Святлана Ціханоўская ўдзельнічала ў міжнародным стратэгічным форуме ў Славеніі
1—2 верасня дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у міжнародным стратэгічным форуме ў славенскім Бледзе. У гэтым форуме таксама ўдзельнічалі кіраўнікі еўрапейскіх інстытуцый, прэзідэнты, прэм’еры, міністры і прадстаўнікі вайсковых структур з Еўропы і ЗША, паведамляе прэс-служба палітыка.
Святлана Ціханоўская з прэзідэнткай Славеніі Наташай Пірц-Мусар. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
У сваім выступе на форуме Ціханоўская ўзняла тэмы будучыні Беларусі пасля перамен, ролі краіны ў еўрапейскай супольнасці, сцэнарыяў развіцця падзей у рэгіёне. Таксама Ціханоўская расказала пра працу дэмакратычных сілаў, пераслед любога іншадумства у Беларусі і праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы за мяжой. Яна заклікала падтрымліваць журналістаў, праваабаронцаў і культурныя праекты, а таксама падкрэсліла небяспеку страты незалежнасці праз падпарадкаванасць рэжыму Лукашэнкі Маскве.
Акрамя выступу, Ціханоўская правяла шэраг сустрэч: з прэзідэнткай Славеніі Наташай Пірц-Мусар, міністаркай замежных спраў Славеніі Таняй Фаён, еўракамісаркай Хаджой Лахбіб, прадстаўнікамі Украіны і іншымі дыпламатамі. Асобна яна сустрэлася з дзяржаўным сакратаром МЗС Германіі Фларыянам Ханам. На гэтай сустрэчы абмяркоўвалі падтрымку незалежных СМІ, працу па зборы доказаў злачынстваў рэжыму, падрыхтоўку да візіту ў Берлін і праблемы беларусаў з дакументамі ў Германіі.
На закрытых сустрэчах гаварылі і пра магчымыя новыя захады дзеля вызвалення палітвязняў.
На завяршэнне візіту Ціханоўская наведала горад Крань, дзе адкрылася выстава фатографа Паўла Крычко, прысвечаная падзеям 2020 года. Таксама яна дала шэраг інтэрв’ю славенскім, харвацкім і міжнародным СМІ.
Чытайце таксама:
Еўрапейскім чыноўнікам рассылаюцца паведамленні ад фэйкавага Ціханоўскага
Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі ахвярам рэпрэсій расказаў пра сваю дзейнасць