БЕЛ Ł РУС

Кіраўніца расійскага Цэнтрабанка заявіла пра вычарпанне апошніх рэсурсаў росту расійскай эканомікі

19.06.2025 / 20:49

Nashaniva.com

Рэсурсы, якія дазвалялі расійскай эканоміцы два гады паказваць рост ва ўмовах вайны і санкцый, вычарпаныя, заявіла на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме (ПМЭФ) у чацвер кіраўніца Банка Расеі Эльвіра Набіуліна, піша The Moscow Times.

Эльвіра Набіуліна. Фота: Mikhail Metzel/TASS

«Мы раслі два гады даволі высокімі тэмпамі праз тое, што былі задзейнічаныя свабодныя рэсурсы», — сказала Набіуліна.

Па яе словах, гаворка ідзе пра працоўную сілу, вытворчыя магутнасці, запасы капіталу банкаўскай сістэмы, а таксама грошы Фонду нацыянальнага дабрабыту (ФНД), з дапамогай якога ўрад латаў дзіркі ў бюджэце і аплачваў трыльённыя мегапраекты.

«Нам трэба разумець, што многія з гэтых рэсурсаў сапраўды вычарпаныя», — сказала Набіуліна, якую цытуе ТАСС.

Узровень беспрацоўя, па даных Расстата, апусціўся да гістарычнага мінімуму ў 2,3%, а масавая эміграцыя і вярбоўка мужчын на вайну спарадзілі недахоп кадраў, які ўрад ацэньвае ў 2 мільёны чалавек.

Узровень загрузкі магутнасцяў на прадпрыемствах, згодна з Расстатам, перавышаў 80%, што стала рэкордам у сучаснай гісторыі. Ліквідныя актывы ФНД з пачатку вайны скараціліся ўтрая— да 2,8 трыльёна расійскіх рублёў. Запасы валюты ў фондзе знізіліся да 153,7 мільярдаў юаняў — мінімуму з моманту яго стварэння ў 2008 годзе, а залаты запас ФНД схуднеў да 139,5 тоны, хоць перад пачаткам вайны перавышаў 400 тон.

Расійская эканоміка знаходзіцца «на мяжы рэцэсіі», заявіў на сесіі ПМЭФ з Набіулінай кіраўнік Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі Максім Арэшкін.

Паводле звестак Расстата, у першым квартале тэмпы росту ВУП замарудзіліся ўтрая — 4,1% да 1,4%, а квартал да квартала эканоміка ўпершыню з 2022 года пачала сціскацца. Прыбыткі бізнэсу ў сакавіку абваліліся на траціну, а ў ключавым, нафтагазавым сектары — удвая. Прамысловасць апынулася на мяжы стагнацыі (1,2% росту за студзень—красавік), а цывільныя галіны пачалі скарачацца. Абарот розніцы запаволіўся ў 3 разы — 2, 4% на канец красавіка супраць 7, 2% на канец снежня.

Пасля трох гадоў ваеннай мабілізацыі эканоміка Расіі астуджаецца, канстатуе Аляксандр Каляндр, навуковы супрацоўнік Center for European Policy Analysis.

«Эканоміка выдыхаецца, а спад лёгка можа ператварыцца ў абвал, — папярэджвае ён. — Няслушныя рашэнні чыноўнікаў, далейшае падзенне цэнаў на нафту, неасцярожнасць з інфляцыяй — і Расія можа апынуцца ў вялікай бядзе».

Чытайце таксама:

Цана расійскай нафты падскочыла амаль на 15% за некалькі дзён пасля ўдараў Ізраіля па Іране

Расійскія чыгункі сутыкнуліся з найбуйнейшым падзеннем грузаперавозак у гісторыі кампаніі

Расійская эканоміка пачала 2025 год з моцным запаволеннем

ЕС западозрыў Кітай у абыходзе 80 працэнтаў санкцыйных абмежаванняў супраць Расіі

Каментары да артыкула