У Польшчы пачалі раскопкі на месцы бункера СС, шукаючы Бурштынавы пакой. Там могуць быць і беларускія скарбы?
Пошукі легендарнага твора мастацтва, вывезенага нацыстамі падчас вайны, не спыняюцца ўжо больш за восем дзесяцігоддзяў. Яны працягваюць прыцягваць увагу гісторыкаў, даследчыкаў і аматараў старажытнасці. Пратаптаная імі сцежка можа нечакана прывесці да адказу на пытанне: што ж насамрэч сталася з культурнымі каштоўнасцямі, вывезенымі з Беларусі падчас акупацыі і лёс якіх застаецца загадкай?
Бурштынавы пакой у 1931 годзе. Фота: Брэнсан Дэ Ку / Wikimedia Commons
На поўначы Польшчы, у ціхай кашубскай вёсцы Дзямяны Касцерскага павета, дзе некалі знаходзіліся казармы СС, распачаліся археалагічныя работы, якія ўжо цяпер называюць «пошукамі стагоддзя». Справа ў тым, што мясцовыя ўлады дазволілі доследныя бурэнні ў месцы, дзе, паводле некаторых звестак, можа знаходзіцца адна з найвялікшых таямніц XX стагоддзя — зніклы Бурштынавы пакой.
1 жніўня прэс-сакратар Паморскага ваяводскага ахоўніка помнікаў Марцін Тыміньскі паведаміў, што яго ведамства дало афіцыйны дазвол на правядзенне бурэння і археалагічнага зандажу на тэрыторыі Дзямянаў. Мэта — выяўленне сховішча, імаверна, нямецкага бункера часоў Другой сусветнай вайны.
«На тэрыторыі пошукаў, як мяркуе заяўнік, можа быць схаваны нямецкі схоў. Паводле звестак, апублікаваных, у тым ліку, на аматарскіх ютуб-каналах, гаворка можа ісці нават пра Бурштыновы пакой, які знік у канцы вайны і па сёння распальвае фантазіі даследчыкаў», — паведаміў прэс-сакратар Паморскага ваяводскага ахоўніка помнікаў Марцін Тыміньскі.
Сакрэтная база СС у Дзямянах
Напрыканцы 1943 года, падчас акупацыі, немцы стварылі ў Дзямянах буйны палігон для войскаў СС — SS-Truppen Übungsplatz «Westpreussen». У самім мястэчку размяшчаліся і казармы, куды, між іншым, прыбылі добраахвотнікі з латышскіх часцей Waffen-SS.
Паводле археолагаў, пад зямлёй дагэтуль захоўваюцца незафіксаваныя на картах канструкцыі. Падчас папярэдніх пошукаў ужо быў знойдзены цагляны рэзервуар з атынкаванымі сценамі, засыпаны смеццем камуністычных часоў. І хоць ён не пацвярджае самога існавання бункера, гэта толькі распальвае зацікаўленасць.
Схоў Эрыха Коха
Ключавую ролю ў цяперашніх пошуках адыграў жыхар Памор’я Ян Дэлінгоўскі. Ён сцвярджае, што валодае звесткамі пра месца схову Эрыха Коха — гаўляйтара Усходняй Прусіі і аднаго з самых уплывовых нацысцкіх дзеячаў у рэгіёне.
Гаўляйтар і обер-прэзідэнт Усходняй Прусіі Эрых Кох, з чыёй асобай звязваюць меркаваны схоў у Дзямянах. Фота: Wikimedia Commons
Як распавядае Дэлінгоўскі, гэтыя звесткі яму перадаў былы вязень турмы ў Барчаве, дзе пасля вайны адбываў пакаранне і сам Кох. Паводле яго сведчанняў, частка каштоўнасцей з Кёнігсберга (сённяшняга Калінінграда) была вывезеная немцамі на Захад — па так званай «берлінцы», нямецкім аўтабане, аднак да Берліна скрыні так і не даехалі.
Па словах Дэлінгоўскага, каштоўнасці былі схаваны ў падземным сховішчы, што месціцца на тэрыторыі былога палігона СС — паміж населенымі пунктамі Чэрск і Члухаў, у заходнім кірунку да Одры. Гэтая тэрыторыя маланаселеная, з густымі ляснымі масівамі, што робіць яе ідэальнай для незаўважанага перамяшчэння і маскіроўкі.
