У Германіі напалі з нажом на новаабранага мэра горада
Абраная ў верасні бургамістрам горада Хердэке ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія Ірыс Штальцэр з сацыял-дэмакратычнай партыі знаходзіцца ў крытычным стане.
Ірыс Штальцэр пасля перамогі на выбарах. Фота: SPD
Паводле інфармацыі нямецкіх СМІ, жанчыну знайшлі ў яе кватэры з некалькімі нажавымі раненнямі.
На 57‑гадовую Ірыс Штальцэр напалі перад домам. Па даных WDR, параненую знайшоў сын. Штальцэр расказала яму, што на яе напалі некалькі мужчын на вуліцы.
Паводле звестак нямецкіх СМІ, Штальцэр знаходзіцца ў крытычным стане. Яна атрымала множныя нажавыя раненні ў жывот і спіну. За жыццё палітыка цяпер змагаюцца дактары.
Пра нападніка ці нападнікаў, а таксама пра іх матывы, пакуль нічога не вядома. Паліцыя праводзіць пошукавую аперацыю.
Ірыс Штальцэр, прадстаўніца Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі, была абраная мэрам Хердэке 28 верасня, набраўшы ў другім туры выбараў 52,8% галасоў.