Самая модная беларуская апазіцыянерка Марына Гірын пайшла ў крыжовы паход супраць Еўрарадыё
Экс-супрацоўніца Міністэрства па падатках і зборах, а цяпер сустаршыня ABBA (Асацыяцыі беларускага бізнэсу за мяжой) абураная, што журналісты Еўрарадыё паразмаўлялі з ёй і апублікавалі яе пазіцыю.
Стартавую прэтэнзію да Еўрарадыё Марына Гірын суправадзіла новым модным лукам. Фота facebook.com/marina.girin
Крыжовы паход сустаршыні ABBA, грамадзянкі Беларусі і Польшчы Марыны Гірын супраць «Еўрарадыё» насамрэч выглядае крынжовым. Былая беларуская чыноўніца абураная, што журналісты працытавалі яе словы, але… не пераправерылі факты ў іх. «Я лічу грубым парушэннем маіх правоў той факт, што мае словы былі выкарыстаныя без маёй згоды і без праверкі фактаў», — напісала яна ў фэйсбуку.
Чытайце таксама:
Здаецца, вызначылася самая модная пара беларускай апазіцыі. Як вам іх пачуцце стылю?
Гірын, Буры і нават Кныровіч адрэагавалі на артыкул пра самую модную пару беларускай апазіцыі
Што ж адбылося?
Бізнэсмен Аляксандр Кныровіч напісаў у сацсетках, што кампанія Lodka Production падала заяву ў пракуратуру Польшчы на ABBA. Еўрарадыё вырашыла скарыстацца гэтай інфармацыйнай нагодай. Журналіст напісаў Марыне Гірын, атрымаў яе каментар і апублікаваў матэрыял. Стандартная сітуацыя, рэдакцыі штодзень выстаўляюць з дзясятак такіх навінаў.
Аднак у сітуацыі з Гірын усё аказалася няпроста. Яе абурае шмат што.
І сам факт таго, што Еўрарадыё працытавала Кныровіча — а ён жа «сістэмны крытык ABBA», наракае Гірын.
І тое, што канфлікт апісваецца не з пазіцыі ABBA.
І тое, што ў навіне ёсць сказ ад прадстаўніка Lodka Productions Антося Сівых — ён названы «стваральнікам кампаніі», але, маўляў, юрыдычна не з’яўляецца ні заснавальнікам, ні кіраўніком.
Аднак асноўнае — Гірын спрабуе зрабіць выгляд, што калі ёй напісаў журналіст, прадставіўся Еўрарадыё і папрасіў каментар, то яна і падумаць не магла, што ён апублікуе яе словы.
«Я ўспрымала пытанне як прыватную цікавасць чалавека», — пераконвае Гірын і працягвае: «Аўтар артыкула проста злоўжыў маім даверам і скарыстаўся тым, што размова была спантанная, і я ў той момант была занятая іншымі справамі».
Еўрарадыё адмаўляе прэтэнзіі. «Просьба пра каментар з боку журналіста, які назваў сябе і сваё медыя, безумоўна, не з’яўляецца прыватнай цікавасцю», — гаворыцца ў рэдакцыйным звароце.
У выніку Марына Гірын звярнулася ў Беларускую асацыяцыю журналістаў, Еўрапейскую федэрацыю журналістаў і Міжнародны інстытут прэсы з просьбай пачытаць навіну Еўрарадыё пра фінансавы канфлікт ABBA і яе падрадчыка Lodka Production, ацаніць яе, а таксама, сярод іншага, прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Якім чынам журналісцкія асацыяцыі могуць прыцягваць кагосьці да адказнасці — не паведамляецца.
Чытайце таксама:
Яўген Буры з ABBA расказаў, колькі яго бізнэс-асацыяцыя атрымала ад Еўрасаюза і на што патраціла