Пластычнаму хірургу з Беларусі вынеслі ў Маскве абвінаваўчы прысуд і адпраўляюць у калонію
Пластычнага хірурга Кацярыну Ланскую, якая родам з Мінска, але цяпер жыве і працуе ў Маскве, расійскі суд прыгаварыў да 11 месяцаў калоніі-пасялення. Акрамя таго, ёй забаранілі займацца прафесійнай дзейнасцю на 2,5 года, паведамляе ў сваім тэлеграм-канале Ксенія Сабчак.
Кацярына Ланская. Скрын відэа: sobchak / YouTube
Ланская прызнаная вінаватай у нанясенні цяжкай шкоды здароўю па неасцярожнасці ў справе Іны Барады — жонкі прэзідэнта Федэрацыі яўрэйскіх абшчын Расіі.
Паводле абвінавачвання, пасля блефарапластыкі ў маскоўскай клініцы «Клазко» пацярпелая нібыта аслепла. Аднак абарона сцвярджала, што зрок у яе аднавіўся пасля рэабілітацыі, а маральная шкода была кампенсаваная.
Адвакат Ланской Крысціна Высоцкая заявіла, што рашэнне суда будзе абскарджана. Яна назвала прысуд парушэннем закона і прыкладам таго, што «правасуддзе ператварылася ў пусты гук».
Паводле яе слоў, у справе ўсё было зразумела з самага першага пасяджэння: сведкі казалі, што пацыентка была задаволеная вынікам аперацыі, а эксперты сцвярджалі, што пры судова-медыцынскай экспертызе былі дапушчаныя памылкі ў ацэнцы цяжкасці шкоды здароўю. Каля дзесяці дактароў розных спецыяльнасцяў пацвердзілі, што Ланская не зрабіла прафесійных памылак.
Высоцкая абуралася тым, што суд не хацеў слухаць прафесіяналаў і ігнараваў дакументы. Яна сцвярджае, што пацярпелая ніколі не губляла зрок, сама прысутнічала на судзе і глядзела на суддзю, калі давала паказанні. Але калі яе спыталі, які ў яе цяпер зрок, яна адказала: «Гэта не мае значэння». І гэта, паводле адвакаткі, задаволіла і суд, і пракурора.