БЕЛ Ł РУС

Дубай стаў новай сусветнай сталіцай OnlyFans

23.09.2025 / 11:41

Nashaniva.com

У Дубаі строгія ісламскія законы, тут забароненая парнаграфія, блакуюцца сайты для дарослых, а за пацалунак на публіцы можна трапіць у непрыемнасці. Аднак менавіта гэты мегаполіс у Аб'яднаных Арабскіх Эміратах нечакана стаў сусветнай сталіцай платформы, дзе мадэлі зарабляюць на продажы эратычнага і парнаграфічнага кантэнту. Як так выйшла?

Ілюстрацыйнае фота. Крыніца: Getty Images

Як піша DailyMail, нягледзячы на звышстрогую прававую сістэму, заснаваную на законах шарыяту, статус падатковай гавані ператварыў Дубай у адно з самых хуткарастучых месцаў для вытворчасці кантэнту для OnlyFans.

Адзін з прыкладаў — 27‑гадовая брытанка Эль Брук. Былая студэнтка юрыдычнага факультэта кінула ўніверсітэт, каб стаць інфлюэнсеркай. Сёння ў яе 2,3 мільёна падпісчыкаў у TikTok і Instagram, але асноўны даход прыносіць OnlyFans, дзе доступ да яе кантэнту каштуе $30 у месяц.

У адным з інтэрв'ю яна прызналася, што зарабляе «шасці— ці сямізначныя сумы за месяц». На пытанне, што пра яе кар'еру падумаюць будучыя дзеці, Брук адказала дзёрзка: «Яны змогуць плакаць у Ferrari!»

@iamellebrooke

What angle is your favorite?

♬ original sound - Elle Brooke

Нядаўна Эль Брук, як і многія яе калегі, пераехала ў Дубай. Прычына простая і прагматычная. «Я пераехала сюды праз падаткі, — прызнавалася яна ў інтэрв'ю. — Замест паловы заробку я цяпер не плачу амаль нічога».

Падатковы рай і «заплюшчаныя вочы» ўладаў

Па словах Джордана Сміта, заснавальніка менеджарскай кампаніі, якая працуе з такімі мадэлямі, гэты трэнд пачаўся каля двух гадоў таму, калі падатковая служба Вялікабрытаніі ўзялася за інфлюэнсераў, якія не дэкларавалі свае анлайн-даходы.

Сутыкнуўшыся са штрафамі, стваральнікі кантэнту пачалі шукаць рашэнне, і для многіх ім стаў пераезд у ААЭ. Сміт мяркуе, што сёння прыкладна чвэрць усіх брытанскіх зорак «для дарослых» жыве ў Дубаі.

Але як ім удаецца ствараць забаронены кантэнт у краіне са строгімі законамі шарыяту? Адказ — у палітыцы «не пытайся, не кажы».

«Пакуль ты паводзіш сябе ціха і не сварышся з эмірацкімі ўладамі, яны проста заплюшчваюць на гэта вочы», — тлумачыць Сміт.

Гэты падыход падобны да стаўлення ўладаў да прастытуцыі, якая ў Дубаі таксама афіцыйна забароненая, але фактычна квітнее за зачыненымі дзвярыма. Па некаторых ацэнках, у горадзе працуе каля 80 000 прастытутак — адна на кожныя 35 мужчын.

Цікава, што ўлады ААЭ, магчыма, ненаўмысна, самі спрасцілі пераезд для OnlyFans-мадэляў. Нядаўна была запушчана праграма «залатых віз для інфлюэнсераў», якая дае права на доўгатэрміновае жыхарства тым, хто мае вялікую аўдыторыю ў сацсетках. Афіцыйная мэта гэтай ініцыятывы, падтрыманай кіраўніком краіны, — прыцягнуць 10 000 «стваральнікаў кантэнту», якія, як спадзяюцца ўлады, дапамогуць прасоўваць Дубай.

Фармальна ўсё гэта разлічана на трэвел-блогераў і аўтараў, якія пішуць пра стыль жыцця, а не на зорак OnlyFans.

«Куды б вы ні пайшлі ў Дубаі, паўсюль поўна людзей з сэлфі-палкамі, якія здымаюць кантэнт, — тлумачыць адзін з менеджараў. — Нават у газеце нядаўна пісалі, што ўрад стварае «акадэмію інфлюэнсераў», каб навучыць людзей «прадаваць дубайскую мару».

Але каб зарабляць на адным Instagram, трэба мець мільёны падпісчыкаў. Толькі тады брэнды пачынаюць плаціць рэальныя грошы. Калі ў цябе ўсяго дзясяткі тысяч, табе патрэбны OnlyFans, каб зарабіць столькі, колькі трэба для жыцця тут».

