Лукашэнка заявіў, што Латушка нібыта хацеў спаліць штаб аб'яднанай апазіцыі ў жніўні 2020 года
Выступаючы ўчора ў Мінску на ўрачыстым сходзе з нагоды афіцыйнага Дня Незалежнасці, Лукашэнка дазволіў сабе ў чарговы раз шэраг зняважлівых заяў у дачыненні да лідараў дэмакратычнага руху.
Павел Латушка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Лукашэнка, у прыватнасці заявіў, што ў жніўні 2020 года ён быццам асабіста спыніў правакацыю.
«Калі б не Лукашэнка-дыктатар, іх спалілі б у адным доме, калі справакаваць іх хацелі. І гэты «лахушкін» (так Лукашэнка назваў Паўла Латушку — НН) сядзіць сёння ў Польшчы і вяшчае. А гэта ён іх [шэраг апазіцыянераў] хацеў сабраць у адным доме тут, у цэнтры Мінска (будынак на Веры Харужай — НН), і спаліць. Дзякуй богу, што Ціханоўскай Святланы там была ахова так званая. З МУС хлопец «унюхаў», што нешта не так, і патэлефанаваў нашым сілавікам. Яны мне далажылі.
Я сказаў: «Публічна, дэманстратыўна вазьміце пад ахову гэты дом». І я з вуліц зняў «Альфу» і кінуў туды, каб яны ўбачылі, што мы ведаем і ахоўваем гэты дом. Правакацыя не ўдалася. Я ўпершыню кажу пра чалавека, які гэта задумваў. Для чаго? Для таго каб быць адным лідарам гэтай усёй смярдзючай апазіцыі. Яны да гэтага дастукаліся», — заявіў Лукашэнка.
Пазней Павел Латушка ў сваім тэлеграм-канале пракаментаваў заяву Лукашэнкі.
«Паталагічны хлус Лукашэнка перасягнуў самога сябе. У ноч на 10 жніўня 2020 года я быў генеральным дырэктарам Купалаўскага тэатра і на свае вочы бачыў зарыва ад вогненных выбухаў гранат над цэнтрам Мінска, калі па яго загадзе пачалі забіваць і здзекавацца з беларусаў. А адзіны будынак, які ахоўвала «Альфа» КДБ, была адна з яго ….-наццаці рэзідэнцый, у якой ён схаваўся і дрыжаў ад страху ад людской нязгоды і пратэсту. Страх не адпускае дыктатара дагэтуль. Хоць мне ўяўляецца, тут не каментар гэтаму маналогу дыктатара варта даваць, а дыягназ ставіць трэба», — заявіў намеснік Святланы Ціханоўскай і лідар НАУ.
Чытайце таксама:
Лукашэнка загаварыў пра прарасійскасць Ціханоўскага, баючыся назваць яго імя