«Нямецкі схрон, паводле звестак, змяшчае каштоўнасці, вывезеныя з Кёнігсберга. Бурштынавы пакой — гэта легендарны твор мастацтва, створаны на пачатку XVIII стагоддзя. Гэта была зала з надзвычай багатым аздабленнем: сцены былі пакрыты панэлямі з бурштыну, золата і люстраў. Пакой быў створаны ў Прусіі на заказ Фрыдрыха I, а ў 1716 годзе падораны цару Пятру I Вялікаму як сімвал сяброўства паміж Прусіяй і Расіяй», — тлумачыць Дэлінгоўскі.
Чаму Бурштынавы пакой шукаюць дагэтуль?
У кастрычніку 1941 года Бурштынавы пакой быў дэмантаваны нямецкімі спецыялістамі ў акупаваным Царскім Сяле (сённяшнім Пушкіне) і перавезены спачатку ў Рыгу, а затым — з дазволу Гітлера — у Кёнігсберг, дзе яго часткова сабралі ў адной з залаў замка.
Пасля бамбёжак 1944 года панэлі былі зноў разабраныя і складзеныя ў скрыні ў Ордэнскай зале замка. У студзені 1945 года спроба эвакуацыі не адбылася праз наступленне Чырвонай Арміі.
Бурштынавы пакой у 1917 годзе. Фота: Wikimedia Commons
Увечары 9 красавіка 1945 года, адразу пасля капітуляцыі кёнігсбергскага гарнізона, замак быў заняты савецкай часцю, а 11 красавіка ў разбураным замку нечакана пачаўся пажар.
Але рэчавыя доказы паказваюць на тое, што пакой не быў знішчаны агнём. Дакладнае месцазнаходжанне пакоя дагэтуль застаецца невядомым.
У тым ліку існуе імавернасць, што Бурштынавы пакой у студзені 1945 года быў усё ж часткова або цалкам эвакуяваны немцамі з Кёнігсберга. Паводле некаторых версій, каштоўнасці маглі быць схаваныя ў бункерах ці падвалах у ваколіцах горада, перавезены ў шахты ці замкі Цюрынгіі або Саксоніі ці нават вывезеныя ў ЗША пасля выяўлення амерыканцамі. Іншыя мяркуюць, што пакой загінуў падчас транспартавання на караблі, які быў патоплены ў моры.
Беларускія каштоўнасці
Падчас нямецкай акупацыі Беларусі ў 1941-1944 гадах беларускія музеі пацярпелі ад масавага рабавання і знішчэння. Частку калекцый удалося эвакуяваць на ўсход, але многія найкаштоўнейшыя экспанаты, у тым ліку Крыж Еўфрасінні Полацкай, зніклі.
Нямецкія ўлады і аператыўны штаб Розэнберга мэтанакіравана займаліся канфіскацыяй і вывазам культурных каштоўнасцей. Пад разбурэнне або разграбленне трапілі дзясяткі тысяч прадметаў з музеяў у Мінску, Гродне, Баранавічах, Пінску, Слоніме ды іншых гарадах.
Гарматы перад будынкам гістарычнага музея ў Мінску. Фота: wouk.livejournal.com
Асобныя зборы — напрыклад, з Мінскага гістарычнага музея, — былі вывезеныя пад выглядам «эвакуацыі» ў Інстэрбург (цяпер Чарняхоўск) і замак Гёхштат у Германіі. Частку гэтых калекцый пасля вайны вярнулі ў БССР, але шмат якія прадметы былі страчаныя або трапілі ў іншыя савецкія рэспублікі. Тэма лёсу гэтых каштоўнасцяў застаецца часткова недаследаванай і да сёння.
На сёння вядома, што найбольш каштоўныя прадметы з Дзяржаўнай карціннай галерэі БССР былі перавезеныя немцамі ў Кёнігсберг — 170 твораў расійскага і заходнееўрапейскага жывапісу, 30 беларускіх абразоў XVI—XVIII стагоддзяў, 50 скульптур. У Кёнігсберг, відаць, была вывезеная і калекцыя слуцкіх паясоў, што трапіла ў Мінск пасля 1939 года з нясвіжскага замка Радзівілаў.
Унутраны двор Кёнігсбергскага замка. Фота: Wikimedia Commons
У канцы жніўня 1941 года з Менскага краёвага гістарычнага музея, як вынікае з публікацый акупацыйнай газеты «Раніца», былі вывезеныя ў Кёнігсберг дагістарычныя «каменныя бабы» ды іншыя каштоўныя прадметы, у тым ліку 19 гармат, з іх — 16 з нясвіжскага збору Радзівілаў.
