі ўжо інвеставаць у рамонт, то будзе мець сэнс здаваць на суткі, але займацца гэтым няма часу».

Для параўнання, у Мінску ложкі здаюць прыблізна па $130—150 з чалавека.

Чаму арэнда так хутка даражэе?

На рост арэндных ставак уплываюць адразу некалькі фактараў.

Па-першае, расце дабрабыт насельніцтва. Калі па стане на жнівень 2024 года сярэдняя зарплата ў Мінску была каля 2635 рублёў на рукі, то ў жніўні 2025 года яна вырасла да 3095 рублёў чыстымі.

Беларускі рубель за гэты час таксама крыху ўмацаваўся да даляра. У валютным вымярэнні сярэдняя зарплата вырасла з $835 да $1040.

Акрамя таго, захоўваецца стабільны попыт на кароткатэрміновую арэнду, бо турысты з Расіі працягваюць масава ехаць у Беларусь. Збольшага — у Мінск, Брэст і Гродна.

Эксперты рынку нерухомасці таксама тлумачаць рост сярэдніх цэн на арэнду кватэр тым, што ў эксплуатацыю ўводзіцца ўсё больш свежага жылля з новым рамонтам. Арэнда ў такім жыллі традыцыйна каштуе даражэй, чым у старых кватэрах.

Чытайце таксама:

Квадратны метр у Мінску ўжо па $1850. Колькі яшчэ будзе працягвацца рост?

Мільянер Варабей атрымаў права на забудову цэнтра Мінска — узамен за дарагую клініку для Лукашэнкі

Цэны на кватэры ў цэнтры Гродна растуць шалёнымі тэмпамі. І вось чаму

Каментары да артыкула