Трамп: У мяне няма заявы для Пуціна, ён ведае маю пазіцыю
Падчас прыёму ў Белым доме прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага прэзідэнт ЗША Дональд Трамп зрабіў некалькі заяў па пытанні вайны ва Украіне і палітыкі ў дачыненні да Расіі.
Караль Наўроцкі і Дональд Трамп. Скрыншот з відэа
«У мяне няма заявы для Пуціна, ён ведае маю пазіцыю. Ён павінен прыняць рашэнне. Калі я буду незадаволены гэтым рашэннем, вы ўбачыце, што адбудзецца», — заявіў Трамп.
Ён паабяцаў правесці размову з Пуціным на працягу некалькіх дзён і пасля вызначыцца з наступнай палітыкай.
Польскі рэпарцёр спытаў у Трампа, чаму ён шмат разоў выказваў расчараванне Пуціным, але не рабіў ніякіх дзеянняў.
«Адкуль вы ведаеце, што ніякіх дзеянняў не было? Вы б сказалі, што ўвядзенне другасных санкцый супраць Індыі, найбуйнейшага пакупніка за межамі Кітая, — гэта ніякіх дзеянняў не было? Гэта каштуе Расіі сотні мільярдаў даляраў. І я яшчэ не завяршыў ні другую, ні трэцюю фазы.
Але калі вы кажаце, што ніякіх дзеянняў не было, я думаю, вам варта знайсці сабе новую працу. Таму што, калі вы памятаеце, два тыдні таму я гэта зрабіў. Я сказаў, што калі Індыя купіць, Індыя будзе мець вялікія праблемы. І гэта менавіта тое, што адбылося. Так што не расказвайце мне пра гэта», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Трамп адзначыў, што ягоныя адносіны з Пуціным, старшынёй КНР Сі Цзіньпінам і паўночнакарэйскім лідарам Кім Чэн Ынам вельмі добрыя, але заявіў, што праз пару тыдняў высветліцца, наколькі гэта так.
Пракаментаваў ён і кітайскі вайсковы парад у Пекіне, на якім прысутнічалі сярод іншых таксама Пуцін і Лукашэнка:
«Я думаю, што гэта было вельмі і вельмі ўражліва, але я разумеў, чаму яны гэта рабілі: яны спадзяваліся, што я за імі назіраю, і я за імі назіраў», — сказаў Дональд Трамп.
Чытайце таксама:
«Нават у думках не было». У Крамлі заявілі, што Пуцін, Сі і Кім не плялі змову супраць ЗША
Трамп даведаўся «цікавыя рэчы» пра Расію і Украіну, але пакуль пра іх не гаворыць
«Я вельмі расчараваны ў ім». Трамп незадаволены паводзінамі Пуціна
З асабістай сустрэчай Пуціна і Зяленскага носяцца як з пісанай торбай. Але што яна насамрэч зменіць?