«Ці разумеюць гэта ўлады, я не ведаю. Але такая рэальнасць», — дадае ён.

Дубай. Фота: Michael Lee / Getty Images

Як гэта працуе на практыцы?

На анлайн-форумах, дзе стваральнікі кантэнту для OnlyFans абмяркоўваюць тактыкі продажаў, рэгулярна з'яўляюцца тэмы, прысвечаныя таму, як ствараць парнаграфічны кантэнт у краіне і абыходзіць мясцовыя законы. Асабліва гэта тычыцца фінансавых абмежаванняў, бо банкі ААЭ не прымаюць плацяжоў ад кампаніі Fenix International, якая валодае OnlyFans.

«У Дубаі жыве безліч стваральнікаў кантэнту. Галоўнае — не рабіць нічога дурнога і заўважнага», —

гаворыцца ў тыповым допісе ад адной з мясцовых мадэляў.

Далей ідуць канкрэтныя парады: «Вы можаце ствараць і публікаваць сэкс-кантэнт, знаходзячыся тут, але рабіце гэта выключна ў сваёй спальні. Не здымайце на балконе ці ў іншым заўважным месцы». Таксама абавязковай умовай з'яўляецца выкарыстанне VPN, бо без яго на сайт проста не зайсці.

Праз тое, што банкі ААЭ не прымаюць плацяжоў ад кампаніі Fenix International, якая валодае OnlyFans, мадэлі выкарыстоўваюць міжнародныя анлайн-банкі (напрыклад, Paxum) або ствараюць складаныя схемы з кампаніямі-пасярэднікамі ў іншых краінах.

Цёмны бок дубайскай мары

Аднак, як піша выданне, за гісторыямі поспеху і бліскучымі фота хаваецца змрочная рэальнасць.

Праваабаронца Рада Стырлінг, кіраўніца арганізацыі Detained In Dubai, папярэджвае, што інфлюэнсеры знаходзяцца пад пастаяннай пагрозай.

«Прымяненне законаў тут адвольнае і непрадказальнае. Кантэнт, які здаецца бяскрыўдным у іншым месцы, у Дубаі можа стаць прычынай крымінальнай справы», — кажа яна.

Акрамя прамой пагрозы турмы, існуе і больш тонкая небяспека, звязаная са сціраннем мяжы паміж стварэннем кантэнту і элітнай прастытуцыяй. Многія дзяўчаты атрымліваюць у сацсетках прапановы ад «агентаў» паехаць у Дубай, каб «хадзіць на вечарынкі з багатымі мужчынамі».

Так, былая ўдзельніца брытанскага шоу «Востраў кахання» распавяла, што ёй прапанавалі 50 000 фунтаў за пяць дзён у Дубаі, а іншай — 100 000 фунтаў у год, каб яна стала спадарожніцай для мясцовага бізнэсмена. Яна павінна была падпісаць пагадненне аб неразгалошванні, у якім гаварылася, што падрабязнасці таго, што яна павінна будзе рабіць там, застануцца канфідэнцыйнымі.

Па сутнасці, гэта завуаляваныя прапановы эскорт-паслуг.

Гучным стаў выпадак інстаграм-блогеркі з Уганды Монікі Карунгі, якая ў 2022 годзе загінула, выпаўшы з акна кватэры на фоне чутак, што яна прысутнічала на сэкс-вечарынцы з заможнымі мужчынамі.

Марыя Кавальчук. Скрын відэа: sobchak / YouTube

Жахлівая гісторыя здарылася і з 20‑гадовай украінскай OnlyFans-мадэллю Марыяй Кавальчук. Пасля знікнення на дзесяць дзён яе знайшлі на ўзбочыне дарогі з пераломамі ног і хрыбта. Паліцыя запытала запісы з камер відэаназірання толькі праз тры месяцы, калі яны ўжо былі сцёртыя.

Сама Марыя пасля расказала, што яе пакалечылі пасля вечарынкі, дзе былі мажоры з Расіі ды Украіны і беларус. 

Чытайце таксама:

gfПакалечаная ў Дубаі ўкраінская мадэль сцвярджае, што адным з яе катаў быў 28‑гадовы беларускі тэмшчык. Вось што пра яго вядома

Што адбываецца на трэш-вечарынах з шэйхамі?

У Швецыі анлайн-сэкс прыраўнялі да прастытуцыі: карыстальнікам OnlyFans пагражае турма

Мадэлі OnlyFans пачалі ва Украіне плаціць падаткі і ваенны збор. Колькі ўдалося сабраць?

Каментары да артыкула