БЕЛ Ł РУС

Красулін: Людзі ў беларускіх турмах не так рызыкуюць, як украінцы, у якіх ляцяць ракеты

3.11.2026 / 13:25

Вінцэсь Клепачэня

«Усё ж у турмах не 100%-ая смяротнасць».

Яўген Красулін. Скрын відэа: belsat_life / YouTube

Палітычны аналітык, кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін у эфіры «Белсата» раскрытыкаваў адкрыты ліст былых палітвязняў да еўрапейскіх палітыкаў. Паводле яго, дакумент пабудаваны на эмацыйным звароце да аўдыторыі.

«Там вельмі шмат маніпуляцый у гэтым лісце. У тым ліку выстаўленне, што жыццё — найвышэйшая каштоўнасць, а значыць, людзей трэба выцягваць з турмаў. Але ўсё ж такі ў турмах не 100%-ая смяротнасць», — сказаў ён.

«Людзі, якія там знаходзяцца, не так рызыкуюць, як тыя ж украінцы цяпер, у якіх ляцяць ракеты, дроны, снарады, якія ў тым ліку дапамагае рабіць лукашэнкаўскі рэжым Беларусі», — дадаў аналітык.

Мэту ліста Красулін бачыць у тым, каб пачаць перамовы з рэжымам.

«Прычым там жа адціскаюцца дэмакратычныя сілы. Яны перастаюць быць суб'ектам. Беларусы перастаюць быць суб'ектам. Суб'екты — гэта рэжым Лукашэнкі і еўрапейскія палітыкі», — лічыць ён.

Называць такі падыход новым, на думку Красуліна, няма падстаў. «Насамрэч гэта вельмі старая стратэгія», — запэўнівае гісторык і нагадвае дзве лібералізацыі — напярэдадні выбараў 2010 года, а таксама вызваленне палітвязняў і зняцце санкцый у сярэдзіне 2010-х.

«Кожны віток стратэгіі прыводзіць да новага вітку рэпрэсій на больш высокім узроўні. Бо рэжыму не трэба ні лібералізацыя, ні вызваленне людзей. Рэпрэсіі — гэта страх, гэта слуп, на якім стаіць аўтарытарызм», — даводзіць Красулін.

Чытайце таксама:

Бабарыка, Золатава і яшчэ некалькі дзясяткаў былых палітвязняў заклікалі еўрапейскіх лідараў актыўней дамаўляцца наконт вызваленняў

Пальчыс пра ліст Калеснікавай і Золатавай: «За ўсё добрае, супраць усяго дрэннага», але ў рэальнасці гэта пакіне 9 мільёнаў у лакальным КНДР

Ціханоўская пракаментавала зварот часткі палітвязняў да кіраўніцтва краін ЕС

Каментары да артыкула