БЕЛ Ł РУС

У Бешанковічах мужчыну абвінавачваюць у дэманстрацыі нацысцкай сімволікі

19.06.2025 / 15:51

Nashaniva.com

Следчы камітэт Віцебскай вобласці завяршыў расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да 36-гадовага жыхара горада Бешанковічы. Яго абвінавачваюць у тым, што ён публічна дэманстраваў нацысцкую сімволіку ў інтэрнэце.

Скрыншот відэатрансляцыі

Па звестках следства, восенню 2024 года мужчына здымаў і выкладваў у тыкток відэа, на якіх паказваў татуіроўку са свастыкай на пальцы рукі. Гэты сімвал у Беларусі афіцыйна прызнаны нацысцкай сімволікай.

Раней мужчыну ўжо двойчы каралі адміністрацыйна за падобныя дзеянні. Аднак у красавіку 2025 года, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, ён зноў праводзіў жывыя трансляцыі, у якіх паказваў сваю татуіроўку з нацысцкай сімволікай.

Падчас следства былі дапытаныя сведкі і абвінавачаны, правераныя яго тэлефон і запісы трансляцый. Экспертыза паказала, што ён быў у стане ўсведамляць свае дзеянні і кантраляваць сябе. Выявілася таксама, што мужчына не працуе і ўжо неаднаразова быў асуджаны за крадзяжы, рабаванні, угоны і іншыя злачынствы.

У выніку яму выстаўлена абвінавачанне па артыкуле 341-1 Крымінальнага кодэкса — за паўторнае публічнае дэманстраванне нацысцкай сімволікі ў інтэрнэце. Па санкцыі пракурора ён заключаны пад варту. Справу перададуць у суд, мужчыну пагражае да чатырох гадоў пазбаўлення волі.

Чытайце таксама:

Маладых мазырскіх скінхэдаў з «Духа Русі» будуць судзіць за «прапаганду тэрарызму»

Пракуратура растлумачыла, чаму ў Беларусі забаранілі лагатып моднага брытанскага брэнда

З пачатку года больш за 300 чалавек асудзілі за «прапаганду нацызму»

Каментары да артыкула