Астраномы знайшлі «другі Месяц», які круціцца вакол Зямлі ўжо 60 гадоў
У нашай планеты на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў ёсць яшчэ адзін спадарожнік, аднак выявіць яго атрымалася толькі нядаўна. Чаму нябеснае цела так доўга заставалася неадкрытым і на якія пытанні цяпер трэба адказаць даследчыкам?
Гэта ілюстрацыя паказвае тыповы астэроід, на які падобны «2025 PN7». Крыніца: NASA / JPL-Caltech
Як піша EarthSky, астраномы абсерваторыі Pan-STARRS, якая знаходзіцца на Гаваях, 29 жніўня 2025 года заўважылі невялікі касмічны аб'ект, які атрымаў назву «2025 PN7».
Самае цікавае, што, прааналізаваўшы архіўныя здымкі, навукоўцы высветлілі: «2025 PN7» ужо 60 гадоў знаходзіцца на стабільнай арбіце побач з Зямлёй. Ён заставаўся незаўважаным, таму што вельмі малы і рухаецца па асаблівай арбіце.
«Гэта вельмі складаны для назірання аб'ект. Яго можна заўважыць толькі тады, калі ён максімальна набліжаецца да нашай планеты, як гэта адбылося гэтым летам. Такія «вокны бачнасці» здараюцца рэдка», —
цытуе CNN словы Карласа дэ ла Фуэнтэ Маркаса, даследчыка з Мадрыдскага ўніверсітэта і аўтара даследавання, апублікаванага ў Research Notes of the American Astronomical Society.
Што такое «квазіспадарожнік»?
У адрозненне ад Месяца, які круціцца вакол Зямлі, квазіспадарожнікі насамрэч круцяцца вакол Сонца. Аднак іх арбіта настолькі падобная да зямной, што яны ўвесь час застаюцца непадалёк ад нашай планеты, нібы прывязаныя да яе гравітацыяй.
Новаадкрыты квазіспадарожнік «2025 PN7» мае падобную арбіту з Зямлёй. Але з пункту гледжання Зямлі можа здавацца, што ён круціцца вакол нас. Выява NASA
Па даных NASA, «2025 PN7» знаходзіцца ад нас на сярэдняй адлегласці 384 400 км (амаль як Месяц), а часам можа набліжацца на адлегласць да 299 337 км.
Паводле ацэнак, «2025 PN7» — самы маленькі з вядомых квазіспадарожнікаў Зямлі. Яго дыяметр складае ўсяго ад 19 да 30 метраў. Згодна з разлікамі, ён прабудзе на сваёй цяперашняй арбіце яшчэ каля 60 гадоў, пасля чаго гравітацыя Сонца зноў адцягне яго на больш далёкую траекторыю.
«2025 PN7» — адзін з нямногіх вядомых квазіспадарожнікаў. Самы знакаміты з іх — Камоалева, які лічыцца магчымым фрагментам нашага Месяца. Да яго ў 2025 годзе Кітай плануе запусціць місію Tianwen-2, каб даставіць на Зямлю ўзоры пароды.
Гэта камень ці касмічнае смецце?
Дакладны склад аб'екта пакуль невядомы, але навукоўцы амаль упэўненыя, што гэта не стары спадарожнік ці частка ракеты.
«Зыходзячы з таго, што мы ведаем, гэта, хутчэй за ўсё, натуральны скалісты аб'ект. Мы звычайна можам лёгка адрозніць прыродныя аб'екты ад штучных», — запэўнівае астрафізік Тэдзі Карэта ў інтэрв'ю CNN.
Каб канчаткова пацвердзіць паходжанне і склад таемнага спадарожніка, спатрэбяцца дадатковыя даследаванні.
Чытайце таксама:
За Нептунам можа быць яшчэ адна планета памерам з Зямлю, пра якую раней не падазравалі
Астраномы адкрылі новы астэроід. А пасля аказалася, што гэта аўтамабіль, які лятае ў космасе
Міжзоркавая камета, якую параўноўвалі з кіраваным касмічным караблём, працягвае здзіўляць навукоўцаў