БЕЛ Ł РУС

У Гомелі беларусам прапануюць за 500 рублёў паляжаць у труне

9.09.2025 / 20:36

Nashaniva.com

У Гомелі рытуальнае агенцтва запусціла паслугу «трунатэрапіі» — там прапануюць паляжаць у труне, каб «адчуць сябе жывым». Цана пачынаецца ад 500 рублёў і залежыць ад абранай труны, піша «Мінская праўда».

Калаж: «Анлайнер»

У Гомелі нядаўна абвясцілі пра сеансы «трунатэрапіі» — новай паслугі ад аднаго з рытуальных агенцтваў. Гэтая ідэя не такая ўжо і новая: сэнс яе ў тым, што жывы чалавек імгненна праходзіць імітацыю пахавання з мэтай псіхатэрапіі або самапазнання. Кліента ўкладаюць у труну на некаторы час, каб дапамагчы яму пераасэнсаваць жыццё, зразумець яго каштоўнасць і атрымаць новыя эмоцыі.

Падчас сеансу чалавек ляжыць у труне, накрытай вечкам, і слухае расслабляльную музыку. Максімальная працягласць сеансу — 30 хвілін. Каб атрымаць доступ да паслугі, кліент павінен прайсці пэўныя тэсты і кансультацыю з псіхатэрапеўтам, якія пацвярджаюць яго гатоўнасць. Псіхатэрапеўт прысутнічае і падчас самой працэдуры, а пасля яму можна задаваць пытанні.

Кошт сеансу складае каля 500 беларускіх рублёў, але можа змяняцца ў залежнасці ад выбранай труны. Агенцтва адзначае, што гатова пашыраць спектр паслуг, калі гэта не будзе супярэчыць заканадаўству Беларусі.

Хоць пра паслугу толькі аб’явілі, тэлефоны ў агенцтве ўжо разрываюцца ад пытанняў. Але пакуль ахвотных заказаць працэдуру адразу не знайшлося. Спачатку агенцтва хоча ацаніць попыт: калі ён з’явіцца, паслуга застанецца. Усе дакументы падрыхтаваныя, згода на ўдзел у тэрапіі атрыманая, а тэставанне з псіхатэрапеўтам ужо ўзгоднена. Калі попыт павялічыцца, у агенцтва будзе афіцыйна наняты псіхатэрапеўт.

У параўнанні з варыянтам, які ёсць у Расіі, гомельская «трунатэрапія» яшчэ адносна мяккая: там не проста кладуць у труну, але прапануюць нават кідаць на яе некалькі жменяў зямлі для атмасферы. Акрамя таго, можна заказаць сапраўдную цырымонію развітання з музыкай і ўдзелам блізкіх.

Чытайце таксама:

У мінскай СДЮШАР 29-гадовы трэнер ударыў вучня — а калі атрымаў вымову, то неўзабаве памёр

Расійская турыстка ў Тайландзе страціла памяць і загаварыла на старажытнарускай мове

У Беларусі будуць рэгуляваць тарыфы на пахаванне і рытуальныя паслугі

У расійскай сям'і, дзе маці памерла на магіле ўдзельніка вайны ва Украіне, працягнуўся ланцужок смерцяў

Каментары да артыкула