Ціханоўскі расказаў падрабязнасці пра сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе
«Нас было 12. Ён — 13-ты. Коля ў яго за спінай сядзіць». Сяргей Ціханоўскі адказаў на пытанне «Нашай Нівы» пра закрытую сустрэчу ў СІЗА КДБ у 2020 годзе.
«Значыць, маленькі пакой, 12 зняволеных сядзяць. І на чале — 13-ты, ну вы зразумелі, так? Ён. Ён — і 12, як вучні, ну вы разумееце, пра што я.
Злева — самыя блізкія, тыя, што ўжо здалі ўсіх, заўтра ўжо выходзяць. Вось ён, Васкрасенскі, і побач з ім — той з «Панды», хлопец, дырэктарам быў. Ну яны ўжо падпісалі паперы і ківаюць яму — Аляксандру Рыгоравічу», — кажа Ціханоўскі.
Тры камеры на сценах — з усіх бакоў здымаюць.
«І каб вы разумелі, Аляксандр Рыгоравіч жыве выключна паводле Макіявелі. Выключна. Увесь дыялог з Бабарыкам ён вядзе, кажучы: Ціханоўскі — гэта будучы прэзідэнт. Тры разы паўтарае. Маўляў, яна [Святлана] яму потым перадасць уладу. Каб Бабарыку настроіць», — згадвае Ціханоўскі.
Пяць гадзін доўжылася гутарка. «У асноўным ён нёс якуюсь лухту пра УНС, рэформы, Канстытуцыю. А нам гэта ўвогуле не было патрэбна. То бок ён сабраў усіх, каб паказаць, быццам з кімсьці размаўляе. Прыходзіць і кажа: якія ў вас прапановы па Канстытуцыі?» — распавядае Ціханоўскі.
Ён кажа, што адмовіўся паціскаць руку Лукашэнку.
«Ён заходзіць і пачынае ўсім рукі паціскаць. Тры камеры і так здымалі, яшчэ яго аператар. Раз… два… Бабарыку. То бок усіх нахрапам. Да мяне падыходзіць — а я яму руку не даю.
І ён: а чаму? Зараз вы зразумееце, што за чалавек! Ён: чаму не даеш руку? Я кажу: так каранавірус жа. А ён: дык я ўжо перахварэў.
Вы ўяўляеце? Чмо гэтае — думае толькі пра сябе. Я не даю — бо каранавірус. А ён — «дык я ж ужо перахварэў».
І напрыканцы я яму таксама руку не даў. І вось загналі потым на камеру, што Бабарыка, маўляў, паціскае яму руку. Уяўляеце, якая нізасць».
Ціханоўскі кажа, што спытаў Лукашэнку, навошта яму грошы падкінулі.
Той спачатку адмаўляў гэта: «Я ж не падкідваў».
Але трэці раз, бліжэй да канца сустрэчы, Лукашэнка адказаў:
«А як вы хацелі? Палітыка — гэта брудная справа. Вы павінны быць гатовыя да таго, што вам падкінуць грошы, схопяць, пасадзяць, як у турму. І Бабарыка кажа: «А мы думалі, што можна з чыстымі рукамі». А ён кажа: «Не!» А ў Беларусі ж палітыка — гэта толькі ён. Уяўляеце? І ён такое прызнанне робіць. Палітыка — гэта брудная справа. І пакуль ён там…
А там сапраўды такая палітыка. Вы ўяўляеце, што яны робяць? Ён гэта прызнаў».
Паводле Сяргея, Лукашэнка скардзіўся, што Ціханоўскі абзываўся на яго.
«Я кажу: вы на мяне сказалі — шалудзівы, майданутыя, «крысы» на нас. А я на вас толькі метафару сказаў.
І вы ўжо — усё, кашмар нейкі, пакрыўдзіўся. Пакрыўдзіўся! Уяўляеце? Вось. То бок вось такі чалавек. Чалавек — жах. Кашмар».
Ціханоўскі распавёў, што папрасіў, каб яго не паказвалі ў кадры з сустрэчы. І Лукашэнка паабяцаў.
«І ў гэты дзень мяне сапраўды не паказвалі. А потым, выглядае, праз нейкі час пачалі паказваць. Чалавек увогуле слова не трымае», — абурыўся Ціханоўскі.
Таксама, кажа Сяргей, была фальсіфікацыя яго слоў пра Колю. «Адзін выраз вырывае з маіх зносін з адвакатам у СІЗА КДБ пра Колю. Другі — з гэтай сустрэчы. Склейваюць так, нібыта я Колю пагражаю».
«Яны падслухоўваюць размову з адвакатам — гэта ж адвакацкая таямніца. Любому забойцу дазваляецца прызнавацца ў злачынстве свайму адвакату. І ніхто не мае права гэта слухаць і выкарыстоўваць супраць яго», — кажа Ціханоўскі.
Ён лічыць тую сустрэчу «проста піярам». «Вось нейкую лухту вешае на вушы. І сам у яе верыць. І іншым гэта распавядае», — кажа Ціханоўскі пра Лукашэнку.
Чытайце таксама:
Ціханоўскі распавёў, колькі важыць і як яго адкормлівалі
«Вызваленне Беларусі не можа пачацца, пакуль не рухне пуцінскі рэжым» — Ціханоўскі
«Личинки в навозной куче не знают, что они в дерьме». Ціханоўскі прачытаў свой турэмны верш
«Мы павінны змагацца супраць лукашызму». Першая прамова Сяргея Ціханоўскага на волі