БЕЛ Ł РУС

Ніякага змякчэння санкцый, пакуль Беларусь рухаецца ў бок таталітарызму

10.10.2025 / 12:58

Nashaniva.com

Артыкул з такім заклікам апублікаваны на сайце European Democracy Hub. Яго аўтары пішуць, што ўсялякі псеўдадыялог з афіцыйным Мінскам цяпер быў бы стратэгічнай памылкай. Замест гэтага правільна было б упарта падтрымліваць усё, што робіць беларусаў беларусамі, пішуць аўтары. Пераказваем асноўнае.

Аляксандр Лукашэнка. Фота: Evgenia Novozhenina / Pool Photo via AP

«ЕС не павінен капіяваць падыход Вашынгтона або паўтараць памылку аднаўлення ўзаемадзеяння. Замест гэтага Еўрасаюз павінен узмацніць свае санкцыі і падвоіць падтрымку грамадзянскай супольнасці Беларусі і дэмакратычных сіл у выгнанні, а таксама прыняць стратэгічны план, які б адначасова спрыяў пераходу да дэмакратыі ў Беларусі і абмяжоўваў ваеннае выкарыстанне Беларусі Расіяй», — так лічаць аўтары артыкула — група еўрапейскіх акадэмічных экспертаў: Жызэль Босэ — прафесарка ва ўніверсітэце Маастрыхта (Нідэрланды), экспертка ў галіне еўрапейскай палітыкі па падтрымцы дэмакратыі. Рыгор Ніжнікаў — старшы навуковы супрацоўнік Фінскага інстытута міжнародных адносін, эксперт па палітыцы ЕС і Расіі ў дачыненні да Беларусі. Віке ван дэн Брук — аспірант ва ўніверсітэце Маастрыхта, які даследуе прасоўванне дэмакратыі ў Беларусі з боку ЕС і Польшчы.

Як тлумачаць эксперты, для Еўрасаюза капіяванне падыходу Вашынгтона было б стратэгічнай памылкай. У адрозненне ад ЗША, ЕС непасрэдна мяжуе з Беларуссю, сутыкаецца з прамымі пагрозамі бяспецы з-за расійскай вайсковай прысутнасці на яе тэрыторыі і ўжо ўклаў значныя сродкі ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл.

Таму тое, што можа служыць кароткатэрміновым дыпламатычным мэтам ЗША, у выніку падарвала б доўгатэрміновую стратэгію бяспекі і каштоўнасцяў самога ЕС. Еўрасаюз не павінен паўтараць памылку мінулага, вяртаючыся да «дыялогу».

Чаму Захаду не варта ўзаемадзейнічаць з рэжымам Лукашэнкі

1. У мінулым узаемадзеянне правальвалася і толькі надавала Лукашэнку легітымнасці.

Гісторыя паказвае, што спробы дыялогу з рэжымам Лукашэнкі ніколі не прыводзілі да дэмакратычных змен. Замест гэтага яны стваралі для рэжыму бачнасць легітымнасці, што развязвала рукі Лукашэнку для далейшага ўмацавання аўтарытарных механізмаў.

Любы візіт ці тэлефонная размова з заходнім палітыкам імгненна выкарыстоўваецца дзяржаўнай прапагандай як доказ міжнароднага прызнання. Гэта не толькі ўмацоўвае пазіцыі дыктатара ўнутры краіны, але і падрывае давер да дэмакратычных сіл, ствараючы ўражанне, што свету пляваць на рэпрэсіі.

2. Санкцыі працуюць, а «дыялог» іх падрывае.

Мэтанакіраваныя санкцыі з'яўляюцца эфектыўным інструментам, які стварае рэальны ціск на эканоміку рэжыму і яго эліты. Паслабленне санкцый у абмен на сімвалічныя жэсты рызыкуе даць Лукашэнку тактычную перамогу без істотных рэформаў. Узаемадзеянне, якое змякчае ціск санкцый, палягчае эканамічны і ваенны цяжар падтрымкі Лукашэнкі з боку Расіі.

Захоўваючы санкцыі, ЕС і іншыя краіны, якія ўводзяць санкцыі, фактычна прымушаюць Маскву пераарыентаваць больш рэсурсаў на тое, каб Мінск заставаўся паслухмяным і дзеяздольным у ваенным плане, што аслабляе патэнцыял Расіі на фоне працяглай вайны ва Украіне.

3. Беларусь дрэйфуе ў бок таталітарызму.

Сітуацыя ў краіне значна пагоршала: гэта ўжо не проста аўтарытарызм, а рух да таталітарнай мадэлі. У Беларусі знішчана практычна ўся грамадзянская супольнасць, усе да аднаго незалежныя СМІ абвешчаны «экстрэмісцкімі», а рэпрэсіі сталі сістэмнымі — з катаваннямі, знікненнем людзей і поўным падпарадкаваннем судовай сістэмы. Мілітарызацыя грамадства і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі толькі пацвярджаюць гэты трывожны трэнд.

4. Прапаганда рэжыму выкарыстоўвае любыя кантакты.

Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае любы знешні кантакт для ўмацавання свайго вобразу і прасоўвання міфа пра Беларусь як «пасярэдніка» паміж Захадам і Расіяй, падрываючы пасылы апазіцыі і яшчэ больш закрываючы грамадзянскую прастору. Аднак гэты наратыў з'яўляецца памылковым.

Насамрэч, Беларусь — гэта хутчэй марыянетка Крамля, чым незалежны гулец. Лукашэнка паслядоўна прасоўвае расійскія інтарэсы. Для ЕС весці з ім дыялог — значыць не толькі памыляцца наконт яго ролі, але і фактычна пагаджацца з пастаяннай вайсковай прысутнасцю Расіі на тэрыторыі Беларусі, што стратэгічна небяспечна.

5. Дыялог узнагароджвае рэжым за злачынствы ва Украіне.

Рэжым Лукашэнкі — прамы саўдзельнік расійскай агрэсіі: ён даў сваю тэрыторыю для нападу, забяспечвае лагістыку і нават удзельнічае ў выкраданні і «перавыхаванні» ўкраінскіх дзяцей. Размяшчэнне ядзернай зброі ператварыла Беларусь у працяг ваеннай машыны Крамля.

Рэжым Лукашэнкі — гэта не пасярэднік, а стратэгічная пагроза: у выпадку любога канфлікту паміж НАТА і Расіяй беларуская тэрыторыя стане неадкладнай мішэнню. Дыялог легітымізуе рэжым, які дазваляе Маскве размяшчаць ядзерную зброю, камандныя структуры і выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для маштабных манеўраў.

Чаму ЕС павінен захоўваць прынцыповы падыход да Беларусі

Еўрасаюз павінен прытрымлівацца сваёй цяперашняй прынцыповай пазіцыі: ізаляваць Лукашэнку, узмацняючы ціск на рэжым, і адначасова стратэгічна дзейнічаць, каб абмежаваць ваеннае выкарыстанне беларускай тэрыторыі Расіяй. На гэта ёсць пяць прычын.

1. ЕС павінен захоўваць прыхільнасць палітыцы, заснаванай на каштоўнасцях.

Беларускі народ пераважнай большасцю выказаўся супраць рэжыму Лукашэнкі на сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбарах у жніўні 2020 года. Падтрымка апазіцыі, якая атрымала народны мандат, умацоўвае дэмакратычныя нормы: легітымнасць павінна зыходзіць ад свабодных выбараў, а не ад прымусовай згоды з аўтарытарызмам.

Гэта адпавядае ідэалам, якія прасоўвае Захад: свабодзе, падсправаздачнасці і правам чалавека. Адмова ад такога падыходу падарве глабальны аўтарытэт ЕС, аслабіць яго ўплыў і пахісне ўнутраную салідарнасць, асабліва з Латвіяй, Літвой і Польшчай, якія з'яўляюцца галоўнымі мішэнямі гібрыднай вайны з боку рэжыму.

2. Прынцыповы падыход дапамагае супрацьстаяць расійскай гегемоніі і ўмацоўваць бяспеку.

Рэжым Лукашэнкі з'яўляецца галоўным бенефіцыярам і правадніком палітыкі Расіі ў Беларусі. Поўнае падпарадкаванне замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Мінска суправаджаецца працэсам дэсуверэнізацыі, праз які Масква паступова пазбаўляе Беларусь аўтаноміі і дзяржаўнасці.

Захоўваючы прынцыповы падыход, ЕС павялічвае для Масквы кошт падтрымкі Лукашэнкі і дае выразны сігнал беларускаму грамадству, што татальны кантроль з боку Расіі не з'яўляецца непазбежным.

3. Неўзаемадзеянне — стратэгічная інвестыцыя ў беларускі народ.

Дэмакратычныя сеткі ў выгнанні і грамадзянская супольнасць ствараюць крытычна важную інфраструктуру для будучага дэмакратычнага пераходу. ЕС павінен падвоіць намаганні па інвеставанні ў беларускі народ, які з'яўляецца яго стратэгічным саюзнікам у краіне. Менавіта дзякуючы антываенным настроям у грамадстве Беларусь не была ўцягнутая ў вайну яшчэ глыбей.

Аднак падтрымка толькі эміграцыі — гэта частковае рашэнне. ЕС прайграе бітву за сэрцы і розумы беларусаў расійскай прапагандзе, і разрыў паміж людзьмі ўнутры краіны і за мяжой павялічваецца. Таму ЕС павінен значна актывізаваць свае намаганні, каб дастукацца да беларусаў і паказаць сваю прыхільнасць іх будучыні.

4. Цвёрдая пазіцыя павышае ўстойлівасць грамадства і ўзмацняе грамадзян.

Практычная і бачная падтрымка Захаду — праз фонды дапамогі, падтрымку СМІ, юрыдычную дапамогу — сігналізуе пра салідарнасць з беларускім грамадствам. Гэта развівае грамадзянскую актыўнасць, надае смеласці нязгодным і дапамагае актывістам выжыць ва ўмовах рэпрэсій.

