БЕЛ Ł РУС

Валерый Цапкала расказаў, чым цяпер займаецца

2.05.2025 / 12:1

Nashaniva.com

Былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій і адзін з прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта знайшоў прымяненне сваім ведам і досведу. Цяпер ён дапамагае будаваць інвестыцыйную стратэгію ў Албаніі.

Валерый Цапкала. Скрыншот з відэа

Пра сваю дзейнасць у Албаніі Валерый Цапкала расказаў у новым відэа на сваім YouTube-канале.

Па словах былога кіраўніка ПВТ, сёння ён працуе дарадцам у Албанскай інвестыцыйнай карпарацыі.

Як тлумачыць Цапкала, гэта структура створаная зусім нядаўна для кіравання ўсімі дзяржаўнымі актывамі і «ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць як з прыцягненнем замежных інвестыцый, так і дзяржава ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць праз яе».

Гэтая структура створана па ўзоры інвестыцыйных фондаў, якія існуюць у Сінгапуры (Temasek), Аб’яднаных Арабскіх Эміратах і Казахстане (Самрук-Казына).

Цапкала расказаў, што ўваходзіць у склад кансультатыўнай рады карпарацыі, які налічвае пяць чалавек. Асноўная задача гэтай структуры — ацэнка інвестыцыйных праектаў, асабліва калі гаворка ідзе пра ўкладанне дзяржаўных сродкаў у замежныя кампаніі. Па яго словах, менавіта ад кансультатыўнай рады залежыць, ці атрымае праект адабрэнне і ці будзе падтрыманы на высокім узроўні.

У апошнія некалькі дзён, па словах былога палітыка, у радзе ішлі інтэнсіўныя абмеркаванні вакол аднаго інвестыцыйнага праекта. Карпарацыя прыняла рашэнне аб укладанні 10 мільёнаў долараў у стартап Thinking Machine Lab, заснаваны албанкай Мірай Мураці, якая займала пасаду тэхнічнага дырэктара, а ў лістападзе 2023 года падчас адстаўкі Сэма Альтмана знаходзілася на пасадзе часовага генеральнага дырэктара OpenAI.

Цапкала падкрэслівае, што для Албанскай інвестыцыйнай карпарацыі гэта першы выпадак інвеставання дзяржаўных грошай у праект на такой ранняй стадыі — без гатовага прадукта, з мінімальнай дакументацыяй і выключна на падставе рэпутацыі каманды.

Былы палітык прызнае, што праект вельмі рызыкоўны, аднак, па яго словах, для албанскага ўрада важныя не толькі прыбытак, але і нацыянальны гонар. Укладваючы грошы, урад дэманструе давер да сваіх спецыялістаў і фармуе міжнародны імідж краіны як крыніцы талентаў.

«Калі краіна здольная даць свету такога роду спецыялістаў, значыць краіна мае каласальны, вялізны патэнцыял у галіне праграмнага забеспячэння штучнага інтэлекту», —

даводзіць Цапкала і супрацьпастаўляе албанскі падыход беларускаму:

«У нас у Беларусі Лукашэнка праінвеставаў у калгасы, уклаў 50 мільярдаў долараў за 10 ці за 15 гадоў праз будаўніцтва аграгарадкоў і там не ведаю яшчэ чаго. Дзе гэтыя 50 мільярдаў? Спушчаныя фактычна цалкам ва ўнітаз».

Былы кіраўнік Парка высокіх тэхналогій лічыць, што калі б такія грошы, нават малымі сумамі — напрыклад, па 500 тысяч долараў — былі ўкладзены ў беларускія стартапы пры «нармальнай працэдуры ацэнкі», Беларусь за гэты час магла б ператварыцца ў Сінгапур.

Цяпер жа, як даводзіць Цапкала, Лукашэнка збіраецца «прафукаць» дзяржаўныя грошы, уклаўшы іх у развіццё машынабудавання, якое ён называе анахранізмам.

«Што Лукашэнка заявіў пару дзён таму? Мы ўсе цудоўна памятаем, ён сказаў, што ў нас ёсць традыцыі савецкага машынабудавання, значыць, мы будзем зараз развіваць станкабудаванне. Станкабудаванне было ў нас у Савецкім Саюзе адным з самых перадавых. Будзе развіваць, будзе зараз грошы даваць бюджэтныя, якія насамрэч проста апынуцца выкінутымі і змытымі ва ўнітаз».

Валерый Цапкала бачыць галоўную розніцу ў тым, што Албанія робіць стаўку на будучыню, хай і рызыкоўна, але свядома. Беларусь жа, на яго думку, не мае інстытуцыйнай экасістэмы, якая дазваляе развівацца талентам:

«За 30 гадоў, глядзіце, насамрэч Эміраты выраслі, а мазгі ў нас ёсць, таленавітыя людзі ў нас ёсць, інжынеры ёсць, уласна кажучы, як і ў любой іншай краіне. І калі вось гэтая вось пісьменная, правільная экасістэма выбудавана, гэта ўсё пачынае расці, пачынае квітнець, пачынае развівацца, людзі багацеюць».

Чытайце таксама:

Сям'я Цапкалаў легалізавалася ў Албаніі

Цапкала разаслаў па усім Еўрасаюзе скаргі на Ціханоўскую і іншых стваральнікаў пашпарта Новай Беларусі

Цапкала расказаў, што на грэчаскай мяжы яго абвінавацілі ў крадзяжы аўтамабіля

Каментары да артыкула