БЕЛ Ł РУС

20-гадовай украінцы пагражае смяротнае пакаранне на Балі. Шукаюць яе і на радзіме

17.08.2025 / 6:0

Nashaniva.com

Кацярына Вакарава родам з Адэсы. Яна ў вышуку ва Украіне за ўдзел у арганізаванай злачыннай групе, якая распаўсюджвала наркотыкі. Нядаўна яе затрымалі ў аэрапорце Інданезіі. Дзяўчыне пагражае смяротнае пакаранне, і гэта цалкам рэальна — там ужо расстрэльвалі замежнікаў за наркотыкі.

Кацярына Вакарава. Фота інданэзійскай паліцыі

Кацярыне Вакаравай 20 гадоў. Яна родам з Адэсы. Яе бацька дробны прадпрымальнік у сферы перавозак. Пасля школы дзяўчына паступіла ва ўніверсітэт на медыйшчыцу, але праз год кінула навучанне. Некалькі гадоў таму ў Кацярыны быў статус ІП як у цырульніцы.

У 2025 годзе жыццё Вакаравай пакацілася пад адхон. У чэрвені яе абвесцілі ў вышук ва Украіне — як удзельніцу злачыннай арганізацыі, што распаўсюджвала наркотыкі.

Кацярына Вакарава ў 2024 годзе ва ўніверсітэце. Фота: nsju.dp.ua

А 3 жніўня дзяўчыну арыштавалі ў аэрапорце Гуcці Нгура Рай на інданезійскім востраве Балі. Дзяўчына паводзіла сябе падазрона, таму яе даслалі на дагляд. Падчас сканавання ў дзяўчыны знайшлі два кілаграмы 4-CMC — гэта аналаг сумнавядомага мефедрона. Такі аб'ём — гэта некалькі тысяч разавых доз, а агульны кошт партыі — дзясяткі тысяч даляраў.

Вакарава прызналася, што збіралася прадаваць наркотыкі турыстам. Цяпер яе правяраюць на сувязі са злачыннымі групамі і шукаюць падзельнікаў дзяўчыны. Кацярыну дапытвалі трое сутак, а пасля змясцілі пад варту.

У Інданезіі вельмі строгае антынаркатычнае заканадаўства. Нават за захоўванне можа пагражаць да 20 гадоў, а за распаўсюд ці вытворчасць — пажыццёвае ці смяротнае пакаранне. Замежнікаў часта караюць больш жорстка.

З 2015 года былі расстраляныя больш за 10 грамадзян іншых краін, але звычайна смяротнае пакаранне адкладаюць, а людзей трымаюць за кратамі. Напрыклад, 69-гадовая брытанка Ліндсі Сэндвард ужо больш за 12 гадоў за кратамі абскарджвае прысуд, але пакуль яна прайграла ва ўсіх інстанцыях.

У 2026 уступае ў сілу новы крымінальны кодэкс, які змягчыць антынаркатычнае заканадаўства. Але на цяперашні момант Кацярыне Вакаравай пагражае велізарны тэрмін, пажыццёвае або смерць.

Чытайце таксама:

14-гадовую мінчанку абвінавачваюць у збыце наркотыкаў — ёй пагражае да 20 гадоў пазбаўлення волі

Следчы камітэт спаліў 350 кілаграмаў гераіну

Прыгарад Стакгольма, дзе арудуюць бандыты-падлеткі з ліку мігрантаў, стаў адным з самых небяспечных месцаў Еўропы

Каментары да артыкула