Крэмніевая даліна знаходзіць Бога: як тэхнагіганты звяртаюцца да рэлігіі і правых поглядаў
Спрабуючы стварыць усёмагутны штучны інтэлект, прадпрымальнікі з Крэмніевай даліны адначасова шукаюць і Бога.
Крэмніевая даліна — флагман эканомікі Каліфорніі. Фота: Tayfun Coskun / Anadolu via Getty Images
Крэмніевая даліна, якая заўсёды асацыявалася з контркультурай, левымі поглядамі і фестывалямі кшталту Burning Man, пачала масава звяртацца да хрысціянства. На новы нечаканы трэнд звяртаюць увагу журналісты The Telegraph.
У чэрвені гэтага года журналісты пабывалі ў Крэмніевай даліне на сустрэчы з былым кіраўніком Intel Пэтам Гелсінгерам. Сотні людзей прыйшлі не толькі дзеля абмеркавання тэхналогій. Галоўнай тэмай вечара стаў «святы зрух» (holy shift) у свеце тэхналогій.
Мерапрыемства было арганізавала Супольнасцю «Дзеі 17» (Acts 17 Collective) ці «Прызнаючы Хрыста ў тэхналогіях і грамадстве». На сваім сайце яны пішуць: «Мы — супольнасць мысляроў, стваральнікаў, мастакоў і лідараў. Мы тут, каб разам даследаваць глыбокія пытанні. І так, мы гаворым пра Ісуса».
Ад псіхадэлікаў да малітвы
Па словах аўтараў, раней духоўнасць у Даліне выглядала інакш: заснавальнікі кампаній шукалі прасвятлення на фестывалях у пустыні, ужывалі псіхадэлікі або практыкавалі медытацыю ў карпаратыўнай культуры. Традыцыйная рэлігія заставалася ўбаку. Але цяпер усё больш прадпрымальнікаў і інвестараў адкрыта гавораць пра сваю веру.
Супрацоўнік Google Мэт Райдэнаўр адзначае: «Бог дзейнічае ў Сан-Францыска». Па яго словах, доўгі час адкрыта гаварыць пра сваю веру, асабліва ў тэхналагічных колах, не было прынята. Цяпер, здаецца, гэта становіцца ўсё больш звыклым.
Такія суполкі, як «Дзеі 17», узначальваюць гэты рух. На іх мерапрыемствах тэхналагічныя лідары абмяркоўваюць сваю веру, а пасля нефармальна камунікуюць пад музыку — «рэміксы на рэлігійныя гімны».
Галоўныя твары руху
Сярод прыхільнікаў руху — Гэры Тан, уплывовы кіраўнік Y Combinator, самага вядомага ў свеце стартап-акселератара. Ён ладзіць сустрэчы ў сваім доме ў Сан-Францыска коштам 4 мільёны даляраў, які, па словах журналістаў, больш нагадвае капліцу, чым асабняк тэхна-багацея.
«LSD і грыбы не запоўняць пустэчу ў тваім сэрцы, прызначаную для Бога, — напісаў Тан у сацсетках. — Адгадайце, што можа?»
Але, мабыць, самым вядомым хрысціянінам Даліны з'яўляецца мільярдэр Пітэр Ціль, заснавальнік Palantir і адзін з галоўных донараў Рэспубліканскай партыі і Дональда Трампа.
Пітэр Ціль. Фота: AP Photo/Rebecca Blackwell
Ціль — перакананы каталік, які неўзабаве плануе прачытаць для «Дзей 17» цыкл лекцый пра «Антыхрыста». Ён лічыць, што канец свету будзе абвешчаны нейкай глабальнай, ультралевай таталітарнай дзяржавай, і нават параўноўваў Грэту Тунберг з фігурай Антыхрыста.
Зрух направа
Аўтары артыкула адзначаюць, што гэты рэлігійны рэнесанс супадае з прыкметным палітычным зрухам направа ў тэхналагічным свеце. Многія з «тэхна-хрысціян» з'яўляюцца прыхільнікамі Трампа або, прынамсі, скептычна ставяцца да ліберальных каштоўнасцяў, якія дамінуюць у Сан-Францыска.
Нават Гэры Тан, які раней падтрымліваў дэмакратаў, цяпер крытыкуе «экстрэмісцкіх левых сацыялістаў».
Адзін з сузаснавальнікаў «Дзеяў 17» Трэй Стывенс таксама мае непасрэдную сувязь з палітыкай. Ён з’яўляецца партнёрам венчурнага фонду Founders Fund, створанага Пітэрам Цілем, і сузаснавальнікам абароннай кампаніі Anduril. У 2016 годзе Стывенс уваходзіў у пераходную каманду Міністэрства абароны ЗША пры першай адміністрацыі Дональда Трампа.
Іншыя вядомыя асобы таксама далучаюцца да трэнду. Ніколь Шанахан, былая жонка сузаснавальніка Google Сяргея Брына, нядаўна вярнулася ў хрысціянства і заявіла, што фестываль Burning Man — гэта «інструмент Сатаны». Ілан Маск, які актыўна падтрымлівае Трампа, назваў сябе «культурным хрысціянінам».
Чаму гэта адбываецца?
Спасылаючыся на экспертаў, журналісты вылучаюць некалькі магчымых прычын. Па-першае, гэта можа быць «натуральная карэкцыя» пасля доўгага дамінавання «woke-ідэалогіі», дзе любая вера, акрамя хрысціянства, лічылася нармальнай.
Па-другое, імклівае развіццё штучнага інтэлекту прымусіла тэхнолагаў задумацца над вечнымі пытаннямі: «Што значыць быць чалавекам?». Пакуль тэхнагіганты абяцаюць стварыць звышрозум з амаль боскімі здольнасцямі, некаторыя ўжо пачалі надаваць чат-ботам рысы Бога, а іншыя — шукаць адказы ў традыцыйнай веры.
Царква Westgate ў горадзе Сан-Хасэ, штат Каліфорнія. Фота: westgatechurch.org
Пастар Джэй Кім з царквы Westgate, якая размешчана ў Крэмніевай даліне, кажа, што хаос часоў COVID і рост тэхналогій ШІ прымусілі многіх мясцовых жыхароў сутыкнуцца з экзістэнцыяльнымі пытаннямі.
Паводле яго слоў, за апошнія гады ён бачыць выразны рост цікавасці да хрысціянства: калі раней на Alpha course ( праграму, якая знаёміць з асновамі веры) у сярэднім прыходзіла каля 12 чалавек, то цяпер групы збіраюць ад 35 да 50 удзельнікаў, прычым многія з іх не мелі ранейшага рэлігійнага досведу.
Такім чынам, пасля многіх гадоў пагарды да веры самыя ўплывовыя і багатыя людзі Даліны пачалі адкрыта займацца духоўным пошукам.