«Калеснікаву перад сустрэчай з бацькам спрабавалі прывесці ў парадак — яна была на ўзмоцненым харчаванні»
У інтэрв’ю «Нашай Ніве» выкладчыца Наталля Дуліна распавяла пра палітзняволеных жанчын, з якімі сутыкалася ў гомельскай калоніі. Яна настойвае на тым, што іх варта тэрмінова ратаваць праз дрэнны стан здароўя.
Марыя Калеснікава падчас сустрэчы з бацькам. Лістапад 2024 г.
«Канечне, Машу Калеснікаву трэба ратаваць. Яна вельмі трывалая, я яе ніколі не бачыла без усмешкі. Яна да ўсіх там з зычлівасцю ставіцца, паводзіць сябе вельмі годна. Яна ў атрадзе ўжо была, працуе. Але ўвесь гэты досвед не можа не адбівацца на здароўі. Машу ж і ў санчастку цягалі, і спрабавалі прывесці ў парадак — перад сустрэчай з бацькам яна была на ўзмоцненым харчаванні, як Сяргей Ціханоўскі. Пасля таго, як еўрапейцы ці іншыя сілы запатрабавалі яе паказаць. Яе да гэтага падрыхтавалі», — распавяла Наталля Дуліна.
Марыя Калеснікава падчас сустрэчы з бацькам у бальніцы
Таксама Наталля апісала стан іншых жанчын-палітвязынак.
«Я ведаю, што ў Ірыны Мельхер вельмі дрэннае здароўе. Яшчэ Любоў Рэзановіч, якая таксама па справе Аўтуховіча ішла, хворая вельмі, і муж у яе Сяргей — дыябетык. З Марфай Рабковай мы былі ў адным атрадзе, яна трымаецца. У яе, вядома, вельмі складаная сітуацыя, таму што ёй забаранілі грашовыя пераводы. З Настай Лойкай тое ж самае. Дзяўчаты моцна схуднелі, але агулам усе трымаюцца.
З Кацяй Андрэевай я не перасякалася, камунікацыі ў нас не было — мы апынуліся ў розных атрадах, але бачыла яе там. Яна чалавек моцны, хаця кажуць, што яна крыху не тое каб замкнулася, але неяк, відаць, яе паводзіны змяніліся. Але агулам яна не зламалася».
Чытайце таксама:
Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе
«Вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не рухне пуцінскі рэжым» — Ціханоўскі