БЕЛ Ł РУС

Прарасійскі румынскі палітык Джарджэску прывітаў сваіх прыхільнікаў скандальным жэстам ВІДЭА

27.02.2025 / 17:54

Nashaniva.com

Кэлін Джарджэску, пераможца першага туру на выбарах прэзідэнта Румыніі 24 лістапада 2024 года, вынікі якога былі адмененыя, выйшаўшы ўчора са шматгадзіннага допыту ў пракуратуры, прывітаў сваіх прыхільнікаў жэстам, падобным да нацысцкага прывітання.

Скрыншот з відэа

На відэа, якое публікуюць у сацсетках, відаць, што Джарджэску спачатку паднёс руку да грудзей, а затым рэзка падняў яе і выпрастаў.

Mere seconds after leaving the prosecutor's office, much like the Elon Musk that is so supportive of him, Calin Georgescu just could not help himself but throw in a nazi salute. pic.twitter.com/K2PVntE2l2

— Daractenus (@Daractenus) February 27, 2025

Сярод абвінавачванняў, якія выстаўляюцца 62-гадоваму Кэліну Джорджэску, фігуруе і «ініцыяванне або стварэнне арганізацыі фашысцкага, расісцкага або ксенафобскага характару».

Кэлін Джарджэску перамог у першым туры прэзідэнцкіх выбараў, набраўшы 22.94% галасоў. Пасля таго ён павінен быў пазмагацца за прэзідэнцкі пост у другім туры. Аднак Канстытуцыйны суд скасаваў вынікі першага тура з-за замежнага ўмяшання ў выбарчы працэс. Паводле даных спецслужбаў, за Джарджэску ў тік-току агітавалі дзясяткі тысяч ботаў, якіх звязваюць з Крамлём.

26 лютага палітыка затрымалі. Спачатку ягоную машыну спыніла паліцыя, пасля чаго Джарджэску даставілі на допыт у Генпракуратуру. Ператрусы правялі і ў ягоных паплечнікаў.

Пасля допыту Кэліна Джарджэску выпусцілі на волю. Цяпер ён будзе знаходзіцца 60 дзён пад судовым кантролем і не мае права выязджаць з краіны. Яго падазраюць адразу ў некалькіх злачынствах, самае сур'ёзнае абвінавачванне — падбухторванне да дзеянняў супраць канстытуцыйнага ладу. Па сукупнасці за ўсё яму можа пагражаць да 25 гадоў турмы.

Чытайце таксама:

Былога кандыдата ў прэзідэнты Румыніі вызвалілі, але забаранілі выязджаць з краіны

У ахоўніка Джарджэску знайшлі 1,5 мільёна даляраў наяўнымі пад паркетам. Яшчэ 7,2 мільёны ён з братам атрымаў з Афрыкі

У Румыніі затрымалі прарасійскага кандыдата ў прэзідэнты Кэліна Джарджэску 

У Румыніі пратэстуюць супраць скасавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў

Каментары да артыкула