БЕЛ Ł РУС

Ці небяспечная дыета з нізкім утрыманнем солі гэтак жа, як і лішак солі?

9.09.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Нас дзесяцігоддзямі пераконвалі, што соль — гэта «белая смерць». Але што, калі дыета з нізкім утрыманнем солі не менш небяспечная, чым яе празмернае спажыванне? Новыя даследаванні ставяць пад сумнеў звыклыя рэкамендацыі і прымушаюць па-новаму зірнуць на самую папулярную ў свеце прыправу.

Фота: vecteezy

Натрый, ключавы элемент солі, неабходны нашаму арганізму для падтрымання воднага балансу, транспарціроўкі кіслароду і пажыўных рэчываў, а таксама для перадачы нервовых імпульсаў. Аднак амаль усе народы свету спажываюць солі ўдвая больш за норму, што шкодзіць здароўю.

Як піша BBC, Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) рэкамендуе абмежаваць спажыванне натрыю да 2 г на дзень, што адпавядае прыкладна 5 г солі (адна чайная лыжка). Аднак сярэдняе спажыванне солі ў свеце, паводле ацэнак СААЗ, дасягае амаль 10,8 г на дзень.

Праблема ў тым, што толькі чвэрць штодзённай нормы солі мы дадаём у ежу самі. Астатняе — гэта «схаваная соль» у гатовых прадуктах: хлебе, соусах, супах, каўбасах і нават некаторых крупах.

Да таго ж, на этыкетках часта пазначаюць утрыманне натрыю, а не солі, што ўводзіць у зман. Каб перавесці натрый у соль, трэба памножыць лічбу на 2,5 (1 г натрыю = 2,5 г солі).

Рызыкі празмернага спажывання солі

Доказы шкоды высокага спажывання солі пераканаўчыя. Лішак солі прыводзіць да затрымкі вады ў арганізме, што павышае крывяны ціск. Працяглае ўздзеянне стварае нагрузку на артэрыі і выклікае гіпертанію.

Паводле даных СААЗ, гіпертанія з'яўляецца прычынай 62% усіх інсультаў і 49% выпадкаў ішэмічнай хваробы сэрца. Штогод празмернае спажыванне натрыю выклікае каля 1,89 мільёна смерцяў ва ўсім свеце.

Метааналіз 13 даследаванняў, апублікаваных за 35 гадоў, паказаў, што дадатковыя 5 г солі на дзень павялічваюць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў на 17%, а інсульту — на 23%.

Паспяховыя нацыянальныя кампаніі па зніжэнні спажывання солі ў Японіі і Фінляндыі прывялі да рэзкага падзення смяротнасці ад інсультаў і хвароб сэрца (на 80% і 75—80% адпаведна).

Падчас васьмігадовага аналізу даных у Англіі даследчыкі выявілі, што зніжэнне штодзённага спажывання солі ўсяго на 1,4 г, імаверна, прывяло да зніжэння крывянога ціску. Гэта, у сваю чаргу, паспрыяла скарачэнню колькасці смяротных інсультаў на 42% і смяротнасці ад хвароб сэрца на 40%.

Больш свежае клінічнае даследаванне 2023 года паказала, што нават адзін тыдзень дыеты з нізкім утрыманнем натрыю зніжае ціск гэтак жа эфектыўна, як і папулярныя лекі ад гіпертаніі.

А што наконт недахопу солі?

Зразумела, што зніжэнне спажывання солі дае станоўчы эфект. Аднак усё часцей гучыць аргумент, што занадта нізкае спажыванне солі можа быць гэтак жа небяспечным, як і празмернае. Некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што існуе J-падобная або U-падобная крывая рызыкі, дзе небяспечныя як высокія, так і вельмі нізкія паказчыкі.

Адзін метааналіз выявіў сувязь паміж нізкім спажываннем солі (менш за 5,6 г у дзень) і павышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых здарэнняў і смерці. Эфект быў такім жа, як і пры празмерным спажыванні слоі (больш за 12,5 г).

Даследаванне 2020 года паказала, што строгія абмежаванні солі пагаршалі стан пацыентаў з сардэчнай недастатковасцю, асабліва сярод маладых людзей і з не белым колерам скуры.

Іншае буйное даследаванне з удзелам больш як 170 000 чалавек пад кіраўніцтвам эпідэміёлага Эндру Ментэ выявіла, што спажыванне менш за 7,5 г солі на дзень звязана з павышанай рызыкай сардэчна-сасудзістых захворванняў і смерці ў параўнанні з «умераным» спажываннем (да 12,5 г на дзень), якое істотна перавышае рэкамендацыі СААЗ.

Ментэ робіць выснову, што для кожнага неабходнага пажыўнага рэчыва існуе «залатая сярэдзіна»: пры высокіх узроўнях узнікае таксічнасць, а пры нізкіх — дэфіцыт.

Спрэчкі працягваюцца

Але не ўсе навукоўцы згодныя з гэтымі высновамі. Крытыкі, такія як прафесар Франчэска Капучыа з Універсітэта Уорвіка, сцвярджаюць, што даследаванні, якія паказваюць шкоду нізкасолевых дыет, маюць метадалагічныя недахопы: у іх часта ўдзельнічаюць ужо хворыя людзі, а для аналізу выкарыстоўваюцца не самыя дакладныя метады.

Дадатковым фактарам, які ўскладняе сітуацыю, з'яўляецца тое, што ўплыў спажывання солі на крывяны ціск і здароўе сэрца адрозніваецца ад чалавека да чалавека — у залежнасці ад такіх фактараў, як этнічная прыналежнасць, узрост, індэкс масы цела, стан здароўя і сямейная гісторыя гіпертаніі. Таму для адных небяспечна нават умеранае павышэнне, а для іншых — толькі крайнія ўзроўні.

Да таго ж, дасягнуць небяспечна нізкага ўзроўню спажывання солі (менш за 3 г) у сучасным свеце вельмі складана праз яе вялікай колькасці ў апрацаваных прадуктах.

Што ў выніку?

Нягледзячы на новыя даследаванні, большасць экспертаў сыходзяцца ў тым, што галоўная пагроза — гэта празмерная колькасць солі, а не яе недахоп. Скарачэнне «схаванай» солі ў гатовых прадуктах лічыцца найбольш эфектыўным шляхам паляпшэння здароўя на нацыянальным узроўні.

Некаторыя навукоўцы нагадваюць, што важна таксама звяртаць увагу на ўвесь рацыён: рацыён багаты на калій (гародніна, садавіна, арэхі, малочныя прадукты) змякчае негатыўны ўплыў натрыю.

Даследчыкі ў працы 2022 года прыйшлі да высновы, што для зніжэння рызыкі сардэчных захворванняў найлепшым з'яўляецца ўмеранае спажыванне натрыю (ад 3 да 6 г у дзень) у параўнанні з нізкім і высокім. Галоўная парада — пазбягаць крайнасцяў і ўважліва чытаць этыкеткі.

Чытайце таксама:

Куды падзелася буйная харчовая соль?

Ці можа соль быць прычынай дыябету другога тыпу?

Дадайце палову шклянкі солі падчас мыцця адзення. Эфект вас здзівіць

Каментары да артыкула