Такі падыход таксама дазваляе захоўваць беларускую культуру і мову перад тварам русіфікацыі. Нягледзячы на цэнзуру, незалежныя СМІ выжылі дзякуючы заходняй падтрымцы і адыгрываюць ключавую ролю ў барацьбе з дэзынфармацыяй.

5. Прынцыповая падтрымка дэманструе доўгатэрміновую эфектыўнасць «мяккай сілы».

Пастаянная падтрымка пасылае сігнал: ЕС стаіць побач з беларускім народам не толькі ў моманты крызісаў, але і на працягу ўсёй доўгай барацьбы. Такая інвестыцыя ў «мяккую сілу» стварае рэальны ўплыў і маральны аўтарытэт. Гэтая прыхільнасць гарантуе, што калі з'явіцца магчымасць для перамен, аўтарытэт Захаду як абаронцы дэмакратычнай Беларусі застанецца непахісным.

Як ЕС можа лепш падтрымліваць беларускую апазіцыю

Каб гэты прынцыповы падыход запрацаваў, ЕС павінен задзейнічаць увесь патэнцыял беларускіх дэмакратычных сіл праз узаемадзеянне з імі і іх падтрымку. Аўтары прапануюць пяць спосабаў, як гэта зрабіць.

1. Стварыць фонд падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі.

ЕС павінен стварыць спецыяльны фонд для фінансавання незалежных СМІ, актывістаў і сетак прававой абароны, асабліва для журналістаў, якія сутыкаюцца з рэпрэсіямі. Гэты фонд павінен працаваць як двухузроўневая сістэма: гранты хуткага рэагавання на тэрміновыя патрэбы і доўгатэрміновае фінансаванне для ўстойлівых ініцыятыў.

Спрошчаныя працэдуры і гнуткія тэрміны дазволяць аказваць дапамогу хутка і без лішняй бюракратыі. Таксама важна ўмацоўваць лічбавую бяспеку, каб абараніць камунікацыі апазіцыі.

2. Умацоўваць інфраструктуру ў выгнанні і альтэрнатыўныя інстытуты.

ЕС павінен пашырыць падтрымку бяспечнага жылля (шэлтараў), анлайн-платформаў і адукацыйных праграм для грамадзянскай супольнасці ў выгнанні. Асаблівую ўвагу трэба надаць умацаванню ключавых дэмакратычных структур, такіх як Офіс Святланы Ціханоўскай, Аб'яднаны пераходны кабінет і Каардынацыйная рада, каб яны маглі стаць рэальнай альтэрнатывай рэжыму, гатовай узяць на сябе кіраўніцтва ў пераходны перыяд.

3. Павышаць ролю апазіцыі і распрацаваць стратэгію бяспекі.

ЕС і міжнародная супольнасць павінны фармалізаваць прадстаўніцтва беларускай апазіцыі на такіх пляцоўках, як ААН і інстытуты ЕС.

Прапануецца стварыць стратэгічную працоўную групу «ЕС-Беларусь» для распрацоўкі доўгатэрміновага плана (на 5‑-10 гадоў), які б спалучаў падтрымку дэмакратыі з пытаннямі бяспекі, уключаючы маніторынг расійскіх ваенных перамяшчэнняў праз Беларусь.

4. Захоўваць жорсткія санкцыі з магчымасцю хуткага рэагавання.

Санкцыі — гэта самы эфектыўны інструмент ціску. ЕС павінен не толькі захоўваць, але і ўзмацняць іх, асабліва ў дачыненні да сектараў, якія падтрымліваюць вайну Расіі (зброя, тавары падвойнага прызначэння, транспарт). Паслабленне санкцый магчымае толькі пасля рэальных дэмакратычных рэформаў і спынення саўдзелу ў вайне.

Неабходна таксама ўзмацніць кантроль за іх выкананнем, каб прадухіліць абыход, і стварыць механізм хуткага ўвядзення новых санкцый у адказ на парушэнні правоў чалавека.

5. Пашыраць дыяспаральную і культурную дыпламатыю.

ЕС павінен падтрымліваць беларускія дыяспары, бо яны з'яўляюцца важнымі цэнтрамі супраціву і абароны нацыянальных інтарэсаў.

Аўтары артыкула прапануюць падвоіць фінансаванне праектаў у сферы адукацыі і культуры, якія дапамагаюць захоўваць беларускую мову і нацыянальную ідэнтычнасць, адначасова супрацьстоячы крамлёўскім наратывам за мяжой.

Такая культурная дыпламатыя падтрымае ўстойлівасць дэмакратычнага руху і паспрыяе таму, каб дэмакратычны рух грунтаваўся не толькі на грамадзянскай, але і на культурнай ідэнтычнасці.

Чытайце таксама:

Дзядок патлумачыў, чаму вызвалілі менавіта тых палітвязняў, каго вызвалілі

Ці патрэбна беларусам моцная рука? Эканаміст Львоўскі адказаў

Эксперт патлумачыў літоўцам, чаму беларусы выбіраюць Літву і які гэта патэнцыял для будучыні

Каментары да артыкула