БЕЛ Ł РУС

Юлія Міцкевіч: Мае словы пра турму вырвалі з кантэксту. Супраць мяне арганізавалі кампанію цкавання

1.10.2025 / 17:27

Nashaniva.com

«Турма нікога не робіць лепшым, толькі горшым», — так Юлія Міцкевіч, намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, пракаментавала скандал вакол паводзінаў Сяргея Ціханоўскага ў Нью-Ёрку. Многіх, у тым ліку былых палітвязняў, гэтае выказванне абразіла. Юлія Міцкевіч патлумачыла свае словы «Нашай Ніве».

Юлія Міцкевіч. Фота: femantiwar.org

На думку Юліі, яе словы былі вырваныя з кантэксту — маўляў, калі паглядзець усё інтэрв’ю, а не чытаць цытаты адтуль, можа скласціся іншае ўражанне.

Пасля таго, як тыя словы разышліся па інтэрнэце, да Міцкевіч у сацсетках звярталіся былыя палітвязні. Жанчына кажа, што яна выбачылася перад імі за свае словы і гатова выбачыцца публічна:

«Прашу прабачэння, калі мае словы кагосьці пакрыўдзілі, зачапілі ці абразілі. У мяне дакладна не было такой мэты. І мне вельмі шкада, калі яны прагучалі як аб’ектывацыя ці стыгматызацыя палітвязняў як сацыяльна ўразлівай групы. Абсалютна дакладна ў мяне таксама не было такой мэты.

Гэта было абмеркаванне сітуацыі з Сяргеем Ціханоўскім у Нью-Ёрку. Калі я сказала фразу, што турма нікога не робіць лепшым, а толькі горшым, я мела на ўвазе псіхалагічны і эмацыйны стан чалавека, які нядаўна выйшаў з-за кратаў. Пасля столькіх гадоў у жахлівых умовах, у тым ліку катаванняў, як і ўсе палітвязні, ён праходзіць праз вельмі траўматычны досвед. І гэты досвед можа ўплываць на паводзіны — не заўсёды і не ва ўсіх, але можа».

Да таго, што яе словы выклікалі шмат абмеркаванняў, Юлія ставіцца спакойна — людзі маюць права выказвацца.

Але Міцкевіч лічыць, што супраць яе арганізаваная кампанія цкавання:

«Пэўныя людзі, дакладней адзін чалавек, які вядзе супраць мяне кампанію цкавання, скарыстаў гэтую сітуацыю, каб працягнуць і ўзмацніць нападкі. Яна распаўсюджвае шмат хлусні, булінгу, харасменту. Цяпер я таксама знаходжуся пад вялікім ціскам, падобна да маёй каляжанкі Насты Базар, толькі ў іншым кейсе. Гэтая хваля выкарыстоўваецца, маштабіруецца, пра мяне пішуць у розных чатах, дадаючы зусім лжывую інфармацыю, якая нават не датычыцца згаданай сітуацыі. Гэта ўсё ўзмацняецца.

Асабліва цяжка, калі я цяпер працую ў якасці ментаркі і каардыную з боку АПК жаночую лідарскую праграму для беларускіх актывістак, а таксама займаюся іншымі працоўнымі напрамкамі. У тым ліку я працую з тэмай палітвязняў і маю знаёмых і сяброў сярод іх, асабліва жанчын, якія дзеляцца сваім траўматычным досведам. Таму я вельмі адчувальна і з эмпатыяй стаўлюся да гэтай тэмы. Акрамя таго, мая праца ў Кабінеце звязаная з падтрымкай уразлівых груп, і гэта мой асобны кірунак дзейнасці».

Паводле слоў Юліі, гаворка пра Яўгенію Доўгую, журналістку і заснавальніцу праваабарончай ініцыятывы «Палітвязынка». Міцкевіч кажа, што кампанія цкавання з боку Доўгай у яе адрас пачалася яшчэ тады, калі Юлія трапіла на сваю пасаду ў АПК:

«Я не ведаю, з чым гэта звязана і чаму яна так робіць. Доўгі час я маўчала, але цяпер гэтая сітуацыя ўжо мае вельмі цяжкія наступствы для майго псіхічнага здароўя і эмацыйнага стану, бо я таксама маю пэўныя дыягназы і я таксама чалавек».

«Увогуле не разумею, пра што гаворка», — пракаментавала сітуацыю Яўгенія Доўгая.

Чытайце таксама:

Юлія Міцкевіч пра Ціханоўскага: Турма нікога не робіць лепшым, толькі горшым

Пад ціскам мужа Святлана Ціханоўская адмяніла інтэрв'ю CNN і працягнула размову з беларусамі ў Нью-Ёрку

«У Віцебску заходзіў у тралейбус і казаў «Слава Украіне!». Украінца ў 67 гадоў пасадзілі за каменты, напісаныя пасля гібелі хроснай дачкі пад абстрэлам у Кіеве

Каментары да артыкула