Насамрэч прынамсі гарматы былі вывезены ў берлінскі цэйхгаўз толькі ў чэрвені 1943 года, дзе яны пацярпелі падчас адной з апошніх бамбардзіровак Берліна, але ацалелі. Пасля вайны іх адправілі ў Пецярбург, праз які праходзілі ўсе трафеі ваеннага характару. І хоць радзівілаўскія гарматы мусілі вярнуцца ў Беларусь, савецкі ўрад аддаў частку з іх у Польшчу, дзе яны дагэтуль захоўваюцца ў Музеі Войска Польскага ў Варшаве, а частку пакінуў у Пецярбургу.
Ці могуць гістарычныя крыніцы гэтак жа, як яны памыляюцца наконт гармат, памыляцца і наконт канцавога пункта прызначэння іншых беларускіх каштоўнасцей, вывезеных немцамі? Мы не ведаем, але нестыковак і белых плямаў вельмі шмат.
Напрыклад, вывезеныя ў 1944 годзе ў Інстэрбург, што ва Усходняй Прусіі, рэшткі збораў мінскага музея, «з палітычных меркаванняў» было забаронена пераводзіць далей у Гёхштат, але ў выніку яны ўсё роўна апынуліся ў гэтым баварскім замку.
Аднак частка беларускіх каштоўнасцей дакладна трапіла ў Кёнігсберг. Калі вясной 1945 года савецкія войскі знайшлі ў гэты горад, то адтуль у Мінск перадалі частку вывезенай з мастацкай галерэі нясвіжскай калекцыі карцін.
Але што сталася з іншымі беларускімі скарбамі — загадка не меншая, чым знікненне Бурштынавага пакоя.
Кёнігсбергскі замак пасля штурму горада савецкай арміяй.
На думку гісторыка і даследчыка гісторыі беларускіх музеяў у час вайны Аляксандра Гужалоўскага, усе беларускія каштоўнасці, у тым ліку гарматы, відаць, загінулі ў Кёнігсбергскім замку ў жніўні 1944 года ў часе авіяналётаў.
З аднаго боку карціны, мармуровыя скульптуры і слуцкія паясы маглі загінуць без слядоў у агні пажараў, якія бушавалі ў Кёнігсбергу, але з іншага — археалагічныя раскопкі, якія праводзіліся ў Калінінградзе на тэрыторыі замка, дагэтуль не знайшлі ніякіх пераканаўчых сведчанняў наяўнасці сховішчаў каштоўнасцей у замку ў час яго разбурэння.
Казённая частка гарматы «Хімера», пашкоджаная ў час бамбардзіравання берлінскага цэйхгаўза. Фота з сацсетак Міколы Волкава.
Каштоўнасці, якія былі вывезеныя ў Кёнігсберг, маглі быць загадзя схаваныя немцамі ў бяспечным месцы, якое не знойдзена дагэтуль. Гэтаму ёсць ускосныя сведчанні.
У восені 1944 года, пасля разбурэння часткі Каралеўскага замка ў Кёнігсбергу ў час брытанскага авіяналёту, нямецкае ўпраўленне культурных устаноў звярнулася да графа Аляксандра Дона цу Шлобітэна, аднаго з найбуйнейшых магнатаў Усходняй Прусіі, з просьбай часова размясціць у яго замку ў Шлобітэне музейныя каштоўнасці, якія засталіся ў паўднёвым крыле замка, — сярод іх згадваецца і Бурштынавы пакой. Мемуары графа пацвярджаюць, што да яго сапраўды звярталіся з такой просьбай.
Але самае цікавае, што ў дакуменце адзначаецца, што большую частку мастацкіх каштоўнасцяў своечасова змясцілі ў бяспечнае месца.
Усё гэта дае надзею спадзявацца, што беларускія каштоўнасці, страчаныя ў час вайны, яшчэ могуць быць знойдзены на тэрыторыі іншых краін — чаму б і не ў схованцы ў Дзямянах?
{DONATE_PAYPAL}
Чытайце таксама:
Магчыма, менавіта тут была вязніца Кейстута. Археолаг прыадкрывае сакрэты Крэўскага замка
У Беларусі знайшлі касцяныя каралі ўзростам 5 тысяч гадоў
У Шатландыі школьнік знайшоў на пляжы абломкі карабля XVIII стагоддзя