БЕЛ Ł РУС

Аліеў параіў Украіне не згаджацца на акупацыю. Z-каналы заклікаюць рыхтавацца да вайны з Азербайджанам

20.07.2025 / 14:4

Nashaniva.com

«Азербайджан адкрыта і публічна заняў русафобскую пазіцыю. І чым раней мы пачнём рыхтавацца да гэтага канфлікту, тым лепш», — у шаленстве праваенны канал WarGonzo.

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў. Фота: Yevgeny Biyatov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў 19 ліпеня выступаў на медыяфоруме ў азербайджанскім горадзе Шуша. Там яму задаў пытанне ўкраінскі блогер Дзмітрый Гардон: што б ён мог параіць Украіне і ўкраінцам?

Аліеў заўважыў, што некалькі гадоў таму адказваў на такое пытанне і яго адказ застаецца такім жа.

«Ніколі не пагаджацца на акупацыю. Гэта галоўная парада».

Ён прывёў паралель з Нагорным Карабахам. 

«За гады перамоўнага працэсу, а я ўдзельнічаў у ім з канца 2003 года, за 17 гадоў, было вельмі шмат прапаноў, вельмі шмат сустрэч. Было вельмі шмат меседжаў, што трэба змірыцца з рэаліямі».

Аліеў таксама заявіў на форуме, што яны рыхтуюць дакументы для падачы ў міжнародныя суды наконт авіякатастрофы з азербайджанскім пасажырскім самалётам у снежні 2024 года. Самалёт тады ляцеў у Грозны, але разбіўся ў Казахстане. Улады Азербайджана лічаць, што яго падбіла расійская СПА.

Шэраг z-каналаў пасля заяў Аліева напісалі пра неабходнасць падрыхтоўкі да магчымай вайны з Азербайджанам, звяртае ўвагу «Агентство». Праваенны блогер Аляксей Жываў ацаніў выказванні прэзідэнта Азербайджана як «адкрыта варожыя» і напісаў, што «Каспій можа неўзабаве стаць яшчэ адным тэатрам ваенных дзеянняў».

Канал «Zаписки Vетерана» напісаў, што «Баку імкліва ператвараецца ў філіял НАТА і свядома ідзе па слядах Украіны». 

«Непазбежным» канфлікт з Баку назваў z-блогер Сямён Пегаў (канал WarGonzo). «Азербайджан адкрыта і публічна заняў русафобскую пазіцыю. І чым раней мы пачнём рыхтавацца да гэтага канфлікту, тым лепш», — напісаў Пегаў.

Па словах z-блогера Юрыя Падалякі, Аліеў «прыняў лінію на эскалацыю» і «толькі паказаная яму сіла можа прымусіць яго з яе звярнуць». «Дзяржава Азербайджан для Расіі на сёння не толькі не дружалюбная краіна, але і геапалітычны праціўнік», — напісаў Падаляка. Праваенны блогер заклікаў МЗС Расіі «адыходзіць у бок і даць для пачатку карты ў рукі нашаму МУС, а потым, калі спатрэбіцца, і Міністэрству абароны».

Крызіс у адносінах Расіі і Азербайджана зноў абвастрыўся пасля гібелі двух ураджэнцаў Азербайджана падчас рэйду сілавікоў у Екацярынбургу 27 чэрвеня. Яшчэ восем чалавек пазней былі арыштаваныя.

Чытайце таксама:

Затрыманых у Азербайджане супрацоўнікаў «Спутніка» адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе

У Азербайджане вырашылі закрываць рускамоўныя школы

У Азербайджане паказалі, як выглядаюць затрыманыя расіяне. Яны моцна збітыя ФОТЫ

Чаму зноў сапсаваліся адносіны паміж Расіяй і Азербайджанам. З'яўляюцца дэталі справы

Каментары да артыкула